23-гадовы атакуючы абаронца клуба Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі «Новы Арлеан Пеліканс» Брайс Дэжан-Джонс быў забіты 28 мая ў Даласе.

Гэта адбылося ў 3:20 ночы. Дэжан-Джонс вынес дзверы ў незнаёмай кватэры, але дома аказаўся гаспадар, які меў пры сабе зброю. Куля трапіла баскетбалісту ў жывот, яго даставілі ў клініку, дзе Брайс Дэжан-Джонс і памёр.

Як паведамляе сайт ESPN, хутчэй за ўсё Дэжан-Джонс пераблытаў кватэру. Ён спрабаваў трапіць у памяшканне, дзе жыве маці яго дзіця. Перад гэтым паміж імі адбылася сварка. Мяркуецца, што Дэжан-Джонс палічыў, што жанчына зачынілася ад яго і не хацела пускаць унутр жылля, таму ён вырашыў узламаць дзверы.

У адпаведнасці з законамі Тэхаса, чалавек мае права прымяніць агнястрэльную зброю для абароны свайго жылля. Таксікалагічнай экспертызы чакаць яшчэ некалькі тыдняў, каб даведацца, ці быў пад нейкімі рэчывамі баскетбаліст.

Гэты сезон быў дэбютным для Брайса Дэжан-Джонса ў НБА. У наймацнейшай лізе свету гулец правёў 14 матчаў, набіраў у сярэднім 5,6 пункты за гульню.

У Дэжан-Джонса быў самы «худы» кантракт у «Новым Арлеане», за наступны год ён мусіў атрымаць 874 тысячы даляраў. У той час як лідар каманды Энтані Дэвіс атрымае амаль 21 мільён даляраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?