14.05.2008 / 17:10

Дзень нараджэньня ў Сімфэропальскім СІЗА 5

Былы кіраўнік асацыяцыі імя сьв. Яна Боска ў Баранавічах, музыка Ігар Коктыш ад мінулага лета знаходзіцца пад арыштам ва Ўкраіне ды чакае экстрадыцыі ў Беларусь.


У Сімфэропальскім СІЗА ад 25 чэрвеня 2007 году ўтрымліваецца беларускі каталіцкі актывіст і музыка Ігар Коктыш. Ён чакае экстрадыцыі ў Беларусь, дзе мае адбыцца суд за наўмыснае забойства.

Ігар Коктыш вядомы ў Баранавічах, як стваральнік Гуманітарнай асацыяцыі імя сьв. Яна Боска (жнівень 2000 году). У прыватнасьці, каталіцкая суполка пад яго кіраўніцтвам змагалася супраць нарказалежнасьці і моладзевых самагубстваў. Ігар таксама быў лідэрам рок‑гурту «Млечны Шлях».

Аднак у студзені 2001 году на Коктыша завялі крымінальную справу, абвінаваціўшы яго ў забойстве сваяка блізкага сябра. У чаканьні суда лідэр «Млечнага шляху» дзесяць месяцаў правёў у баранавіцкім СІЗА.

Там, як ён сьцьвярджае, яго катавалі, пакідаючы голага ў халоднай камэры, не даючы лекаў супраць астмы, зьбівалі. 7 сьнежня 2001 году Берасьцейскі раённы суд прызнаў яго невінаватым. На судзе дзесяць чалавек засьведчылі, што на момант забойства, у якім вінавацілі Коктыша, ён знаходзіўся ў іншым горадзе. 1 лютага 2002 году Вярхоўны суд пакінуў гэтае рашэньне ў сіле.

Аднак у красавіку таго ж году генпракурор апратэставаў гэты вэрдыкт, і справу вярнулі на перагляд у той жа Берасьцейскі раённы суд. Дарэчы, на сайце МУС Берасьцейскага аблвыканкама ў разьдзеле «вышук» Ігар Коктыш значыцца, як злачынца, хоць суд над ім яшчэ не адбыўся.

І. Коктыш на той момант зьехаў ва Ўкраіну лячыць астму. Там ён ажаніўся і разам з жонкай стварыў новы музычны гурт, які мае посьпех на ўкраінскай сцэне. У Беларусь вырашыў не вяртацца, памятаючы пра месяцы, праведзеныя ў Баранавіцкім СІЗА.

25 чэрвеня 2007 году супрацоўнікі ўкраінскай міліцыі арыштавалі Коктыша. Ён да сёньня чакае экстрадыцыі ў Беларусь. 11 траўня музыка адзначыў за кратамі 28‑ы дзень народзінаў.

Справа беларускага музыкі мела міжнародны розгалас. У кастрычніку мінулага году Эўрапейскі суд па правах чалавека забараніў Украіне перадаваць арыштаванага беларускаму боку, а «Міжнародная амністыя» адначасова правяла акцыю тэрміновай дапамогі, зьвярнуўшыся да ўкраінскіх уладаў з патрабаваньнем не дазволіць экстрадыцыю. Украінская хрысьціянская інтэрнэт‑супольнасьць стварыла адмысловы сайт у падтрымку Ігара Коктыша.

Сямён Печанко

0
?????? / Адказаць
14.05.2008 / 17:47
Каму ж ён так дарогу перайшоў?
0
ПБН / Адказаць
14.05.2008 / 17:54
Дакладная спачылка на сайт Ігара: http://www.i-cent.org.ua
0
Узрэцкі / Адказаць
14.05.2008 / 21:17
Вось пра гурт "Млечный путь": http://www.i-cent.org.ua/hist.php На шчырых каталікоў ня вельмі падобна Але усё роўна цікавы матар'ял... Тут яшчэ пісалі як аднаму далі 10 гадоў, другому 5.. Вось добра каб рэдакцыя адсочвала іх лёсы ,а то я як шараговы чытач забыўся ўжо і прозвішчы
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру