Тапанімічная камісія Санкт-Пецярбурга прыняла рашэнне парэкамендаваць губернатару горада Георгію Палтаўчанку назваць мост праз Дудэргофскі канал у гонар памерлага прэзідэнта Чачні Ахмата Кадырава.
За такі крок прагаласавалі дзевяць членаў камісіі з 17. Шасцёра прагаласавалі супраць, а яшчэ двое ўстрымаліся. Галасаванне было тайным.
Планы ўвекавечыць памяць Ахмата Кадырава ў Санкт-Пецярбургу выклікалі сярод жыхароў горада шырокі рэзананс. Супраць гэтага рашэння выказваліся вядомыя дзеячы культуры.
Паводле дадзеных агенцтва Інтэрфакс, яшчэ больш за год таму дэпутат Віталь Мілонаў прапанаваў назваць у гонар Ахмата Кадырава вуліцу ў Пецярбургу, аднак гэтая ініцыятыва не знайшла падтрымкі. Тады сябры тапанімічнай камісіі не знайшлі гістарычнай сувязі жыцця Кадырава з паўночнай сталіцай.
У пачатку гэтага года, як распавёў агенцтву сябра тапанімічнай камісіі Андрэй Рыжкоў, з прапановай назваць вуліцу ў Пецярбургу ў гонар Ахмата Кадырава выступілі тры грамадскія арганізацыі — «Міласэрнасць», «Сіла Расіі» і «Неўскія берагі».
«Прапанова таксама не змяшчала канкрэтыкі, імя Ахмата Кадырава прасілі ўвекавечыць з прычыны заслуг перад Расійскай Федэрацыяй. Калі рабочая група сабралася з тым жа прыкладна вынікам, што і ў мінулым годзе [ініцыятыву не падтрымалі], сярод кіраўнікоў камісіі з'явілася думка, што нядрэнна б назваць імем Ахмата Кадырава новапабудаваны мост», — распавёў Рыжкоў.
Падчас першай чачэнскай вайны 1994-96 гадоў Ахмат Кадыраў ваяваў на баку баевікоў, а затым перайшоў на бок расійскіх федэральных сіл, стаўшы пры Уладзіміры Пуціне прэзідэнтам Чачні.
Ахмат Кадыраў загінуў у выніку замаху на яго, пасля чаго наступным прэзідэнтам рэспублікі стаў яго сын Рамзан.