Падрыхтоўка візіту папы Францішка ў Беларусь вядзецца, але гэта не азначае, што візіт адбудзецца ў бліжэйшы час, заявіў журналістам 27 мая ў Мінску міністр замежных спраў Уладзімір Макей.

cruxnow.com

Ён нагадаў пра тое, што падчас нядаўняга візіту ў Ватыкан Аляксандр Лукашэнка запрасіў папу Францішка наведаць Беларусь.

«Але падрыхтоўка і размова пра гэта не азначаюць, што візіт адбудзецца заўтра, ці паслязаўтра, або ў бліжэйшыя дні. Усе візіты дзяржаўнага ўзроўню патрабуюць дбайнай падрыхтоўкі», — дадаў Макей.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што адносіны Беларусі з Ватыканам знаходзяцца на высокім узроўні. «Мы сапраўды ўдзячныя за стрыманую і ўзважаную пазіцыю Ватыкана, у тым ліку ў пытанні скасавання абмежавальных мер з боку Еўрасаюза», — сказаў кіраўнік беларускага МЗС. Такі ўзровень узаемаадносін будзе захаваны і ў далейшым, заявіў Макей.

«Што тычыцца візіту папы ў Беларусь, то мы гатовыя яго прыняць і арганізаваць яго сустрэчу на беларускай зямлі. Гэты візіт і гэтая сустрэча дапамогуць стварыць яшчэ большую гармонію і яшчэ большы мір. З гэтай пазіцыі мы і будзем падыходзіць пры арганізацыі дадзенага візіту. Пакуль гаворка пра дакладную дату не ідзе, але падрыхтоўка вядзецца», — паўтарыў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.

Нагадаем, сустрэча Лукашэнкі з пантыфікам адбылася 21 мая ў Ватыкане. Пасля аўдыенцыі беларускі кіраўнік распавёў журналістам, што папа Францішак пагадзіўся з тым, што яму пара прыехаць у Беларусь. «Ён вельмі добра ведае становішча ў нашай краіне, добра ведае пра міжканфесійную згоду, якая пануе ў нас, пра сітуацыю ў сацыяльнай сферы, эканоміцы», — сказаў Лукашэнка.

Ён таксама выказаў думку, што папу пара сустрэцца на беларускай зямлі з патрыярхам Рускай праваслаўнай царквы. «Усё ў руках Госпада: калі ён дабраславіць, то нашы вышэйшыя іерархі каталіцкай і праваслаўнай цэркваў сустрэнуцца на беларускай зямлі. Думаю, што запросяць туды і прадстаўнікоў мусульманскага свету, і юдэяў, і іншых канфесій», — сказаў ён. Такая сустрэча ў Беларусі магла б садзейнічаць міратворчаму працэсу на Данбасе, дадаў Лукашэнка.

Варта адзначыць, што падчас Нацыянальнага эўхарыстычнага кангрэса, які прайшоў 24-26 мая ў Гродне, папскі легат кардынал Зянон Грахалеўскі заявіў журналістам: адной з умоў, неабходных для прыезду папы Францішка ў Беларусь, з'яўляецца дасведчанасць. Да прыезду пантыфіка ў Беларусь Ватыкан павінен даведацца пра ўсе праблемы касцёла ў краіне, растлумачыў кардынал. «Я ведаю, што ў Беларусі, як і ў кожнай краіне, часам здараюцца цяжкасці, але іх не трэба замоўчваць, а казаць як ёсць — праўду», — сказаў Грахалеўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?