Штогод 1 траўня ў бэрлінскім раёне Кройцбэрг абвяшчаецца канец капіталізму ды пачатак новага ладу, справядлівага для ўсіх. «Без рэвалюцыі ня будзе вызваленьня» - такая расьцяжка вісіць над вуліцай Араніенштрасэ, якая, паводле традыцыі, робіцца на дзень галоўным рэвалюцыйным праспэктам.
Вызваленьня патрабуюць многія - ад ідэйных палестынцаў да панкаў-трансвэстытаў, якія купкуюцца пад ружовым сьцягам з чорнай зоркай. Над дамамі дзе-нідзе пялёшчуцца чырвоныя сьцягі, а пад імі, на вуліцах, ідзе сапраўдны карнавал, разгул вольніцы ды малога бізнэсу. Дарагія рэстараны ды «амэрыканістыя» фастфуды (зрэшты, іх у Кройцбэргу, бадай, і так амаль няма) адступаюць перад націскам вулічных гандляроў кебабамі ды карамельнымі яблыкамі, а «кока-кола» вызваляе месца экалягічна чыстаму «біянаду».
Аднак ня хлебам адзіным жывая кройцбэрская рэвалюцыя. Праз кожныя паўсотні мэтраў стаяць сцэны, і прафэсыйныя, і імправізаваныя. З адной чуваць афрыканскія там-тамы, зь іншай - нямецкамоўнае бугі-рэгі. Слухачы радасна падхопліваюць поўны жалю ды нуды прыпеў «Я вязень...» А нейкі п’яненькі маладзён увогуле сьпіць, паклаўшы галавў ў адтуліну гукавой калёнкі, якая дасылае ў натоўп выбуховую хвалю дэцыбэлаў.
Кройцбэрг абсалютна пазбаўлены як глянцу «залатога захаду» так і пустэльнасьці панэльных раёнаў былога Ўсходняга Бэрліну. Тут можна карыстацца ўсімі выгодамі капіталізму і ў той жа час пагардліва паплёўваць на існаваньне транснацыянальных карпарацыяў-монстраў, якія яшчэ не пасьпелі як сьлед запусьціць у Кройцбэрг свае шчупальцы. Тутэйшая народная страва - турэцкі кебаб, булка, напханая мясам, капустай, цыбуляй ды пякучым соўсам. Маеце ў кішэні адзін эўра - можаце сьмела разьлічваць на тлусты кебаб ды задаволенае буркатаньне страўніка.
Кройцбэрскі першамай ладна прыпраўлены ўсходнімі спэцыямі. На плошчы Марыенпляц - сцэна, на ёй - турэцкі аркестрык. Моладзь таньчыць. Абсалютна элемэнтарны рух - сталі колам, рукі ў рукі, пагойдваюцца ўверх-уніз, але з-за яго, здаецца, уся плошча вось-вось расплешчацца, нібы мора. Немцы, тыя, хто сьмялейшы, далучаюцца, іншыя стаць збоку, заварожана паглядаюць на дзейства. Бабулькі-турчанкі ў рознакаляровых хустках, абхапіўшы галовы рукамі, паглядаюць уніз з вокнаў. Ля ганку стаіць дзядок, яшчэ, відаць, з першага пакаленьня гастарбайтэраў, якіх запрасілі з Турэччыны адбудоўваць разбураны вайной Бэрлін. На ім шэрая кепка ды шэры касьцюм, ды белая шчэць на шчоках. Глядзіць пахмурна. Ото ўжо гэтая моладзь, ім усё гулі ды танцы...
Паўз мост, які злучае былую ўсходнюю част Бэрліну з «заходнім» Кройцбэргам едзе калёна паліцэйскіх машынаў. У душу запаўзае знаёмае шчымлівае адчуваньне: «Як дома...» Мінакі азіраюцца на «быкоў» (нямецкі аналяг слова «мент») скоса, непрыхільна, хтосьці крыва пасьмейваецца. Калёна між тым спыняецца, і паліцыянты выходзяць - у нягеглай брунатнай форме мясцовага спэцназу, якая робіць іх падобнымі да хадзячых мяхоў з бульбай. Белыя каскі засталіся ў машынах. Паліцыянты выстройваюцца на мосьце ў тры шэрагі, купкуюцца, тыя, хто сьпераду, прыпадаюць на калена. Асьляпляльная ўсьмешка на паўсотні ратоў - і калектыўнае фота на памяць гатовае. Радасны выраз твару даецца лёгка: сёлета абышлося без закідваньня паліцыі камянямі ды біцьця вітрынаў. Гэта была самая лагодная рэвалюцыя за апошнія некалькі год. Што паўплывала на бэрлінскіх леварадыкалаў - сказаць цяжка. Магчыма, пяшчотнае вясновае надвор’е, можа - незвычайна сокі адсотак бляндынак у шэрагах паліцэйскіх (стандартны вулічны патруль тут складаецца з двух паліцэйскіх - мужчыны ды жанчыны). Ня выключана, што прынесла плён новая прыдумка ўладаў - замест пахмурна-пагрозьлівых маладзёнаў з гумовымі дручкамі на вуліцы даслалі безьліч супрацоўнікаў «cупрацьканфліктных камандаў». «Нашая задача – выяўляць людзей ці кампаніі, якія маюць канфліктны патэнцыял, ды спрабаваць праз размову іх улагодзіць», кажа паліцыянтка ў салатавай накідцы. - «Пакуль што працы няшмат, але, бадай, вечарам тут будзе гарачэй. Ці прыносіць плён тое, што мы робім? Натуральна!»
А можа, усё тлумачыцца прасьцей, і рэвалюцыйная сытуацыя ў Кройцбэргу яшчэ не сасьпела? Ежа тут танная, са свабодай слова таксама ўсё ў парадку - агромністыя каляровыя постэры з недвусэнсоўным заклікам да зьмены грамадзкага ладу, пакрываюць сьцены дамоў, нібы шпалеры. «Сьвет можа быць іншым», сьцьвярджаюць яны. Трэба меркаваць, маецца на ўвазе - такім, як Кройцбэрг.
Алесь Кудрыцкі, Бэрлін