Нядаўна стала вядома, што Расія размясціла за 40 кіламетраў ад беларускай мяжы свае войскі — 28-ю асобную мотастралковую брыгаду, якая брала ўдзел у сірыйскай і грузінскай кампаніях. 

На ўзбраенні ў брыгады і танкі, і рэактыўныя сістэмы агню. А з Клінцоў — горада, дзе месцяцца войскі — адкрытая дарога на Гомель. Да канца года ў Клінцах чакаюць 7 тысяч вайскоўцаў.

Словам, ёсць падставы задумацца.

Як на гэта рэагаваць Беларусі? Мы запыталіся ў ваенных экспертаў. 

Адзін з іх, Андрэй Паратнікаў, кіраўнік аналітычнага цэнтра Belarus Security Blog, адразу ўдакладніў, што наўрад ці выпадае гаварыць пра тое, што нейкія меры сапраўды будуць прынятыя.

«Ніякіх захадаў у адказ не будзе, бо няма фінансавых і арганізацыйных магчымасцяў, няма палітычнай волі, — сказаў Паратнікаў. — Але правільным адказам было б раўнамернае размяшчэнне войскаў на тэрыторыі краіны. Бо сёння ўсходняя Гомельшчына і Магілёўшчына фактычна не прыкрытыя ніяк. Ёсць база інжынерных войскаў, артылерыстаў, але гэта не сур'ёзна. Паўнавартасных механізаваных частак там няма. Таксама варта было б павялічыць колькасць узброеных сіл у два разы». 

Пры гэтым Паратнікаў мяркуе, што яшчэ не прыйшоў час вяртаць пытанне расійскай авіябазы ў парадак дня беларуска-расійскіх адносін. 

«Калі казаць пра сённяшні візіт Пуціна, то я не думаю, што войскі ў Клінцах будуць выкарыстаныя ім як нейкі аргумент пры перамовах. Бо калі гэтае пытанне з ягонага боку будзе паднятае, то гэта будзе выглядаць як не проста шантаж, а як пагроза. І наўрад ці Лукашэнка дазволіць Пуціну размаўляць мовай пагроз і шантажу. Таму і пытанне авіябазы ўвогуле не будзе абмяркоўвацца, таму што расейцы проста чакаюць, пакуль у Беларусі наступіць больш глыбокая фаза эканамічнага крызісу, каб атрымаць адразу ўсё і на тых умовах, якія будуць іх не проста задавольваць, а якія будуць наўпрост імі дыктавацца», — падсумаваў Паратнікаў. 

Амаль такога ж меркавання трымаецца і Аляксандр Алесін.

«З вайсковага гледзішча ніякага адказу не будзе, — сказаў Алесін. — Лукашэнка ж сказаў, што гэта тыя часці, якія ў выпадку ўзброенага канфлікту мусяць прыйсці на «дапамогу» Беларусі (але хто збіраецца на нас нападаць?). То бок, часці, размешчаныя ў заходніх рэгіёнах Расіі, прыйдуць на дапамогу беларускаму войску, якое мусіць затрымаць праціўніка. Гэта такая афіцыйная пазіцыя. І я думаю, што Лукашэнка не асмеліцца змяніць канфігурацыю і дыслакацыю нашых Узброеных сіл, якія сёння засяроджаныя на заходнім і паўночна-заходнім кірунку супраць НАТА. Збіраць нейкую дадатковую групоўку на ўсходзе? Гэта небяспечны крок для Лукашэнкі. Але трэба ведаць — краіна ў нас невялікая. І ў выпадку патрэбы мотастралковыя злучэнні і сілы спецаперацый можна вельмі хутка перакінуць у любы рэгіён Беларусі. А цяпер, найбольш імаверна, будуць проста ўзмоцненыя сродкі выведкі — беспілотнікі, радыёэлектронная выведка, назіранне з боку памежнікаў за сумежнымі тэрыторыямі».

Расійскія танкі ля беларускай граніцы ў Клінцах. Фота радыё «Свабода».

Расійскія танкі ля беларускай граніцы ў Клінцах. Фота радыё «Свабода».

Таксама Алесін выказаў думку, што ў сённяшніх умовах Лукашэнку вельмі цяжка манеўраваць.

«Лукашэнка цяпер у цяжкім становішчы, нават дзякуючы нашым заходнім партнёрам, якія ставяць новыя базы каля межаў Беларусі. Гэта дае падставы для турботы расейцам, якія прымушаюць Лукашэнку выконваць саюзныя абавязкі. Таму, я думаю, рыторыка Лукашэнкі будзе ўсё больш прарасійскай у гэтым плане, ён будзе казаць тое, што хочуць чуць у Крамлі», — падзяліўся думкамі Алесін.

Дарэчы, у Міністэрстве абароны нам сказалі, што «грамадзяне нашай краіны могуць быць упэўненыя, што ваенная стабільнасць і бяспека Беларусі будзе забяспечаная несумненна».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?