Адзін зь лідэраў незарэгістраванай Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец прапанаваў сябру аргкамітэту БХД Маргарыце Тарайкевіч пакінуць партыю. Прапанову ён выказаў у камэнтарах пад яе блогам на сайце «Беларускі партызан».

Блог Тарайкевіч пачынаецца словамі: «Зьдзіўляюць мяне хрысьціяне, якія лічаць, што раўнапраўе ЛГБТ, у прыватнасьці дазвол на аднаполыя шлюбы, — гэта прапаганда распусты і ўсёдазволенасьці». Далей аўтарка разважае над стаўленьнем хрысьціянаў да ЛГБТ.

У размове з Радыё Свабода Павал Севярынец заявіў, што не зьбіраецца «раздуваць» гэты выпадак да палітычнай падзеі і лічыць, што ягоны камэнтар пад пастом Маргарыты Тарайкевіч дастаткова тлумачыць тое, што адбылося.

У той жа час лідэр БХД патлумачыў, што менавіта выклікае ягоную рэакцыю:

«Чалавек, будучы сябрам аргкамітэту, надрукаваў непрымальную рэч, я яго папрасіў выйсьці. Напэўна, ёй ня вельмі важна быць у партыі, таму яна сказала «калі ласка».

Таксама Павал Севярынец пракамэнтаваў, як ён ацэньвае цікавасьць Радыё Свабода да гэтага інцыдэнту:

«Я разумею, чаму Радыё Свабода гэтым займаецца. Таму што яно піярыць фэміністак, трансвэстытаў, гомасэксуалістаў і гэтак далей. І лічыць, што гэта норма. Я не лічу, што гэта норма. У Бібліі ўжо напісана, што гэта ня норма».

«Вельмі шкада тых людзей, якія хварэюць на гомасэксуалізм, якія займаюцца фэмінізмам. На мой погляд, гэта няшчасныя людзі. Проста няшчасныя. Іх трэба шкадаваць і дапамагаць чым можна, каб яны сталі на шлях здаровага розуму. Ёсьць і страшнейшыя грахі, напрыклад, і нічым ня лепшая за гомасэксуалізм сужэнская здрада. Але рабіць з гэтага норму ня трэба і нельга. Гасподзь па-іншаму гэта зладзіў у сьвеце», — працягвае Павал Севярынец.

Палітык зазначыў, што вельмі не задаволены пазыцыяй Радыё Свабода ў асьвятленьні праблемаў ЛГБТ.

«Колькі там [на Радыё Свабода] геяў, трансвэстытаў і ўсяго астатняга вычварэньня, столькі няма ў аніводным беларускім СМІ. Калі спрабуюць цяпер адным пазногцем падкалупнуць нейкую тэму на гэты конт, я да гэтага стаўлюся нэгатыўна. Мне здаецца, вы проста разьдзьмуваеце. «Хлопчыка-дзевачку» надрукавалі матэрыял — і фактычна ламаеце лёс людзям. Калі яна сама хоча, то чалавек вольны нават у граху. Але вы выцягваеце гэта на ўзровень — «якая яна гераіня, як гэта клясна, давайце яе падтрымаем, і г.д. і да т.п». Вось гэта, на мой погляд, проста прапаганда, якая стаіць побач з прапагандай клясавай, расавай і фэміністычнай. І ў свой час чалавецтва разабралася, што расавая прапаганда — гэта кепска. Разабралася, што клясавая прапаганда — гэта кепска. І цяпер ідзе гендэрная прапаганда — гэта ў той жа ступені кепска. Гэта ўсё тупіковы шлях, які навязваецца, у тым ліку, лібэральнымі СМІ. Я да гэтага вельмі кепска стаўлюся».

На пытаньне, як Павал Севярынец ставіцца да пазыцыі, якую займаюць адносна праблемаў ЛГБТ прадстаўнікі эўрапейскай хрысьціянскай дэмакратыі, палітык параіў спытаць у іх саміх:

«Беларускія хрысьціянскія дэмакраты за хрысьціянскую дэмакратыю аддавалі жыцьцё ў 20–30-х гадах.

Людзі ішлі на сьмерць, на крыж у гестапаўскія засьценкі і ГУЛАГ — за Хрыста, за веру, за тое, што напісана ў Бібліі, і за Беларусь, разумееце? А не за тое, каб вычварэньне лічылі нормай.

У кожнага чалавека ёсьць права паводзіць сябе так, як ён лічыць патрэбным. Але навязваць гэта як грамадзкую норму нельга. Проста нельга. Гэта скончыцца разбурэньнем нацыі, грамадзтва. Зараз гэта цягнуць у норму. І Радыё Свабода тут першае!»

