Выкарыстанне вакцыны «Прыёрыкс», якой была прышчэпленая дзяўчынка, што памерла ў Гродне, на час разбору прыпыненае, паведаміў намеснік міністра — галоўны дзяржаўны санітарны доктар Рэспублікі Беларусь Ігар Гаеўскі. Паводле яго слоў, створаная камісія Міністэрства аховы здароўя, якая працуе ў Гродне.

Як падкрэсліў Гаеўскі, чакаецца, што прыпыненне выкарыстання вакцыны будзе доўжыцца адзін-два дні.

«Я думаю, што для таго, каб зрабіць канчатковы вывад адносна здарэння, больш часу не спатрэбіцца. Вакцынай «Прыёрыкс» не будуць пакуль прышчэпліваць. Нават калі мы на тысячу працэнтаў упэўненыя ў яе бяспецы, трэба дачакацца афіцыйнага заключэння. Калі мы ссунем план прышчэпак на некалькі дзён, гэта не нанясе страты здароўю дзяцей».

Разам з тым, як падкрэсліў Гаеўскі, «сцвярджаць, што смерць дзіцяці адбылася ў выніку вакцынацыі, нельга». Магчымасць меркаваць, што такая сувязь адсутнічае, дае тое, што «вакцына выкарыстоўваецца ў краіне з 2012 года, толькі сёлета ў Беларусі было выкарыстана 150 тысяч доз вакцыны, не было ніводнага ўскладнення».

Гаеўскі паведаміў таксама, што прышчэпка памерлай дзяўчынцы праводзілася з ампулы, з якой было вакцынаванае яшчэ адно дзіця. «У другога дзіцяці няма ніякіх негатыўных наступстваў вакцынацыі», — сказаў намеснік міністра.

Ён падкрэсліў, што вакцыны, якія выкарыстоўваюцца ў Беларусі, праходзяць выпрабаванні ў РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі і ўжываюцца толькі пасля адпаведнай праверкі. Такім чынам, неабходна разбірацца з прычынамі здарэння, сказаў галоўны санітарны доктар.

Гаеўскі таксама зазначыў, што ў Беларусі за апошнія 20 гадоў не было звязаных з вакцынацыяй даказаных выпадкаў смерці, а таксама цяжкіх ускладненняў у выніку прышчэпак.

Нагадаем, каля 16.00 31 мая ў дзіцячай паліклініцы № 1 Гродна пасля ўвядзення камбінаванай вакцыны супраць адзёру, паратыту і краснухі рэзка пагоршыўся стан шасцігадовай дзяўчынкі, жыхаркі абласнога цэнтра. Нягледзячы на аказаную медыцынскую дапамогу, яна памерла ў прысутнасці маці.

Упраўленнем Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці распачатая справа па частцы 2 артыкула 162 КК (неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў медыцынскімі работнікамі, што пацягнула па неасцярожнасці смерць пацыента).

Вакцына бельгійскай вытворчасці, закуплялася цэнтралізавана. 31 мая гэтай вакцынай акрамя загінулай дзяўчынкі былі прышчэпленыя яшчэ дзевяць дзяцей, скаргаў не паступала.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?