Аляксей Марачкін

13 траўня мастака Аляксея Марачкіна выклікалі ў міліцыю Цэнтральнага раёну Менску.

Нагадаем, мастака, сябра Сойму Партыі БНФ Аляксея Марачкіна затрымалі напярэдадні Дня Волі. У яго правялі ператрус у майстэрні, канфіскавалі расьцяжкі і транспаранты, а таксама карціну «Лялькі». Самога мастака арыштавалі на пяць сутак — нібыта за тое, што ён нецэнзурна лаяўся. Арышт мастак правёў у прыёмніку‑разьмеркавальніку на Акрэсьціна.

Спадар Марачкін сказаў, што сёньня міліцыянты цікавіліся, хто рабіў плякаты і куды яны былі прызначаныя, а таксама пыталіся пра іхні зьмест. Таксама міліцыянты задавалі пытаньні пра вядомую карціну «Лялькі». Усе гэтыя рэчы дагэтуль мастаку ня вернутыя.

Міліцыянты склалі пратакол «у сувязі з адміністрацыйнай адказнасьцю». Аляксей Марачкін патлумачыў:

«Гэтая карціна зьявілася пасьля таго, як па НТВ перадавалі «Куклы». Гэта было актуальна, цікава глядзець. І я на палатне намаляваў гэтыя шаржаваныя пэрсанажы. Жартавалі, сьмяяліся, адпаведны быў сарказм, і гэта было дазволена. Гэтая праца выстаўлялася ў Палацы мастацтва. Яна была вынята з загашніку, дзе яна ляжала скручаная каля дзесяці гадоў, я яе не выстаўляў. І раптам ім гэта спатрэбілася. Яны будуць раскручваць. Сёньня было ясна ў прысутнасьці адваката, каб мне навязаць абразу першай пэрсоны. Мяне гэта дзівіць, канечне. Хаця ў мяне яна нагадвае хутчэй Бармалея ў такім шаржаваным выглядзе. Аказваецца, гэта пэрсона недатыкальная і нават шарж нельга зь яе рабіць. Пасьля гэтага, яны сказалі, будзе нейкая экспэртыза. Будуць правяраць гэтыя вобразы, вымяраць насы. Як ён, гэты нос, адносіцца да арыгіналу, вусы і гэтак далей».

Алесь Дашчынскі, Радыё Свабода

Глядзі яшчэ:
Алесь Мара. Паэма «Акрэсьціна»
Кіраўніку Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету мастаку Марачкіну далі 5 сутак
Алесь Марачкін: Быў чалавек - і няма чалавека

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0