Праваслаўны манах-паэт а. Іаан, вядомы пад паэтычным псеўданімам Зьніч, якога некалі добра ведалі ў колах мінскай інтэлігенцыі як Алега Бембеля, нядаўна перакрочыў 76-гадовую мяжу і прэзентаваў новую кнігу вершаў «Шляхам сумоўя».

У свой час цяперашні насельнік Жыровіцкага Успенскага манастыра быў звольнены з Інстытута філасофіі і права як дысідэнт пасля таго, як у Лондане выйшла яго праца «Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс». У 1988 годзе разам з Зянонам Пазьняком ён адстойваў Курапаты. У манастыры ён не кідае заняткі не толькі паэзіяй, але і музыкай – грае на фартэп’яна Агінскага і Шапэна, распавядае Радыё Рацыя.

Свет, на думку манаха Іаана, збочыўшы са шляху пабожнасці, натуральным чынам ступіў на шлях, які вядзе да кравапраліцця: «Усё большая колькасць роду чалавечага жыве не па духоўных запаведзях, а па сваім своечынні, жарсцях грахоўных. Ахаладжэнне Любові. І вось, як вынік, тое, што цяпер творыцца ў свеце. Кровапраліцце, што залівае ўсе кантыненты».

Знак надзеі для Беларусі а. Іаан бачыць у колерах яе нацыянальнага сцяга: «Бел-чырвона-белы колеры – гэта колеры Хрыстовай плашчаніцы. Беларусь імі пакрытая як нацыянальным сцягам. Дзяржаўныя колеры мяняюцца ў залежнасці ад палітычнай сітуацыі, а пад колерамі Хрыстовай плашчаніцы плямёны пойдуць і на Страшны суд».

Гаворачы пра свае паэтычныя творы, насельнік Жыровіцкага кляштара падкрэслівае, што мова – «найвышэйшы Божы дар кожнаму племені. У мове закладзена ўся сіла Божага слова. Тут таксама грэшны манах спрабуе перадаць музыку мовы ў сваіх рыфмуарах».

Адказваючы на звычайнае пытанне аб тым, як у шляху аднаго чалавека маглі спалучыцца розныя іпастасі – студэнт кансерваторыі, паэт-філосаф, актор, манах, – а. Іаан кажа: «У музыцы ёсць паняцце «паліфонія» — шматгалоссе. Кожнай душы дадзеныя пэўныя таленты. І кожная душа павінна вярнуць Госпаду іх з прыбыткам. І чым больш дадзена, тым больш спагоніцца. І вось па меры сіл у «шматгалоссі» спрабую іх трымаць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0