Форвард «Барселоны» Ліянэль Месі атрымаў траўму ў таварыскім матчы за зборную Аргентыны па футболе супраць каманды Гандураса. Аб гэтым паведамляецца на сайце Асацыяцыі футбола краіны.

Сустрэча адбылася ў ноч на суботу, 28 мая, у аргентынскім Сан-Хуане і завяршылася перамогай гаспадароў — 1:0. Адзіны мяч забіў Гансала Ігуаін.

Капітан аргентынцаў Ліянэль Месі выйшаў у стартавым складзе, а на 64-й хвіліне быў заменены пасля траўмы ў выніку сутыкнення з паўабаронцам суперніка. Пасля гульні 28-гадовы форвард прайшоў медабследаванне ў адной з прыватных клінік.

Медыкі паведамілі пра пашкоджанне левай часткі грудной клеткі (апошнія тры рэбры) і паравертэбральнай (размешчанай побач з пазваночнікам) паяснічнай вобласці.

Месі прайшоў камп'ютарную і магнітна-рэзанансную тамаграфію. Пра тое, калі ён здолее выйсці на поле, не паведамляецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0