27.05.2016 / 19:26

Макей: Вакол БелАЭС паднялася палітычная вакханалія 17

Апошнім часам вакол БелАЭС паднялася палітычная вакханалія, заявіў 27 мая журналістам міністр замежных спраў Уладзімір Макей.

«Адной рукой Літва галасуе за адмену санкцый, другой — супраць супрацоўніцтва з фінансавымі інстытутамі, якія садзейнічаюць будаўніцтву АЭС. Беларусі незразумелыя палітычныя інсінуацыі вакол будаўніцтва Беларускай атамнай станцыі, — сказаў міністр. — Гэта азначае фактычна новыя завуаляваныя санкцыі».

Паводле яго слоў, Беларусь як краіна, якая найбольш пацярпела ад чарнобыльскай катастрофы, «ніколі не будзе будаваць небяспечную станцыю». «Мы не хацелі б зноў мець «атамную бомбу запаволенага дзеяння», як вобразна выказаўся адзін з літоўскіх палітыкаў. Мы не такія, прабачце, ідыёты», — падкрэсліў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.

Макей звярнуў увагу, што адзін з папрокаў Літвы складаецца ў тым, што Беларусь будуе небяспечную АЭС новага тыпу. Паводле яго слоў, расійскі рэактар такога тыпу выкарыстоўваецца ў тым ліку ў шэрагу еўрапейскіх краін — Чэхіі, Славеніі, Венгрыі, Фінляндыі. Літва таксама выстаўляе прэтэнзію, што АЭС будуецца ўсяго толькі за 50 кіламетраў ад Вільнюса. Макей прывёў прыклады, калі ў шэрагу краін Еўропы такія станцыі будуюцца паблізу буйных гарадоў і межаў суседніх краін, але іх ніхто за гэта не папракае.

«Мы не папракаем Літву ў тым, што Ігналінская АЭС усяго за два кіламетры», — сказаў Макей. Ён адзначыў, што Беларусь неаднаразова накіроўвала запыты аб тым, як менавіта яна выводзілася з эксплуатацыі, а таксама аб тым, як вядзецца будаўніцтва атамнай станцыі ў Вісагінасе і сховішча адпрацаванага ядзернага паліва непадалёк ад беларуска-літоўскай мяжы. Аднак адказаў на гэтыя запыты так і не атрымала.

Паводле слоў кіраўніка МЗС, беларускі бок неаднаразова прапаноўваў Літве правесці неафіцыйныя кансультацыі па АЭС. Ён паведаміў, што ў трэцяй дэкадзе чэрвеня Беларусь і Літва правядуць у Вільнюсе афіцыйныя кансультацыі.

«Антыбеларуская істэрыя, якая нагнятаецца ў літоўскім грамадстве, не спрыяе развіццю добрасуседскіх, сяброўскіх адносін паміж нашымі краінамі. Мы брацкія народы і нам няма чаго дзяліць. Трэба адысці ад палітычных заклікаў і інсінуацый, садзіцца экспертам за стол перамоў і абмяркоўваць усе пытанні, якія турбуюць абодва бакі», — лічыць міністр.

Нагадаем, 5 мая Міністэрства замежных спраў Літвы ўручыла паслу Беларусі Аляксандру Каралю ноту з-за «магчымага інцыдэнту на размешчанай за 50 км ад Вільнюса Астравецкай атамнай электрастанцыі». Падставай стала інфармацыя, апублікаваная на сайце тэлеканала «Белсат», аб тым, што ў сярэдзіне красавіка здарылася абрушэнне стоек будынка ядзернага абслугоўвання электрастанцыі, які будуецца.

Наступным днём Міністэрства энергетыкі Беларусі паведаміла, што 8 красавіка быў зафіксаваны дэфект пры падрыхтоўчых работах, наступствы якога ліквідаваныя.

У той жа дзень у Мінэнерга прайшла сустрэча намесніка міністра Уладзіміра Закрэўскага з паслом Літвы ў Беларусі Эвалдасам Ігнатавічусам, падчас якой дыпламата запрасілі наведаць пляцоўку, дзе будуецца станцыя. Затым пасол быў прыняты ў МЗС Беларусі, дзе яму перадалі афіцыйную інфармацыю аб адсутнасці якіх-небудзь інцыдэнтаў на будпляцоўцы. 10 мая стала вядома, што дыпламат адмовіўся ад запрашэння наведаць будпляцоўку, спаслаўшыся на тое, што бяспеку станцыі «павінны ацэньваць эксперты».

Афіцыйны Вільнюс неаднаразова падкрэсліваў, што Літва не мае намеру купляць электраэнергію з Беларускай АЭС. З пункта гледжання літоўскага боку, будаўніцтва станцыі парушае патрабаванні Канвенцыі аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце (Канвенцыя Эспаа), якая прадугледжвае ацэнку ўздзеяння аб'ектаў на навакольнае асяроддзе не толькі ўнутры краіны, але і ў сумежных.

Сейм Літвы заклікаў прыняць меры для спынення будаўніцтва Беларускай атамнай станцыі. Адпаведную рэзалюцыю літоўскі парламент прыняў 12 мая «ў сувязі з магчымай небяспекай для Літвы Астравецкай атамнай электрастанцыі, якая будуецца за 50 км ад Вільнюса».

Беларуская АЭС ўзводзіцца ў Гродзенскай вобласці, прыкладна за 20 км ад Астраўца, паводле праекта расійскай кампаніі «Атамстройэкспарт». Генеральным праекціроўшчыкам і падрадчыкам выступае расійская кампанія ААТ «НІАЭП» — ЗАТ «АСЭ». Станцыя будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай магутнасцю да 2.400 МВт. Увод у эксплуатацыю першага блока запланаваны блізу 2018 года, другога — да ліпеня 2020-га.

0
ЮРАСЬ / Адказаць
27.05.2016 / 19:52
Зайздрасьць :)
0
макака / Адказаць
27.05.2016 / 20:01
«Мы не такія, прабачце, ідыёты» а атрымліваецца, што такія.. як АЭС можа быць небяспечнай, ды яшчэ будуе якую краіна (расея), дзякуючы якой здарылася самая буйная атамная катастрофа (чарнобыль)
0
Экспэрт / Адказаць
27.05.2016 / 20:39
Макей робіць выгляд, што беларусы і сьвет забыліся на Чарнобыль. Гэта, дарэчы, і ёсьць задача палітыкі - бараніць людзей ад самага горшага.
Паказаць усе каментары/ 17 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру