У папраўчай калоніі №22 пад Івацэвічамі 3 чэрвеня засіліўся вязень. У ПК-22 у асноўным адбываюць пакаранне па так званых наркатычных артыкулах. Пра інцыдэнт распавяла старшыня незарэгістраванага «Руху маці 328». Факт пацвердзілі і ва Упраўленні Дэпартамента выканання пакаранняў па Брэсцкай вобласці.
«Кажуць, што хлопец вельмі адэкватны. І хлопцы, якія з ім сядзелі толькі станоўча пра яго адгукаюцца», — распавяла старшыня незарэгістраванага «Руху маці 328» Ларыса Жыгар.
Вядома, што загінуламу яшчэ не было і трыццаці, ён быў асуджаны за распаўсюд наркотыкаў на 11 гадоў, а на волі ў яго засталося двое малалетніх дзяцей.
Яго сукамернікі распавядаюць сваім сваякам, што прычынай усяму маглі стаць сямейныя праблемы. Не выключаюць яны і іншай версіі — ціск на зняволенага ў самой калоніі.
Івацэвіцкае раённае ўпраўленне Следчага камітэта праводзіць праверку абставінаў здарэння.