Большасьць прадстаўнікоў хрысьціянскай дэмакратыі ў Эўропе выступае супраць дыскрымінацыі ЛГБТ, аднак і не падтрымлівае іх асноўныя патрабаваньні — кшталту права на шлюб і ўсынаўленьне дзяцей. У той жа час вядомыя прыклады, калі хрысьціянскія дэмакраты адкрыта заяўлялі пра сваю гомасэксуальнасьць, як, напрыклад, прадстаўнікі нямецкага Хрысьціянскага дэмакратычнага саюзу Штэфан Каўфман ці былы мэр Гамбургу Оле фон Бюст.

Скантактавацца з самой Маргарытай Тарайкевіч пакуль не ўдалося.

Сваё стаўленьне да інцыдэнту выказала Радыё Свабода палітоляг і тэоляг Натальля Васілевіч.

«Яшчэ калі толькі запачаткоўвалася Партыя БХД, Павел Севярынец акрэсьліўтры тыпы хрысьціянскай дэмакратыі: лацінаамэрыканскую, якая мае сацыялістычны характар і грунтуецца на біблійным прынцыпе справядлівасьці; заходнеэўрапейскую, якая амаль ня мае адносінаў да Бібліі і хрысьціянства; і ўсходнеэўрапейскую, у якой падмурак палітыкі складаюць «біблейскія прынцыпы» і якая арыентуецца ў першую чаргу на вернікаў. Некалі я рабіла кантэнт-аналіз матэрыялаў сайту БХД і часопіса-бюлетэня «Крыніца», і адным з галоўных дзеясловаў там выявіўся імпэратыў «забараніць»».

Па словах тэоляга Васілевіч, агульны трэнд ва Ўсходняй Эўропе — рост традыцыяналізму і фундамэнталізму, цэнтар якога — так званыя «сямейныя каштоўнасьці». Гэта тычыцца і праваслаўных, і асабліва эвангельскіх хрысьціян-пратэстантаў.

«Гэта адпавядае ў цэлым настроям нашага грамадзтва, у якім узровень разводаў і абортаў нашмат большы, чым у «гейропе», але якое бачыць страшэнную пагрозу для сябе ў аднаполых шлюбах. Прыхільнікі БХД самі шчыра ў гэта вераць і хочуць атрымаць палітычную падтрымку грамадзтва як такога», — мяркуе Васілевіч.

Натальля кажа, што за гады багаслоўскай рэфлексіі і сяброўства з ЛГБТ-хрысьціянамі сфармулявала свой прынцып — «выпакутаваны гадамі»:«Хрысьціяне часта паўтараюць за сваім Настаўнікам, што яны — гэта соль зямлі, і баяцца страціць сваю салёнасьць, каб ня быць выкінутымі на сьметнік. У талерантнасьці да ЛГБТ, напрыклад, «салёныя» хрысьціяне бачаць страту салёнасьці, «прагін» перад сьветам, а ў непрыманьні ЛГБТ — змаганьне за Божую ісьціну і Божы закон. Таму нярэдка кідаюць соль на раны «спакутаваных і абцяжараных» — тых, каго разрываюць унутраныя канфлікты, хто паранены, хто ненавідзіць сябе, хто ня можа гарманічна і ў адпаведнасьці са сваім унутраным самаадчуваньнем будаваць сваё жыцьцё, хто і так часта адрынуты сям'ёй, сябрамі, грамадзтвам. Соль разьядае рану, а добры самаранін раны перавязвае, узьлівае на іх алей і віно».

Яна згадвае, што і сама «прайшла шлях астракізму і асуджэньня, як Маргарыта Тарайкевіч:

«Некалі Зьміцер Дашкевіч назваў мяне псэўдахрысціянкай: «Дык прабачце мяне і вы, Натальля Васілевіч, але я ўпэўнена канстатую, што такія псэўдахрысьціяне, як вы — значна больш жахлівыя за саміх бязбожнікаў», — напісаў ён у фэйсбуку, чамусьці горача ўпэўнены, што мая пазыцыя — гэта кампраміс з гэтым сьветам.

У часы свайго нэафіцтва я таксама была ўпэўненая, што вось адказы на пытаньні жыцьця і сьмерці ляжаць на паверхні, і многія гады ў мяне заняло разуменьне, што на паверхні ляжыць толькі гермэтычная ідэалёгія, а для хрысьціянства патрэбная глыбіня.

Стагодзьдзямі існавалі хрысьціяне і хрысьціянскія супольнасьці, якія на падставе Бібліі выступалі за існаваньне рабства, прыгоннага права, за захаваньне сьмяротнай кары, ня бачылі праблемы ў вынішчэньні мясцовага насельніцтва пры калянізацыі, а тых, хто выступаў супраць — лічылі праціўнікамі Божых устанаўленьняў. Але хрысьціянскае сацыяльнае вучэньне разьвіваецца — часам усьлед за прагрэсам грамадзтва, часам у авангардзе гэтага прагрэсу. І я не пакідаю надзеі, што гэтае разьвіцьцё закране шырокія слаі вернікаў у Беларусі», — заключае Натальля Васілевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?