09.06.2016 / 10:41

Стомлены Кабякоў, бык-асемяніцель і прыгожыя беларускія дзяўчаты. Рэпартаж Калеснікава пра візіт Пуціна ў Беларусь 7

У сераду прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін і прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка абмеркавалі ў Мінску цэны на расейскі газ для Беларусі, узялі ўдзел у Форуме рэгіёнаў і агледзелі выставу «Белагра-2016». Спецыяльны карэспандэнт «Коммерсанта» Андрэй Калеснікаў адзначае, што, хоць Аляксандр Лукашэнка назваў візіт Уладзіміра Пуціна паездкай да «малодшых вашых братоў», не варта памяншаць значэнне візіту прэзідэнта Расіі і да братоў нашых меншых.

Сустрэча Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі пачалася з таго, што Уладзімір Пуцін зрабіў моцнае прызнанне: у панядзелак спаў чатыры гадзіны, у аўторак — пяць. Лёг у тры, устаў у восем. Аляксандр Лукашэнка не хацеў саступаць калегу наогул ні ў чым з самага пачатку, таму акуратна заўважыў, што і сам увесь час не высыпаецца.

Вось цяпер усе і думаюць, чым гэта яны так заклапочаныя, кожны ў сябе дома.

Рытуальныя словы аб узроўні тавараабароту паміж Расіяй і Беларуссю занялі ва Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі хвіліны тры. Пасля гэтага старшыня ўрада Беларусі Андрэй Кабякоў казаў толькі пра адно, што сапраўды цікавіла беларусаў у сувязі з прыездам спадара Пуціна: пра цэны на газ, які «Газпром» пастаўляе ў Беларусь. Рэспубліка, натуральна, хоча іх знізіць, прычым, па звестках «Коммерсанта», радыкальна.

Андрэй Кабякоў, мабыць, з самага пачатку быў асуджаны на цяжкую місію пачаць размову пра гэта з расійскім прэзідэнтам. Ён сустрэў Уладзіміра Пуціна ў аэрапорце. І той падвёз спадара Кабякова на сваёй машыне да Палаца Незалежнасці, дзе іх чакаў беларускі прэзідэнт. Прычым я бачыў, як Андрэй Кабякоў выходзіў з машыны Уладзіміра Пуціна. З яе выйшаў, не адразу, выматаны жыццём і вельмі стомлены ад яго чалавек. Хапіла, мабыць, паўгадзіны, каб асноўныя сілы пакінулі яго. Ён яшчэ некаторы час стаяў каля машыны ў кашулі, трымаючы ў руках пінжак, і як быццам вырашаў, што яму рабіць далей. Як жыць.

А далей гэта яго катарга працягнулася ўжо ў палацы. Перамовы ішлі ў закрытым рэжыме, але, па звестках «Коммерсанта», пасля двухгадзіннай сустрэчы беларусы не атрымалі ў адказ «не». Мяркуючы па ўсім, расійскі бок урэшце пойдзе ім насустрач: сусветныя цэны на газ і на самай справе падаюць. Іншая справа, што, калі пойдзе газ па новых цэнах, сусветныя цэны, вядома, пачнуць расці, і акажацца, што Расея зноў павяла сябе так, як магла б не паводзіць. Але тут ужо ніхто не здзівіцца.

Наступным пунктам на мапе Мінска, куды павінна была ступіць ў гэты дзень нага Уладзіміра Пуціна, стаў Палац Рэспублікі. На ўваходзе вісела маленькая паперка: «Замест Веснавога канцэрта 22 красавіка адбудзецца Песня года 5 снежня». Па гэтым тэксце можна было меркаваць аб запаўняльнасці Палаца Рэспублікі ў звычайны час. Пазней адна з супрацоўніц палаца распавяла мне, што канцэртаў тут і на самай справе не шмат, затое ўрачыстыя мерапрыемствы — ледзь не кожны дзень, і асабіста ёй адно ад другога адрозніць не заўсёды ўдаецца, бо пасля ўрачыстай часткі заўсёды выступае нейкая філармонія.

