Бурныя эмоцыі выклікала новае відэа моўных курсаў «Мовананова». У роліку дзве прыгожыя дзяўчыны ў вышымайках мыюць машыну рэперу Vinsent-у. Адны ўгледзелі ў кліпе патрыярхальныя стэрэатыпы, іншыя — самаіронію.

У вачах літаратурнага крытыка Ганны Янкуты кліп знішчыў рэпутацыю курсаў «Мовананова». «Калі гаварыць пра той няшчасны ролік, то ён не пра беларускую мову, не пра феміністак, якія не разумеюць гумару, і не пра трэш. Ён усяго толькі пра густ і пачуцце меры сваіх стваральнікаў, ну і, безумоўна, пра новую рэпутацыю брэнду «Мова нанова», — сцвярджае Янкута.

Філосаф і літаратар Ігар Бабкоў лічыць жа, што крытыкаваць стваральнікаў роліка нельга, бо Глеб Лабадзенка свядома «павесяліўся на славу ў эстэтыцы трэш-гламуру». «Я за Глеба», — падсумоўвае спадар Бабкоў.

Паэт, перакладчык Антон Брыль уступае ў дыскусію з Бабковым. «Калі аб'ектывацыя жанчыны для стваральнікаў роліка не выпадковая памылка густу (як палічыла Ганна), а культурны код, на які яны свядома апіраюцца, то гэта вы іх афігенна абаранілі:-/ Кшталту, «ніякіх рудыментаў расізму, яны, праўда, за гандаль неграмі».

Журналіст і пісьменнік Віктар Шукеловіч мяркуе, што гэта проста пародыя. «Для мяне проста пацешная пародыя на кліпы з крутымі пацанамі і бландзінкамі ў бікіні, ні больш, ні менш».

Падобнага меркавання прытрымліваецца паэтка Анхела Эспіноса Руіс. «Я феміністка (з еўрапейскай школы, сапраўдная; чым пачаць нападаць на мяне, ведайце, што я займалася даволі доўга правамі мужчын). Успрымаю ролік як пацешную пародыю на трэшавы жанр:) Нармальная рэклама для кнігі, мне спадабалася. Дарэчы, сама кніга — шэдэўральная. Вельмі раю».

«Мае вочы гэтага б не бачылі. На першых 30 секундах зразумеў, што не належу да мэтавай аўдыторыі роліка. А як герой дастаў і пачаў гартаць часопіс «Maxim» з выявай голай дзеўкі на вокладцы — то проста закрыў відэа. Бо паскудна», — так эмацыйна выказаўся краязнаўца з Глыбокага Кастусь Шыталь.

«Сакралізацыя беларускай мовы — наша вялікая праблема, — піша журналістка Вольга Гарапучык. — Але пакуль да таго не дайшло, мне ну вельмі цяжка звыкнуцца да ролікаў, дзе беларускую мову папулярызуюць менавіта так. Так, беларускую мову варта папулізаваць праз сэкс у тым ліку, але ж ну не праз такі прамы адсыл і безгустоўшчыну. Сэкс можа быць паказаны прыгожа і смачна. Гэта, канечне, бліжэй да народу, але ж мяне ажно перасмыкнула ад агіды, сэксізму і трэшовасці роліка».

Палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст параўноўвае сітуацыю з ролікам «Мовынановы» з рок-малебнам гурту «Пусі Райт».

«Частка дыспутантаў і дыспутантак настойвалі на тым, што самае па сабе паняцце «абраза пачуццяў вернікаў» — гэта дзікунства, адстой і цемрашальства. Нічый асабісты гонар і годнасць бясстрашныя пусі сваім хэпенінгам не закраналі — ну дык і ідуць усе цемрашалы … далёка.

А сітуацыя з ролікам «Мовананова» іншая? Якое такое абурэнне? З чаго? Чаму нехта прыняў ролю гераіняў роліку на свой рахунак? Рэлігійнымі пачуццямі ж грэбаваць можна, ды і пачуццяў такіх няма, нават узгадка пра іх — цемрашальства адно. А з гендарнымі пачуццямі хіба не так?:-)» — пытаецца спадар Дракахруст.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?