2 чэрвеня ў амбасадзе Літвы прайшла прэзентацыя кнігі Аляксандра Адамковіча «Беларусы ў Літве: учора і сёння. Кніга ІІ. З Богам па-беларуску».

Аляксандр Адамковіч — новы кіраўнік таварыства беларускай культуры ў Літве, малады лідар беларускай дыяспары ў Літве. Кніга распавядае пра рэлігійных дзеячаў апошніх ста гадоў. Падчас войнаў, рэвалюцый, розных выпрабаванняў цэрквы, касцёлы былі эпіцэнтрамі жыцця, пакуль вакол панавала смерць. 

Рэлігійныя дзеячы, пра якіх піша Аляксандр Адамковіч, у нейкім сэнсе неадзначаныя героі нашай гісторыі. Тагачасныя святары ахвяравалі сваёй маёмасцю, каб пабудаваць і забяспечыць прытулкі для дзяцей, адкрывалі беларускія школы, бібліятэкі, арганізоўвалі крэдыты для маламаёмасных сялян, каб тыя маглі выжыць.

Большасць такіх духоўных лідараў далі надзею беларускаму народу на будучыню. Вельмі характэрная гісторыя такога чалавека міжваеннага часу Адама Станкевіча, які ў 1941 годзе хаваў пры касцёле ў Вільні 6 савецкіх грамадзян, уключаючы бальшавіцкіх камісараў, бо ім пагражаў растрэл. Але праз восем гадоў пасля гэтага бальшавікі адправілі яго на 25 гадоў у Сібір і там закатавалі.

Амбасадар Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі Эвалдас Ігнатавічус адзначыў, што літоўцы і беларусы маюць шмат агульнага ў сусветнай гісторыі. «У нас ёсць супольныя святы і справы, гэта будуе масты паміж нашымі культурамі, тысячагадовай гісторыяй. Паміж намі некалькі сотняў гадоў супольнай дзяржаўнасці. У нас ніколі не было вайны паміж сабой, а наадварот, панавалі добрыя міжсуседскія адносіны. У нас 700 км мяжы паміж дзяржавамі, але няма ніякай мяжы паміж народамі».

Выступае амбасадар Літвы ў Беларусі Эвалдас Ігнатавічус.

Выступае амбасадар Літвы ў Беларусі Эвалдас Ігнатавічус.

Усяго аўтар плануе выпусціць тры кнігі. Ва ўсіх іх можна будзе прасачыць за працэсамі, якія адбываліся ў Літве ўчора і сёння. Аляксандр Адамковіч падкрэслівае, што кніга адлюстроўвае, наколькі шмат было агульнага паміж літоўцамі і беларусамі, асабліва на пачатку і ў першай палове XX стагоддзя. Пры гэтым адбіткі мінулага можна будзе пабачыць у сучасных стасунках паміж народамі. 

«Другая кніга называецца «З Богам па-беларуску» і прысвечаная рэлігійнай тэматыцы. Мне хацелася не проста пералічыць рэлігійныя рухі ў Літве, але і паказаць асноўную праблему — з Богам размаўляць па-беларуску праз усё ХХ стагоддзе было не так і проста, бо ў розных канфесіях гэта было праблематычна. Гаворка будзе і пра сёння, бо гэтая праблема дагэтуль не вырашаная».

Аляксандр Адамковіч.

Аляксандр Адамковіч.

Кнігу можна папярэдне замовіць замовіць па нумары +375 29 571- 26-11 (Валерыя).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?