У гэты дзень у Палацы Рэспублікі праходзіў Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. У холе стаялі губернатары, а таксама міністр культуры Расіі Уладзімір Мядзінскі. Толькі што ён выступаў перад удзельнікамі форуму і прызнаваўся ў тым, што дзяржава, прычым, мабыць, Саюзная, гатова фінансаваць два праекты ў галіне кінематаграфіі: пра культавага савецкага міністра замежных спраў Андрэя Андрэевіча Грамыку і пра ўцёкі з канцлагера ў Польшчы, які арганізаваў Аляксандр Пячэрскі, чыя памяць нядаўна была адзначана спадаром Пуціным ордэнам Мужнасці (відавочна, пэўная актыўнасць Уладзіміра Мядзінскага ў такім кірунку была прастымулявана не ў апошнюю чаргу менавіта гэтай акалічнасцю).

Тут, у холе, быў і чалавек, які, калі трэба, гатовы падставіць плячо і зняць, не пабаюся гэтага слова, абодва гэтыя фільмы адразу. Гэта, без сумневу, Ігар Угольнікаў. У яго ж ужо ёсць пазітыўны досвед узаемадзеяння з Саюзнай дзяржавай, вынікам якога стаў шматпакутны фільм «Брэсцкая крэпасць».

Напакутаваўся Ігар Угольнікаў таму, што Саюзная дзяржава фінансавала фільм без энтузіязму, а часцей за ўсё не фінансавала наогул, хоць на кожным пасяджэнні лідараў гэтай дзяржавы пытанне стаяла на парадку дня рубам — не першым, але і не апошнім пунктам. Затое калі фільм быў усё-ткі нарэшце зняты, ён стаў, бадай, адзінай відавочнай прыкметай існавання гэтай дзяржавы.

Зрэшты, Ігар Угольнікаў гатовы да новых нягод і выпрабаванняў.

— Ну а хто яшчэ, калі не я? — глыбока ўздыхнуў ён, адказваючы на маё пытанне.

Яму наогул не пазайздросціш: на яго звалілася столькі ўсяго. Ён жа яшчэ фільм пра Леніна хоча нарэшце зняць. І пасля «Батальёна», зробленага разам з Фёдарам Бандарчуком, Ігару Угольнікаву, па звестках «Коммерсанта», удалося нават выпіць чаю з гэтай нагоды з Уладзімірам Пуціным, і Ігар Угольнікаў прызнаўся, што ёсць, ёсць такая думка: хтосьці ж і гэта павінен рабіць.

— Але вы разумееце, як гэта цяжка? — толькі і спытаў Уладзімір Пуцін.

Ігар Угольнікаў моўчкі кіўнуў тады. Ці ж яму не разумець.

У прысутнасці Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі на форуме першым выступіў кіраўнік Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі. З яго шчырай прамовы непазбежнасць далейшага існавання Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі стала яшчэ больш відавочнай. Ён паведаміў, што расце беларуска-расійскі моладзевы рух і што ў гэтым годзе ўжо тры (а не як раней) будатрады паедуць працаваць у Расію. Няўхільна расце колькасць расійскіх пацыентаў, якім аказваецца медыцынская дапамога ў стацыянарных і амбулаторных умовах вобласці.

Але ўся гэта разнастайнасць расійска-беларускага саюзніцтва паблякла перад весткай пра тое, што ў рамках праекта «Неба, рака, дружба!» шырыцца сумеснае расійска-беларускае купанне грамадзян Саюзнай дзяржавы.

Нарэшце выступілі прэзідэнты. Уладзімір Пуцін засяродзіўся на тым, што наракаў беларусам: праз іх краіну вязуць, пад выглядам беларускіх тавараў, санкцыйныя, з Еўропы.

— Мы хочам мець беларускія яблыкі, мяса, малако, — пераконваў спадар Пуцін, але было падобна, што цяпер ён усё-ткі аддае перавагу выбіраць з двух зол меншае.

