Сучкоў абвінавачваецца ў замаху на атрыманне хабару (ч. 1 арт. 14, ч. 3 арт. 430 КК) і злоўжыванні ўладай або службовымі паўнамоцтвамі (ч. 3 арт. 424 КК). Пракурор просіць асудзіць Міхаіла Сучкова да 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Абвінавачанай па справе таксама з'яўляецца былы дырэктар Слонімскай камвольна-прадзільнай фабрыкі Валянціна Вянскоўская. Яна, па версіі следства, лабіравала на конкурсе інтарэсы прыватнай кампаніі, ад якой разлічвала атрымаць хабар. Акрамя гэтага, у абвінавачванні адзначана, што Вянскоўская прысвоіла сабе грошы, якія фабрыка выдзеліла на камандзіровачныя выдаткі, плюс дапусціла аварыю на кацельні. Пракурор лічыць, што справядлівым пакараннем для яе будзе 7 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Трэці абвінавачаны па справе — намеснік дырэктара Віталь Разоўскі, памочнік дырэктара кампаніі «Флексамір», які быў пасярэднікам у лабіяванні інтарэсаў фірмаў на тэндарах. У адрозненне ад Вянскоўскай і Сучкова ён цалкам прызнаў сваю віну — дача хабару, учыненая злачыннай групай па папярэдняй змове (ч. 2 арт. 17, ч. 1 арт. 431 КК). Яму пракурор просіць прызначыць пакаранне ў выглядзе 4 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

Выступаючы 27 мая ў судзе з апошнім словам, Міхаіл Сучкоў падкрэсліў, што ў матэрыялах справы ўтрымліваюцца фальсіфікаваныя пратаколы праслушкі размоў, а абвінавачванне пра тое, што ён планаваў атрымаць хабар памерам 1 млн. долараў, грунтуецца толькі на словах Разоўскага.

Валянціна Вянскоўская заявіла, што дзейнічала выключна ў інтарэсах прадпрыемства, якое мела патрэбу ў мадэрнізацыі. Намеры атрымаць хабар яна катэгарычна адмаўляе. Раней сведкі паведамлялі, што абсталяванне на Слонімскую фабрыку так і не было закупленае, у выніку чаго прадпрыемства нясе страты.

Разоўскі на апошнім пасяджэнні суда быў нешматслоўны — ён заявіў, што раскайваецца ў зробленым, і папрасіў суд пакінуць яго на волі.

Прысуд па справе будзе абвешчаны 17 чэрвеня ў 9.00.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?