Згодна са сцэнаром вучэнняў, адна з краін Балтыі стала ахвярай паступовай і нахабнай экспансіі з боку магутнага суседа. Групы баевікоў спрабуюць раздзьмуць масавыя хваляванні, захапіць уладу ў памежных гарадах, пачынаюць атакі на паліцыю і важныя аб'екты гаспадаркі. Адбываюцца кібератакі і спробы захапіць ці пашкодзіць інфармацыйныя сеткі.

Вучэнні адбудуцца па ўсёй тэрыторыі Польшчы

Вучэнні адбудуцца па ўсёй тэрыторыі Польшчы

Затым адбываецца ўварванне варожых войскаў у Балтыю і Польшчу, праціўнік імкнецца да анексіі акупаванай тэрыторыі.

Атакуюць «сініх» (Польшчу і яе хаўруснікаў) выдуманыя «чырвоныя» краіны Bothnia, Torrike і Lindsey. Польшча звяртаецца ў НАТА па дапамогу.

Аднак, імаверна, тры выдуманыя «краіны» — гэта тры расійскія вайсковыя кантынгенты, якія знаходзяцца ў Калінінградскай вобласці, на тэрыторыі самой РФ уздоўж межаў Эстоніі і Латвіі, а таксама, як ні сумна, на тэрыторыі Беларусі.

Улічваючы, што сцэнар уключае таксама анексію «чырвонымі» яшчэ адной «выдуманай дзяржавы», магчыма, гэтая дзяржава — Беларусь ці адна з краін Балтыі.

У гэтым кантэксце важнейшым для хаўруснікаў будзе захаваць наземную сувязь паміж Польшчай і Літвой — калідор паміж Беларуссю і Калінінградскай вобласцю РФ.

Тут на дапамогу прыбалтам прыйдуць амерыканскія механізаваныя часткі. Каб забяспечыць іхны марш нават у выпадку знішчэння мастоў, сапёры павінны максімум за гадзіну пабудаваць мост праз Віслу ў месцы, дзе рака мае прыкладна кіламетровую шырыню.

Разгорнуцца нябачныя аперацыі ў сферы радыёэлектроннай барацьбы. Жыхароў Торуня папярэджваюць пра магчымыя перабоі з сувяззю.

Плануецца правесці вучэнні сіл супрацьпаветранай абароны, а таксама знішчэнне ракетна-артылерыйскім ударам супрацьпаветраных комплексаў Расіі С-400, якія, калі будуць стаяць у Калінінградзе, будуць моцна замінаць авіяцыі саюзнікаў.

Амерыканскія жаўнеры праязджаюць літоўска-латвійскую мяжу перад пачаткам вучэнняў.

Амерыканскія жаўнеры праязджаюць літоўска-латвійскую мяжу перад пачаткам вучэнняў.

Сёлета афіцыйная «тэма» вучэнняў уключае супрацьстаянне «гібрыдным» пагрозам — то бок спалучэнню дзеянняў прапагандысцкага і ваеннага характару, у тым ліку з боку войскаў і спецыяльных падраздзяленняў, якія дзейнічаюць пад чужым сцягам.

«Сцэнар вучэнняў заснаваны на рэальных падзеях… На рэальных пагрозах», — адзначыў прадстаўнік Аператыўнага ўпраўлення Узброеных сіл Польшчы падпалкоўнік Пётр Валатэк.

У Anakonda-16 першы раз бяруць удзел сілы Тэрытарыяльнай абароны Польшчы, якія зараз арганізуюцца як асобны від узброеных сіл краіны. Створаныя па вопыце вайны ва Украіне мясцовыя фарміраванні будуць абараняць важныя аб'екты ў сваіх раёнах, дапамагаць рэгулярнай арміі і ліквідаваць варожых дыверсантаў.

Відавочна, прычынай падрыхтоўкі да такой пагрозы сталі дзеянні Расіі ва Украіне — падчас анексіі Крыма і вайны на Данбасе.

Аналітык польскага Інстытута міжнародных спраў Артур Kaрпчык лічыць, што гэтыя манеўры — сігнал Маскве, дэманстрацыя палітычнай волі саюзнікаў, здольнасці іх войск дзейнічаць у выпадку канфікту разам і вельмі аператыўна.

«Мэта — праверыць здольнасць краін Саюза абараніць свой усходні фланг», — сказаў міністр абароны Польшчы Антоні Мацярэвіч.

«Мэта Anakonda-16 — аб'яднаць усіх, каб паказаць, што мы стаім поплеч з польскім народам, з польскай арміяй і НАТА, каб усе краіны НАТА заставаліся вольнымі і незалежнымі», — сказаў напачатку вучэнняў начальнік штаба Сухапутных войскаў ЗША Марк Мілі. 

Урачыстая цырымонія адкрыцця вучэнняў.

Урачыстая цырымонія адкрыцця вучэнняў.

Адпрацоўваецца таксама частковая мабілізацыя рэзервістаў у Польшчы і краінах Балтыі, дапамога вялікай колькасці цывільных і вайсковых ахвяраў — вайна ва Украіне навучыла НАТА, што Масква будзе масава выкарыстоўваць артылерыю і цяжкую бранятэхніку.

Амаль адначасова на Балтыцы праходзяць вайскова-марскія вучэнні Baltops-2016, а ў краінах Балтыі — вучэнні Saber Strike.

Хуткасць рэакцыі, гатоўнасць да супрацоўніцтва частак розных армій пад адным камандваннем, аператыўнасць руху па зямлі, па моры і ў паветры — вось галоўная ідэя Anakonda-16.

Паралельна адбываюцца вялікія вучэнні шматнацыянальных паветрана-дэсантных войск Swift Response 16. Яны пачаліся яшчэ 27 мая, а скончацца толькі 26 чэрвеня.

Больш за 5000 дэсантнікаў і лётчыкаў краін НАТА дэманструюць максімальна хуткую рэакцыю на крытычную сітуацыю.

Гэтак, батальён 1-га палка 82-й паветрана-дэсантнай дывізіі ЗША за мінімальны тэрмін сядзе ў самалёты на сваёй амерыканскай базе і за 10 гадзін будзе ў Еўропе — з дазапраўкай самалётаў па дарозе і планаваннем будучага бою.

Над тэрыторыяй Польшчы яны аб'яднаюцца з брытанскімі і польскімі парашутыстамі і скокнуць на зямлю ў раёне горада Торунь. Асобна будуць праходзіць вучэнні дэсантнікаў у Нямеччыне. 

Зараз «Кантынгентам глабальнага тэрміновага рэагавання» у ЗША з'яўляецца 1-я брыгадная група 82 дывізіі ПДВ. Асобна ў Еўропе прысутнічае 173-я паветрана-дэсантная брыгада ЗША, падраздзяленні якой возьмуць удзел у дэсантах на поўначы Польшчы.

Менавіта дэсантнікі, як плануецца, возьмуць пад кантроль галоўныя вузлы камунікацый і масты, праз якія потым дзякуючы розным этапам вучэнняў у бок краін Балтыі пойдзе амерыканская цяжкая бранятэхніка ў рамках вучэнняў Anakonda-16.

Самыя вялікія вучэнні сіл НАТА на тэрыторыі Польшчы ў гісторыі гэтай краіны стануць дэманстрацыяй моцы і рашучасці альянса бараніць сваіх сяброў ад любой пагрозы перад самітам НАТА ў Варшаве 8—9 ліпеня.

На саміце, як чакаецца, будзе прынята рашэнне пра сталае размяшчэнне значнай колькасці саюзных войск ў Польшчы і краінах Балтыі, піша theguardian.com

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?