Народны дэпутат Украіны Надзея Саўчанка заявіла, што калі ўкраінцы хочуць, то яна гатовая стаць прэзідэнтам.
president.gov.ua
Пра гэта яна сказала ў пятніцу на прэс-канферэнцыі, адказваючы на пытанні.
«Украінцы, калі вам трэба, каб я была прэзідэнтам, то я буду прэзідэнтам», — заявіла Саўчанка.
Яна адзначыла, што хоча лётаць, аднак гатовая стаць прэзідэнтам. «Я, шчыра кажучы, не скажу, што я хачу. Я люблю лётаць. Але калі трэба, то я зраблю ўсё, я прайду і гэты шлях», — сказала Надзея Саўчанка.
Пры гэтым яна падкрэсліла, што гэта не пытанне заўтрашняга дня.
«Я заўтра на Банковую [рэзідэнцыя прэзідэнта Украіны] яшчэ не збіраюся. І калі стану прэзідэнтам, але Майдан скажа, што я там не патрэбна, я не буду чапляцца за прэзідэнцкі фатэль», — сказала яна. Зараз, як дэпутат Вярхоўнай Рады, яна мае намер займацца вызваленнем іншых украінскіх вайскоўцаў, якія трапілі ў палон, а таксама пытаннямі арміі.
«Буду займацца ў камітэтах па кантролі за арміяй. Я ведаю, як там на перадавой, і я ведаю ўсю карупцыю ў войску. Я буду змагацца з гэтым», — адзначыла яна.
«Я хачу міру, і кампрамісы магчымыя… Але не цаной здрады — гэта наша зямля. Але калі там гатовыя ісці на перамовы, мы таксама гатовы», — сказала яна.
Пры гэтым падзеі на ўсходзе Украіны Саўчанка назвала расійска-ўкраінскай вайной.
«Гэта не грамадзянская вайна, гэта расійска-ўкраінская вайна. Нейкая частка іх народа прыехала ваяваць на нашу зямлю.
Вораг — Расія», — падкрэсліла яна.
Таксама яна сказала, што «хацела б пабачыць свет і зрабіць турнэ па краінах, якія аказалі б дапамогу Украіне ў барацьбе з агрэсарам».
Як вярнуць Крым
На пытанне, як Украіна можа вярнуць анексаваны Расіяй Крым, Саўчанка адказала, што, на яе думку, для гэтага ёсць два варыянты: вайна або міжнароднае права.
«Трэба было тады ісці і абараняць. Мы гэта выпусцілі … Як зараз вяртаць? Калі будзе Трэцяя сусветная, Крым вернецца. Без вайны — міжнародным правам трэба дастукацца да людзей. Можа быць, гэта адбудзецца праз пакаленні», — сказала яна.