Сёння па ініцыятыве ўкраінскага боку адбылася тэлефонная размова прэзідэнтаў Беларусі і Украіны.

Аляксандр Лукашэнка і Віктар Юшчанка абмеркавалі актуальныя пытанні двухбаковых адносін.

Як паведамілі БЕЛТА у прэс‑службе прэзідэнта Беларусі, у размове асаблівую ўвагу кіраўнікі дзяржаў удзялілі праблемам развіцця супрацоўніцтва ў паліўна‑энергетычнай сферы. Бакі дамовіліся аднавіць энергетычны дыялог па важных для абедзвюх краін пытаннях, разгледзелі тэмы транзіту электраэнергіі праз беларускую тэрыторыю і альтэрнатыўных паставак нафты.

Размова таксама ішла аб праблематыцы шматбаковых адносін у кантэксце палітыкі добрасуседства. У прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка і Віктар Юшчанка абмеркавалі адносіны Беларусі і Украіны з Польшчай, Літвой і іншымі краінамі рэгіёну Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

У ходзе размовы была дасягнута дамоўленасць аб сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў дзвюх краін на працягу бліжэйшага месяца. У сувязі з гэтым бакі дамовіліся ў тыднёвы тэрмін выпрацаваць парадак дня беларуска‑ўкраінскай сустрэчы на вышэйшым узроўні.

БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0