Юрась Бушлякоў

Радыё Прага падрыхтавала шэраг перадач пра сцэнары моўнага рэнэсансу ў розных краінах. Адна зь перадач была прысьвечаная параўнаньню разьвіцьця роднай мовы ў Чэхіі й Беларусі. На пытаньні карэспандэнткі Кацярыны Пракоф’евай адказваў Юрась Бушлякоў.

— Давайце параўнаем сытуацыі з чэскай і беларускай мовамі, бо на першы погляд сапраўды здаецца, што сытуацыі вельмі падобныя й што дзеячам беларускага адраджэньня засталося толькі ўзяць пару ўрокаў у чэхаў…

— Чэская мова была выціснутая нямецкай у публічным жыцьці, гарадзкім жыцьці, у вышэйшых сфэрах. Але пры ўсім гэтым у ХІХ стагодзьдзі чэскі адраджэнскі рух дасягнуў даволі вялікіх посьпехаў у прышчапленьні людзям гонару за родную мову, у падкрэсьліваньні вялікай ролі мовы для нацыянальнага разьвіцьця й самастойнага нацыянанальнага мысьленьня. Чэхі, як і многія іншыя народны Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы перажылі так званую моўную рэвалюцыю. Пад гэтым тэрмінам вядомы брытанскі славіст Робэрт Отэй разумеў акурат вось гэты прыход людзей да ўсьведамленьня вялізнага значэньня роднай мовы. Мова ставілася тым, што магло зьяднаць людзей і адрадзіць, ці — калі хочаце — нарадзіць нацыю. Трэба сказаць, што чэхам, гэтаксама, як і фінам, баўгарам, вугорцам, эстонцам, латышам, літоўцам, якраз такі ўдалося прайсьці ўсе этапы моўнай рэвалюцыі й забясьпечыць паўнацэннае функцыянаваньне роднай мовы ў сябе дома.

— Але чаму тады ў іх гэта атрымалася, а ў беларусаў не?

Беларуская мова не пасьпела стаць тым ключавым чыньнікам, які б згуртаваў беларускую нацыю.

— Чэхам удалося, беларусам не ўдалося. Беларуская моўная рэвалюцыя па шэрагу прычын і пачалася пазьней, і разьвівалася пазьней. Да вялікага жалю, яна не была завершаная, яна было проста спыненная на ўзьлёце вядомымі падзеямі канца 20‑30-х гадоў ХХ стагодзьдзя. Беларуская мова не пасьпела стаць той зьнітавальнай сілай, тым ключавым чыньнікам, які б згуртаваў беларускую нацыю новага часу. Гісторыя беларускай мовы ў гэтым сэнсе проста трагічная…

— А сакрэт посьпеху чэскага сцэнару выпадкам ня ў тым, што чэская адраджалася адразу як працоўны інструмэнт, а ня як сродак эмансыпацыі й нацыянальнай сьвядомасьці?

— Ну, па‑першае, чэхі не ўспрымалі нямецкую мову як родную, працэс асыміляцыі ўсё ж захапіў далёка ня ўсе слаі чэскага насельніцтва. Вельмі паказальны прыклад — калі чэхі сыходзілі на той сьвет, у памяць пра іх у XVII, XVIII, XIX стагодзьдзях ставілі помнікі, дзе пісалі па‑чэску. Для параўнаньня дастаткова праехаць пра старых і новых могілках Беларусі й пабачыць, якія мовы ўспрымаліся як прыдатныя для напісаньня эпітафій па спачылым чалавеку. Расейская і польская. Як мовы са статусам. І тут адрозьненьне безумоўна ў тым, што працэс асыміляцыі беларусаў блізкароднаснымі этнасамі зайшоў несумненна далей, чым працэс асыміляцыі немцамі чэхаў. І вось вынікі русіфікацыі й палянізацыі абсалютна відавочныя ў беларускай гісторыі ХХ стагодзьдзя. Сярэднестатыстычны беларус не ўсьведамляе важнасьці культываваньня беларускай мовы. Праблема фактычна ў статусе мовы.

— Аднак жа ў Беларусі ёсьць творчая інтэлігенцыя, якая размаўляе па‑беларуску, думае па‑беларуску, здольная фармалізаваць і папулярызаваць мову. У тым ліку й літаратурную. Яна ня можа даць рады гэтай задачы?

Зьмяніць гэтую сытуацыю можна толькі мэтанакіраванай, пасьлядоўнай і працяглай дзяржаўнай палітыкай

— Беларускай мове несумненна патрэбная дапамога, і дапамога істотная. Калі ж тут спадзявацца на ініцыятыву адзінак, нацыянальна арыентаванай публікі, якая пры гэтым можа быць прыгнятанай уладамі, то ў гэтай ініцыятывы вельмі мала шанцаў. Я глыбока перакананы, што зьмяніць гэтую сытуацыю можна толькі мэтанакіраванай, пасьлядоўнай і працяглай дзяржаўнай палітыкай, якая акурат будзе грунтавацца на тым, што беларуская мова — гэта безумоўны чыньнік беларускай ідэнтычнасьці.

— Ну вось ва Ўкраіне палітыка дзяржавы інакшая. Тэле‑, радыёперадачы, шыльды, прэса, падручнікі — ўсё гэта ёсьць на ўкраінскай. І ўсё роўна людзі не пачынаюць размаўляць на ёй масава…

— Працэс пераходу на іншую мову ў маштабе ўсёй нацыі — працэс доўгі, які расьцягваецца на пакаленьні, таму, безумоўна, не даводзіцца чакаць, што звышістотныя зьмены ў моўнай палітры адбудуцца цягам 10‑20 гадоў. Яны адбудуцца, але пазыцыі рускай мовы застаюцца моцнымі й будуць заставацца даволі моцнымі яшчэ доўгі час, нягледзячы на пасьлядоўную палітыку ўкраінізацыі…

— Атрымліваецца, што беларускую мову ўжо абрасілі мёртвай вадой, яна зраслася й цудоўным чынам існуе, на ёй ствараецца літаратура, але вось жывой вады яна шчэ не дачакалася, каб пачаць па‑сапраўднаму функцыянаваць. А ўкраінская, значыць, жыве, але пакуль яшчэ бедна…

— Каб падкрэсьліць розьніцу між сытуацыямі ў Беларусі і ва Ўкраіне. Для многіх рускамоўных жыхароў Украіны ўкраінская мова становіцца неад’емным чыньнікам штодзённага жыцьця. Людзі пачынаюць валодаць гэтай мовай ня толькі пасіўна, як валодаюць беларускай мільёны жыхароў сёньняшняй Беларусі, але й актыўна. Гэта значыць, што людзі, нават аддаючы перавагу ў штодзённых зносінах рускай мове, гатовыя — гатовыя! — у любы момант падтрымаць размову па‑ўкраінску. Гэта значыць, што мова актывізуецца ў розумах, галовах мільёнаў жыхароў Украіны. Дзякуючы менавіта дзяржаўнай палітыцы, якая забясьпечвае, напрыклад, паўнацэннае функцыянаваньне ўкраінскай мовы ў СМІ. У Беларусі гэтага няма. Сярэднестатыстычны беларус жыве ў рускамоўнай інфармацыйнай прасторы. Ён не гатовы нават пры сваім пазытыўным стаўленьні да беларускай мовы, размаўляць на гэтай мове…

Паводле Радыё Прага

Фота Глеба Лабадзенкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0