І як праў быў Міколкаў бацька, калі казаў яму на паравозе
    Мы не можам не перамагчы!
    Перамаглі!
    Міхась Лынькоў, «Міколка-паравоз».

Прэзідэнт Лукашэнка прадставіў публіцы свайго спадкаемцу на пасадзе кіраўніка краіны – 4-гадовага сына Міколку. Такім чынам, фактычна, Беларусь уступіла ў перыяд манархіі.

Гэта ўжо другая змена палітычнай сістэмы нашай краіны пасля 1996 году, калі Беларусь з маладой дэмакратыі была ператворана ў аўтакратычную дзяржаву. Тады змена адбылася з грубымі парушэннямі Канстытуцыі. За 17 антыканстытуцыйных дзеянняў Вярхоўны Савет прызначыў Лукашэнку працэдуру імпічменту, у адказ на што прэзідэнт з дапамогай высокіх чыноўнікаў з Масквы разагнаў і Вярхоўны Савет і Канстытуцыйны суд.

Новая змена палітычнай сістэмы таксама адбываецца з парушэннямі законаў і Канстытуцыі. Дастаткова сказаць, што ў 2005 годзе Лукашэнка назваў у дэкларацыі аб даходах толькі двух дарослых сыноў і ні словам не згадаў трэцяга, малодшага.

Новая палітычная сістэма, як яе ні называй, па сутнасці з’яўляецца сярэднявечнай манархіяй з уласцівым для яе абсалютызмам спадчыннай улады кіраўніка. Дагэтуль Лукашэнка і яго атачэнне, мяняючы палітычную сістэму, спасылаліся найчасцей на прыклад рэспубліканскай Францыі (калі працягвалі першы прэзідэнцкі тэрмін да сямі гадоў і калі стваралі Нацыянальны сход РБ). Цяпер жа абіраецца знешне больш падобны да англійскага варыянт. Нездарма некаторыя аналітыкі падкрэсліваюць, што Міколка з’явіўся на публіцы пасля сустрэчаў Лукашэнкі з англійскім лордам Бэлам, які, нібыта, узяўся “падправіць імідж” апошняга дыктатара Еўропы.

Праўда, у адрозненне ад англійскай манархіі, беларуская мае ў руках усю паўнату ўлады, шукае сяброў сярод краінаў-ізгояў і цалкам ігнаруе гістарычныя традыцыі сваёй краіны, аддаючы перавагу вобразам Сталіна і палітыцы русіфікацыі.

Паводле дзейнай Канстытуцыі Беларусі 4-х гадовы Міколка зможа ўступіць на пасаду прэзідэнта толькі праз 31 год. Ягонаму бацьку, верагодна, хопіць уласнай хітрасці і якасці медычнай абслугі, каб дацягнуць да інаўгурацыі сына. Яму тады будзе 85 гадоў. Аднак ніхто не ведае, якія віхуры напаткаюць Беларусь праз шэсць пяцігодак, і глыбокаму старому будзе няпроста абараніць пераемніка. З іншага боку, часу дастаткова, каб яшчэ не адзін раз змяніць Канстытуцыю. Не выпадкова ідэя Лукашэнкі пра скарачэнне тэрміну сярэдняй адукацыі супала з прэзентацыяй на БТ яго малодшага сына ў якасці наступнага прэзідэнта.

Заўважым, што ніхто не ведае, якім вырасце Міколка. І чым далейшы тэрмін інаўгурацыі, тым болей у яго шанцаў праявіць сябе як з добрага боку, так і з кепскага. Якія-небудзь загулы маладога бонвівана з прастытуткамі ды наркотыкамі могуць элементарна перакрэсліць планы Лукашэнкі на перадачу ўсенароднай любові ад сябе – сыну.

Так ці інакш, а мінімальны ўзрост наступнага прэзідэнта, які, верагодна, прыме беларускі электарат – узрост вайсковай прысягі, 18 гадоў. Гэта значыць, што пры Лукашэнку-старэйшым нам давядзецца жыць яшчэ, як мінімум, столькі ж, колькі мы пры ім пражылі – 14 гадоў. Варта ўсвядоміць сабе гэты тэрмін і настроіцца на плённую працу – найперш дзеля будучыні ўласных дзяцей, дабрабыту і захавання нацыянальных традыцый. Адна з гэтых традыцый вучыць: спадзявайся на лепшае, а рыхтуйся да горшага.

Усенародная любоў – вялікая з’ява. Яна толькі мацнее ў выпрабаваннях. На тое і спадзяецца Лукашэнка, што ягонага сынка палюбяць гэтаксама, як яго самога. Аднак заўважым, што ў гэтага медаля ёсць і адваротны бок. Гадаванне сабе на змену ўласнай крывінкі сведчыць пра тую агромністую прорву недаверу, што аддзяляе правіцеля ад ўсяго беларускага чынавенства і ад народа, дзе ў яго няма ані сябра, ані хоць колькі-небудзь вартага намесніка. Гэты момант можа стаць як абсалютным плюсам, так і абсалютным мінусам прэзідэнта.

Сымон Музыка, газэта Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0