У каго самая цяжкая доля сярод трох братоў? Старэйшы – «намеснік» бацькоў, на ім адказнасць за малодшых і ўрэшце тытулы, спадчына. Малодшы – ўлюбёнец, якому ўсё самае смачнае, больш пяшчоты і шмат чаго даруецца. Нават, калі не атрымае спадчыны, знойдзецца які-небудзь кот у ботах, што зробіць цуд. А вось як быць сярэдняму брату? Пра яго скрозь узгадваюць у казках, ад спадчыны дастаюцца нейкія крыхі з таго, што старэйшы не ўнясе. Доля сумная, але і не сказаць што горкая – жыць можна. Формула ўніверсальная, і тое самае адбываецца ў футболе.
Вось глядзіце, ёсць «Рэал Мадрыд», які ад самага пачатку атрымаў карону ад яго вялікасці караля Альфонса XIII ды так і жыве ў раскошы з непамерным бюджэтам. Тытулы, кубкі, прыгожы стадыён і любоў ва ўсіх кутках свету. Ёсць малодшы брат у мадрыдскай сям’і – гэта «Раё Вальекана», клуб бел-чырвона-белых колераў з пчалой на эмблеме і бойкай антыманархічнай скіраванасцю: так бы мовіць, супраць усяго кепскага (капіталістычнага) і за ўсё добрае. Маленькі, крыху дурнаваты, але любімы, паважаны за сваю прынцыповасць нават прыхільнікамі Рэала. І вось, нарэшце, сярэдні – «Атлетыка Мадрыд». Клуб, што ўзнік як філія «Атлетыка Більбао», увесь час вымушаны гараваць. Яго прыхільнікаў так і клічуць – пакутнікі. Ну вось уявіце. Стадыён «Вісэнтэ Кальдэрон» – храм для любога заўзятара – стаіць з недабудаваным сектарам, мала таго, пад арэнай праходзіць аўтамабільная дарога. Ніякай павагі. У той час, калі «Рэалу» даставалася ўсё, «Атлетыка» не меў сродкаў на простую экіпіроўку сваіх колераў, таму ад пачатковых бела-блакітных колераў перайшлі на чырвона-белыя. Ёсць дзве версіі гэтай змены, але абедзве паказваюць цяжкую долю «Атлетыка». Паводле першай з іх, прэзідэнт клуба набыў старую форму англійскага «Саўтгемптана», паводле другой – традыцыйная іспанская тканіна для матрацаў (чырвона-белая) была самай таннай, яе і выбралі.
Так і жылі: сціпла, але годна. Час ад часу ў «Атлетыка» атрымлівалася дасягаць перамог у чэмпіянаце і кубках, але ўсё адно клуб заставаўся лакальнай з’явай на фоне «Рэал Мадрыда» і «Барселоны». Нават у свае найлепшыя часы, калі за клуб заўзеў каўдыльё Франка, «Атлетыка» не здолеў дамагчыся поспеху на міжнароднай арэне. За больш чым стогадовую гісторыю ў клуба ўсяго дзве перамогі ў Лізе Еўропы, адзін Кубак кубкаў, адзін Міжкантынентальны кубак і дзве паразы ў фіналах галоўнага турніра Кубка (Лігі) Чэмпіёнаў. Менавіта гэтыя фіналы адлюстроўваюць пакутніцкую сутнасць клуба. Абодва разы мадрыдцы перамагалі з лікам 1:0, але на апошніх хвілінах іх супернікі («Баварыя» ў 1974 і «Рэал Мадрыд» у 2014) рабілі лікі роўным і даціскалі «Атлетыка». «Рэал» – у дадатковы час, а «Баварыя» – у перайгроўцы. Апошнія так расчуліліся, што проста падаравалі права гуляць «Атлетыка» ў матчы за Міжкантынентальны кубак. З барскага нямецкага пляча, ад старэйшага – сярэдняму, каб неяк суцешыць.
Пасля паражэння ў фінале 2014 года.
Пакутніцкая доля праяўляецца і ў стылі гульні: не валодаючы сувымернымі бюджэтамі з грандамі, «матрацнікі» вымушаны гуляць у больш пралічаны футбол, абапіраючыся не на зорак, а на каманду як механізм. Цяперашні трэнер «Атлетыка», Дыега Сімеонэ, удасканаліў сістэму да ўзроўню якасці швейцарскіх гадзіннікаў. Можна казаць, што гэта антыфутбол, але ў «Атлетыка» няма іншага выйсця. Прыгожа гуляе «Раё Вальекана», але вынікі не такія добрыя, як у «індзейцаў». Дарэчы, «індзейцы» – гэта яшчэ адна назва «Атлетыка». Толькі вось памылкова лічыць, што гэта пачалося з Дыега Сімеонэ. У 1970-я за клуб гулялі аргентынцы індзейскага паходжання Аяла, Эрэдый і Дыяс. Менавіта яны ўдзельнічалі ў тым фінале Кубка Чэмпіёнаў з «Баварыяй». Назва замацавалася, і новае з'яўленне «індзейца» ў выглядзе Сімеоне толькі пацвярджае яе слушнасць. «Індзейцамі» клічуць сябе і простыя фаны. Большасць з іх становяцца прыхільнікамі «Атлетыка» ад самога нараджэння, бо проста так заўзець за гэткую каманду складана: «Атлетыка» ўласцівы не самы прыгожы ў сэнсе відовішчнасці футбол. Іншая справа, калі бацька заўзее за «Атлетыка», то можна даваць 99% гарантыі, што сын будзе «індзейцам». Але як там ні называй прыхільнікаў «Атлетыка», яны былі і застаюцца самымі адданымі фанамі. Не як тыя мадрыдскія ці барселонскія «глоры», што з клубам выключна тады, калі той перамагае. «Індзейцы» будуць яшчэ больш падтрымліваць свой клуб у цяжкія моманты. Наведванне стадыёна, калі клуб звальваўся ў другую лігу, толькі павялічвалася. Гэтыя людзі ўсё вытрымаюць, будуць упарта чакаць свой час, каб стрэліць. Сярэднія браты яны такія – жыццё навучыла.
У фільме «Пралятаючы над гняздом зязюлі» ёсць такі момант. Індзеец Важак прамаўляе: «Пайшлі!», выбівае зарашочанае акно цяжкай мармуровай калонкай, выдранай з душавой, і выбіраецца на свабоду.
28 мая ў Мілане адбудзецца фінал Лігі Чэмпіёнаў. Дыега Сімеонэ і кампанія могуць парваць са сваім іміджам пакутнікаў і зажыць не ў ценю старэйшага брата, а сваёй ўласнай славай.