Антон Матолька заяўляе, што ў яго скралі здымкі. Яшчэ ў сакавіку 2015 года ён накіраваў Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі ліст-прэтэнзію, у якім напісаў пра парушэнне аўтарскіх правоў і нанясенне маральнай шкоды. Фатограф прапанаваў публічна прынесці прабачэнні ў выпуску навін на «Беларусь-1», заплаціць 10 млн рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды і 5 млн 400 тысяч — у якасці кампенсацыі парушэння маёмасных правоў.
Тады старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька ў сваім адказе паведаміў фатографу, што фота было ў «свабодным доступе» ў інтэрнэце і што аўтар здымкаў не забараніў іх выкарыстанне. Прэтэнзію Матолькі Давыдзька назваў «неабгрунтаванай», пры гэтым спаслаўшыся на законы «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» і «Аб сродках масавай інфармацыі».
Цяпер справу фатографа супраць БТ будзе разглядаць Вярхоўны суд Беларусі. Папярэднія слуханні прызначаныя на 9 чэрвеня.