Беларускі драматург і рэжысёр Андрэй Курэйчык абвясціў пра пачатак працы над новым незалежным кінапраектам — паўнаметражнай маладзёжнай камедыяй пад рабочай назвай «Партызанфільм».

Як паведаміў Курэйчык на сустрэчы з журналістамі 31 мая, у чэрвені будзе сабраная здымачная група, здымкі плануецца пачаць у жніўні для выканання амбіцыйнай мэты — выйсці ў навагодні кінапракат.

«Я ўпэўнены, што, калі мы паспеем выпусціць фільм да новага года, ён будзе паспяховым і цалкам акупіцца, — сказаў сцэнарыст і рэжысёр карціны Курэйчык. — Пасля нашага мінулага праекта «ГараШ «мы ўлічылі ўсе памылкі, падлічылі ўсе шышкі. Калі першы беларускі незалежны фільм мы знялі за чатыры дні, то новы будзем здымаць не менш за 15, раней запусцім маркетынг. Здымкі будуць праходзіць у Мінску, Брэсце і паміж імі. Магчыма, паспеем нават да «Лістапада».

Паводле слоў рэжысёра, фільм задумваецца як эксцэнтрычная маладзёжная камедыя, лёгкая, забіяцкая і вельмі хуліганская. Яна аб прыгодах трох маладых людзей у пошуках хуткіх і лёгкіх грошай у духу амерыканскага «Хлапечніка ў Вегасе», пра тое, як праграміст, бізнэсмен і студэнтка ў Беларусі здымаюць фільм пра вайну.

«Нашу краіну пачынаюць успрымаць як нейкую, хацеў сказаць, памыйніцу, але скажу кінафабрыку ваеннага кінематографа Нібыта мы больш нічога не ўмеем, і гэта наш твар і ідэнтычнасць. А гэта няпраўда, мы ўмеем многае», — сказаў ён.

«Як звычайна мы пачынаем без грошай, але спадзяёмся знайсці партнёраў, — сказаў Курэйчык. — Будзем шукаць сродкі таксама ў сацсетках, на платформе talaka.by».

Паводле яго слоў, галоўная мэта каманды кінематаграфістаў — стварыць у краіне сістэму пракату незалежнага паўнаметражнага беларускага кіно.

«Хачу, каб наша творчае аб'яднанне гарадскіх вар'ятаў кінематаграфістаў «Безбуслоу артс» раз у год выпускала карціну пра беларусаў і для беларусаў, каб беларускае незалежнае кіно прысутнічала на шырокім экране», — заявіў рэжысёр.

Аўтары фільма абяцаюць ужо ў канцы чэрвеня прадставіць публіцы склад здымачнай групы, акцёраў і зацверджаную назву.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?