Усе трое кандыдатаў на пасаду мэра ў румынскім горадзе Драгушэнь аказаліся поўнымі цёзкамі, кожнага з іх клічуць Васіле Чэпой (Vasile Cepoi). Адзін з іх — прадстаўнік Сацыял-дэмакратычнай партыі ўжо займаў пасаду кіраўніка горада тры тэрміны. Ён не сумняваецца ў сваёй перамозе і плануе набраць 87-88% галасоў.
Яго канкурэнты балатуюцца ад Нацыянальнай ліберальнай партыі і партыі «Народны рух» адпаведна. Як заявіў прадстаўнік гарадской адміністрацыі Віарэл Мунцяну, кандыдаты не з'яўляюцца сваякамі, проста іх імёны і прозвішчы даволі папулярныя ў Румыніі.
Драгушэнь — невялікае мястэчка на паўночным усходзе Румыніі, яго насельніцтва складае дзве з паловай тысячы чалавек. Выбары мэра пройдуць у бліжэйшую нядзелю, 5 чэрвеня.