27.05.2016 / 14:44

Vuraj i Re1ikt запісалі рок-варыянт фолк-хіту «Вэлытай, пэрэпылко»

Аўтары найлепшага рок-альбому 2015 гурт Re1ikt і найлепшага фольк-альбому 2014 гурт Vuraj прэзэнтуюць на Tuzin.fm сумесны самотнік «Вэлытай».

Гэтая песьня набыла вядомасьць у выкананьні Сержука Доўгушава і стала неафіцыйным гімнам «Сьпеўнага Сходу». «Цяпер яна зрабілася яшчэ больш гітовай, і па-рэліктаўскі рокавай, – мяркуе Сяржук. – У песьні зьявілася мужчынскае шматгалосьсе, менавіта мне так і хацелася, каб перадаць дух і ідэю песьні. Гэта летняя, жніўная песьня, яна заўсёды сьпявалася на некалькі галасоў. Адное што яна зрабілася мужчынскай. І прыпеў загучаў сапраўды па-стадыённаму».

«Упершыню мы пачулі гэтую песьню ў выкананьні Сержука і Vuraj яшчэ некалькі год таму ў выглядзе дэма-запісу. Мы адразу закахаліся ў яе і, напэўна, адразу адчулі нейкі моцны, рокавы патэнцыял. Таму натуральна, што нам захацелася паспрабаваць зрабіць свой варыянт», – распавядае ўдзельнік гуртуRe1ikt Віталь Макшун. «Нам сапраўды захацелася дадаць новыя фарбы да беларускай музыкі і мы спалучылі нашыя рок-гітары, моцныя сьпевы і рытм-сэкцыю з пяшчотнай скрыпкай, магічнай дудкай і этна-напевамі», – дадае лідэр каманды Алесь Дземідзенка.

Сваім самотнікам Vuraj i Re1ikt анансуюць вялікі канцэрт, дзе будзе прадстаўлена сумесная праграма, сымбалічна названая па назьве сустрэчы дзьвюх рэк – «Сутокі». Канцэрт адбудзецца 29 траўня ў менскім клюбе «Брюгге». На ім песьні Vuraj упершыню можна пачуць разам з колавай лірай, якая ў многіх момантах нават заменіць гітару, а Re1ikt будзе зьдзіўляць слухачоў iгрой на электрамандоле.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру