Сёння прапаноўваецца контрадукацыйны варыянт школьнай рэформы. Такую думку ў інтэрв’ю БелаПАН выказаў старшыня камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова‑тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Здановіч.

Паводле яго слоў, пры пераходзе на 11‑гадовую адукацыю адным з варыянтаў рэформы ў школе адначасова прапаноўваецца зменшыць колькасць урокаў «да бязмежна нізкай колькасці».

«На аднаго вучня будзе прыпадаць менш за 800 урокаў у год. Для параўнання, у Кітаі — 1.500 пры 12‑гадовым навучанні ў школе. Гэта прывядзе да таго, што вучням давядзецца дома самім без настаўнікаў прапрацоўваць тыя ж самыя тэмы, праграмы. Навучальная нагрузка перанясецца са школы дадому», — сказаў дэпутат.

Апрача таго, лічыць ён, рэформа прывядзе да скарачэння настаўнікаў у школах.

«Па‑першае, скарачаюцца навучальныя гадзіны, па‑другое, субота становіцца свабоднай. Так, ёсць прапанова зменшыць колькасць гадзін на стаўку, але некаторыя прадметы поўнасцю ліквідуюць. Калі гэта адбудзецца, то разам з прадметам школу пакінуць і настаўнікі сусветнай мастацкай культуры, асноў бяспекі жыццядзейнасці і інш. Увогуле ж скарачэнні закранаюць фактычна ўсе прадметы, у тым ліку матэматыку, фізіку, біялогію», — зазначыў У.Здановіч.

Дэпутат негатыўна ставіцца і да поўнай ліквідацыі вывучэння асобных прадметаў на павышаным і паглыбленым узроўні.

«Калі прымецца варыянт Міністэрства адукацыі, то мы ўсіх падстрыжэм пад адзін грэбень: хто слаба вучыцца, хто моцна, будуць вучыцца па аднолькавых праграмах. Факультатывы, якія плануецца праводзіць у суботні час, не выратуюць становішча», — лічыць ён.

«Калі рэформа будзе праведзена ў такім выглядзе, то праз некаторы час нашы дзеці і ўнукі будуць працаваць на кітайскіх прадпрыемствах, размешчаных на тэрыторыі Беларусі, а кіраваць прадпрыемствам будуць кітайцы. Узровень адукаванасці беларусаў і кітайцаў будзе адрознівацца, прычым далёка не на нашу карысць», — дадаў У.Здановіч.

***

Уладзімер Здановіч таксама мяркуе, што ад пасьпешлівага пераходу на 11‑гадовую школьную адукацыю істотна пацерпяць вучні некалькіх узростаў. Паводле яго слоў, ужо падрыхтаваны праект дэкрэта, у якім прапаноўваецца школе з 1 верасня працаваць па‑новаму.

Дэпутат падкрэсліў, што «гэты пераход рыхтуецца ў вельмі вялікай спешцы».

«Яе дапускаць нельга. Трэба даць магчымасць цяперашнім дзевятым і дзесятым класам завяршыць навучанне па 12‑гадовай праграме», — лічыць ён. У.Здановіч упэўнены, што за два гады падрыхтавацца да пераходу можна «вельмі сур\’ёзна, прадумаць усе яго варыянты, паказаць усе негатыўныя і пазітыўныя моманты як спецыялістам, так і грамадству ў цэлым».

Дэпутат лічыць, што вучні 9—10 класаў пацерпяць па некалькіх прычынах. Па‑першае, яны за адзін год будуць праходзіць праграму двухгадовай падрыхтоўкі. Па‑другое, навучанне «будзе весціся скомкана, таму што няма сур\’ёзных прапрацовак ні ў праграмах, ні ў тэмах, ні ў падручніках».

Вельмі адмоўна У.Здановіч ставіцца «да моцнага прадаўжэння навучальнага года на летні перыяд».

«Ініцыятары не задумваюцца аб наступствах прадаўжэння. Мала таго што давядзецца мяняць указ прэзідэнта аб правілах паступлення ў ВНУ, бо змяшчаюцца тэрміны. Практычна адначасова ў школе будуць праходзіць навучальныя заняткі, малодшыя класы будуць знаходзіцца пры школе ў дзіцячым аздараўленчым лагеры, школа будзе рыхтавацца да новага навучальнага года, для некаторых класаў будуць праводзіцца выпускныя экзамены. І ўсю гэтую работу будуць выконваць адны і тыя ж настаўнікі, перагрузка якіх у гэты час будзе каласальнай», — зазначыў дэпутат.

БелаПАН

Даведка nn.by Уладзімер Здановіч -- дэпутат Палаты прадстаўнікоў па Драгічынскай выбарчай акрузе №9. Нарадзіўся 15 сакавіка 1959 г. у в. Застаўе Драгічынскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь, магістар пэдагогікі.

Працаваў малодшым супрацоўнікам, інжынерам БДУ, выхаваўцам Безьдзежскай школы, намесьнікам дырэктара Крэмнаўскай васьмігодкі, настаўнікам Ліпніцкай васьмігодкі, Драгічынскай сярэдняй школы, дырэктарам гімназіі ў Драгічыне. Жанаты, мае сына і двух дачок.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0