27.05.2016 / 14:06

Саша Раманава выдае біяграфію Пятра Марцава: «Калі б у нас быў сэкс – кнігу б мы не напісалі» 18

Галоўная рэдактарка kyky.org Саша Раманава збірае грошы на выданне біяграфіі Пятра Марцава – вядомага беларускага журналіста і выдаўца, які раптоўна памёр у 2014 годзе ад вострага лейкозу. Можна меркаваць, што кніга будзе запатрабаваная – усяго за пару дзён сабрана амаль палова ад патрэбнай сумы.

Аўтар кнігі, Саша Раманава, распавяла «Нашай Ніве» як пачыналася праца над выданнем.

Саша Раманава. Фота - Аляксандр Ждановіч

«Гэтую кнігу мы пачалі пісаць з самім Пятром у 2009 годзе. Пісалі яе каля паўгода, але затым у кожнага з’явіліся свае справы і мы яе так і не скончылі. Я яму час ад часу нагадвала пра кнігу, але Марцаў адказваў так: «Вось будзе мне 70, прыйдзеш і дапішам, час яшчэ ёсць», — кажа Саша. — Дарэчы, Пётр не хацеў менавіта мемуары. Ён быў вельмі сціплы. Ягоная задумка была зрабіць на падставе яго біяграфіі фантастычны бестселер накшталт «Кода да Вінчы». Але каб зрабіць такі раман, у мяне, можа, не хапіла таленту, а ў Пятра – часу».

Калі Марцаў памёр, Раманава зразумела, што кнігу пра яго трэба выдаць.

«Але выдумваць пра яго фантастычныя гісторыі, я лічу, не маю права. Гэта раз. Па-другое, я адчуваю, што менавіта біяграфічная кніга атрымалася крутой. Гісторыя клёвая, яе павінны ведаць, пра яе павінны чытаць. Я думаю, Пятру спадабалася б тое, што мы зрабілі. І мая рэдактарская ўнутраная «чуйка» падказвае, што гэта можа быць бестселерам, — кажа яна. — Сям’я Пятра, можна сказаць, стала ініцыятарам выдання. Калі Марцаў памёр, я ў стане нейкага жаху выдала на kyky.org першы раздзел пра яго дзяцінства. Са мной звязалася сям’я Пятра. Я пазнаёмілася з яго братам Сяргеем, з цудоўнай мамай Нінай Пятроўнай, дачкой Лізай… І я паказала ім тэкст, яны дапамагалі, уносілі свае праўкі. Увогуле, яго мама сказала, што мой тэкст – найлепшае, што яна чытала пра Пятра».

Сабраць на выданне трэба 150 мільёнаў беларускіх рублёў. Але зарабіць на кнізе Раманава не плануе:

«На той суме, што я збіраю, грошай я не зараблю, там раўнюсенька на друк. Калі будуць дадатковыя наклады, гэта будзе прыемны бонус. Але ўсё адно праца пісьменніка сёння прыносіць менш, чым штодзённая работа. Каб жыць толькі літаратурай трэба, напэўна, Нобелеўскую прэмію атрымаць».

Адзін раздзел ужо быў апублікаваны на kyky.org. Само сабой, некаторыя моманты выклікаюць супярэчлівую рэакцыю і пытанні – а ці сапраўды ўсё было так, як піша Раманава?

«Я працавала над кнігай не адна, сустракалася з людзьмі, таксама мне дапамагаў Валянцін Акудовіч, які таксама размаўляў з людзьмі наконт некаторых фактаў. Але само сабой, усё мы праверыць не можам, гэта вялікая гісторыя, кагосьці ўжо няма ў жывых, таму ёсць пэўны «допуск», — тлумачыць Саша. — Да таго ж, я кажу, што гэта літаратурны герой эпохі Noname. Гэта ў пэўнай ступені спалучэнне літаратурнай выдумкі і праўды, але ж тым кніга і цікавая, гэта пераводзіць яе ў катэгорыю легендаў».

Дарэчы, для аўтаркі гэтая кніга не толькі даніна памяці ці гісторыя пра цікавага чалавека.

«У той момант, калі мы пачалі працаваць над кнігай разам з Пятром, мяне звольнілі з працы, у мяне ў сям’і была трагедыя, і Марцаў мяне фактычна выратаваў, заняўшы мае думкі гэтай працай, — кажа Раманава. — І мая праца над гэтай кнігай сёння – гэта не цяжар, не карма, не крыж, але, можа, у пэўнай ступені падзяка яму».

Прадугледзела Саша і чуткі аб тым, што яна была адной з каханак Марцава.

«Першае, пра што я падумала перад запускам краўнд-кампаніі, што папаўзуць чуткі, нібыта я была палюбоўніцай Пятра. Але я падрыхтавала адказ: калі людзі ў стасунках, яны не могуць нарадзіць ніякі сумесны прадукт, бо ўсе сілы сыходзяць на іншыя рэчы. Калі вы працуеце – вы не спіце разам, калі вы спіце – то не працуеце. Калі б у нас быў сэкс – кнігу мы б не напісалі», — запэўніла Раманава.

Кніга «Асцярожна, Марцаў!» выйдзе ў канцы лета-пачатку восені накладам у 1000 асобнікаў. Ахвяраць на выданне можна тут. А тут – прачытаць урывак з кнігі.

***

Пятро Марцаў (1962 — 2014) — беларускі журналіст і выдавец. Стваральнік, выдавец і галоўны рэдактар «Беларускай дзелавой газеты», першага беларускага таблоіда «Імя», прадзюсар і адзін з аўтараў сцэнара дакументальнага фільма пра Аляксандра Лукашэнку «Звычайны прэзідэнт» (1996).

Быў 5 разоў жанаты, меў дачку і двух сыноў.

У апошнія гады жыцця Пётр Марцаў займаўся рэкламным, будаўнічым і нафтавым бізнесам.

Памёр ад вострага лейкозу.

Улад Швядовіч

0
цётка з вёскі / Адказаць
27.05.2016 / 14:23
як сказаў на пахаванні Марцава яго сябар, Марцаў быў піжон, і кніга пра яго павінна быь піжонская. Класны быў чэл.
0
Satan / Адказаць
27.05.2016 / 14:43
>Калі вы працуеце – вы не спіце разам, калі вы спіце – то не працуеце. Калі б у нас быў сэкс – кнігу мы б не напісалі Маяковский бы с этим поспорил. P.S. Книгу я без базара куплю. Но интересно, за 15 млн. "невошедшая в нее глава" действительно интересная?
0
Саша Романова / Адказаць
27.05.2016 / 17:20
Satan. Да, глава хорошая. Вы даже сможете с ней жить, как я жила в течение семи лет ;)
Паказаць усе каментары/ 18 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру