Некаторым фігурантам па справе «Трайпла» змянілі меру стрымання на хатні арышт, паведамляе «Народная воля». У прэс-службе КДБ гэтую інфармацыю не пацвердзілі, парэкамендаваўшы звярнуцца па адказ праз некалькі дзён.
У той жа час кіраўнік групы кампаній «Трайпл» Юрый Чыж і яго намеснік па эканамічных і фінансавых пытаннях Эдмунд Тышкевіч па-ранейшаму знаходзяцца ў СІЗА КДБ.
«Народная воля» паведамляе, што Чыж знаходзіцца ў самай звычайнай камеры. Разам з ім на суседніх нарах экс-супрацоўнік КДБ Дзмітрый Вераценскі — адзін з асноўных удзельнікаў гучнай справы пра банду Канстанціна Вілюгі, якая займалася распаўсюджваннем спайсаў.
Адвакат і члены сям'і падрабязнасці арышту і крымінальнай справы не абмяркоўваюць. Блізкія рэгулярна прыносяць перадачы Чыжу.