Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў указ аб прызначэнні сваім пазаштатным дарадцам былога генеральнага сакратара НАТА Андэрса Фога Расмусена. Дакумент апублікаваны на афіцыйным сайце прэзідэнта Украіны.

Фота: Reuters

«Прызначыць Андэрса Фога Расмусена дарадцам прэзідэнта Украіны па-за штатам (па згодзе)», — гаворыцца ва ўказе.

Расмусен ўзначаліў НАТА 1 жніўня 2009 года, змяніўшы на гэтай пасадзе Яапа дэ Хооп Схефера. 1 кастрычніка 2014 года Паўночнаатлантычны альянс ўзначаліў Енс Столтэнберг.

Нагадаем, указам Парашэнка ў снежні 2015 года быў створаны Міжнародны кансультатыўны савет пры прэзідэнце Украіны. У яго склад увайшлі 8 чалавек, у асноўным еўрапейскія палітыкі. У іх ліку — былы намеснік прэм'ера Польшчы Лешак Бальцаровіч, кіраўнік камітэта Еўрапейскага парламента па замежных справах Элмар Брок, былы міністр замежных спраў і спікер парламента Польшчы Радаслаў Сікорскі, экс-прэм'ер Славакіі Мікулаш Дзурында, былы прэм'ер-міністр Літвы Андрус Кубілюс, а таксама былы прэм'ер-міністр Аўстраліі Тоні Эбат.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0