Тры чалавекі загінулі ў Францыі з-за паводак, паведамляюць інфармагенцтвы.

Дажджы ў Францыі парушылі нармальную працу транспарту, энергетычнага комплексу, кавярняў і рэстаранаў, некаторых сацыяльных аб'ектаў.

Паводле апошняй інфармацыі, музей Луўр будзе недаступны для наведвання да 6 чэрвеня. Такое рашэнне прыняла адміністрацыя музея. Некаторыя працы, якія захоўваюцца ў адным з самых папулярных у свеце музеяў, ужо перанесеныя ў бяспечныя месцы. Як мінімум да 7 чэрвеня будзе зачынены музей Арсэ.

З-за паводкі многія турыстычныя аб'екты карэктуюць графік працы, таму тысячам падарожнікаў цяпер прыходзіцца змяняць свае планы. Тыя, хто ўсё ж такі вырашаецца адправіцца ў Парыж, вымушаныя аглядаць сталіцу на надзіманых лодках.

Моцныя ліўні ў Францыі працягваюцца некалькі дзён. За гэты час узровень вады ў рацэ Сена ў Парыжы дасягнуў адзнакі 6 м, што з'яўляецца рэкордам апошніх дзясяткаў гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0