Фота гродзенскага блога S13.ru.

Фота гродзенскага блога S13.ru.

Гродзенскае МНС адправіла выратавальную спецтэхніку на «Гродна Азот», адкуль паступіў тэрміновы выклік, паведаміла БелТА прэс-сакратар Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Наталля Жывалеўская.

Паведамленне паступіла ў абед, выратавальнікі адправіліся на тэрыторыю прадпрыемства і знаходзяцца там. Відавочцы паведамляюць аб дзясятках аўтамабіляў хуткай дапамогі і МНС, якія накіраваліся ў бок «Гродна Азот», а з тэрыторыі завода бачны дым.

«На дадзены момант МНС збірае інфармацыю, каб паведаміць, што менавіта адбылося на тэрыторыі прадпрыемства», — патлумачыла прэс-сакратар.

Як паведамляе гродзенскі інфармацыйны рэсурс s13.ru, па словах аднаго з работнікаў, воблака пылу вырывалася праз вокны і расколіны ў сценах аднаго з цэхаў, а ў роце адчуваўся смак кіслаты.

Як стала вядома, два чалавекі загінулі. Загінулым 35 і 28 гадоў, яны плітачнікі-абліцоўшчыкі. Яшчэ двое пацярпелі і былі адпраўленыя на машынах хуткай дапамогі ў рэанімацыю.

«Як паведаміў адзін са сведкаў, ахвяры наогул не мелі ніякага дачынення да вытворчасці. Хлопцы клалі плітку, а побач вяліся работы з агнём, адбыўся выбух. Адзін з загінулых разбіўся, выскачыўшы з акна будынка, другога выявілі каля акна. Імаверная прычына — атручванне чадам», — піша s13.ru.

Як паведамляе прэс-служба МНС, у 12:45 паступіла паведамленне аб задымленні ў адным з цэхаў ААТ «Гродна-Азот». Паводле папярэдняй інфармацыі пры правядзенні агнявых работ іскра трапіла на гідраксіламінсульфат, у выніку чаго смяротнае атручэнне парамі атрымалі двое рабочых, яшчэ двое былі шпіталізаваны. Работнікі МНС падавалі ваду на астуджэнне рэчыва.

Следчы камітэт паведаміў, што па факце здарэння узбуджаная крымінальная справа. Праводзяцца допыты асоб, якія праводзілі работы, а таксама іх непасрэднага начальства, прызначаны шэраг экспертных даследаванняў. Канфіскавана тэхнічная дакументацыя, у тым ліку якая рэгламентуе вытворчасць работ у цэху.

«Гродна-Азот» выпускае вадкі тэхнічны аміяк, азотныя ўгнаенні і біядызельнае паліва. Каля 50% прадукцыі ідзе на экспарт.

Фармальна гэта адкрытае акцыянернае таварыства, але амаль 100% акцый належаць дзяржаве. Яшчэ каля 1000 чалавек маюць дробныя пакеты акцый.

Пяць гадоў таму тут працавала амаль 11 тысяч чалавек. Цяпер засталося 7750 работнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?