Спадар Лукашэнка прапаноўваў Расіі, як заўсёды, партнёрскія адносіны. У рамках гэтых адносін трэба перагледзець палітыку тэлевізійнага вяшчання Саюзнай дзяржавы. У адрозненне ад беларускіх абласцей, дзе наладжана вяшчанне ўсіх асноўных расійскіх тэлеканалаў, на Расею вяшчае толькі «Беларусь-24», ды і тое не ўсюды.

— Нашым каналам патрэбна падтрымка вашых рэгіёнаў, — дакорліва канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Тут жывуць малодшыя, але вашы браты!

Ён меў на ўвазе жыхароў Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка, вядома, пагадзіўся з Уладзімірам Пуціным наконт таго, што трэба замест санкцыйных больш адпраўляць у Расію беларускіх тавараў.

— Хай лепш нашы вытворцы вырошчваюць усё, аж да бананаў, і прадаюць у Расею! — усклікнуў Аляксандр Лукашэнка. Гэта значыць, відавочна, пастаўкі беларускіх бананаў у Расею будуць працягвацца так жа актыўна, як цяпер.

Потым прэзідэнт Беларусі звярнуўся непасрэдна да прэзідэнта Расіі і сказаў яму, што той павінен ведаць: яго тут чакаюць, і тое, што Уладзімір Пуцін за два месяцы другі раз прыехаў у Беларусь, «кажа пра тое, што Беларусь — не чужая».

А сваім людзям можна і тым больш трэба газ прадаваць як сабе самому.

Наступным пунктам была выстава «Белагра-2016» на тэрыторыі былога аэрапорта Мінск-1. Тут былі сабраны вынікі ўсіх дасягненняў беларускай сельскай гаспадаркі і прамысловасці. Менавіта тут, у рэшце рэшт, пасвіўся цяпер знакаміты беларускі Юрза, які за сваё нядоўгае, у сутнасці, жыццё — усяго чатыры гады — здаў на патрэбы сельскай гаспадаркі Беларусі 49,3 тыс. доз спермы (гэтым і цікавы).

Між тым спосаб агляду выставы Аляксандр Лукашэнка прадугледзеў для Уладзіміра Пуціна незвычайны, калі не сказаць дзіўны. Нечакана ўдзельнікі гэтага агляду (сам Аляксандр Лукашэнка, сам Уладзімір Пуцін, члены дэлегацый, супрацоўнікі службаў бяспекі) пагрузіліся ў два гарадскія аўтобусы, як быццам толькі што знятыя з маршрутаў, і паехалі, трымаючыся за скураныя рамяні (сядзячых месцаў, вядома, усім не хапіла), уздоўж стэндаў з хуткасцю пахавальнай працэсіі.

Мы праязджалі Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт Рэспублікі Беларусь, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь… Мы праплывалі міма фарбаваных серабранкай гіпсавых русалак. І зноў: Нацыянальная акадэмія навук Рэспублікі Беларусь, Белкумыспрам Рэспублікі Беларусь… Нарэшце мы параўняліся са статкам кароў, якім і кіруе, мабыць, бык Юрза. Тут быў запланаваны прыпынак, і нехта ў нашым аўтобусе нават запанікаваў: «Вы выходзіце? Адкрыйце!» І атрымаў чаканы адказ: «Тут усе выходзяць». Але не выйшаў ніхто. Уладзімір Пуцін аддаў перавагу працягнуць рух — магчыма, каб не спудзіць бычка, у якога пакуль усё ідзе настолькі слава богу. Уладзімір Пуцін праехаў міма і не ўбачыў, быць можа, галоўнага: з якім дзіўным спрытам і фенаменальнай хуткасцю чалавек у спяцоўцы паспяваў падхопліваць з-пад занепакоеных кароў іх духмяныя аладкі так, што ні адной так і не наканавана было даляцець да зямлі.

У канцы гэтага падарожжа ўсе выйшлі, нарэшце, з аўтобусаў і апынуліся каля ўваходу ў павільён «Беллегпрам». Тут дэманстраваўся знакаміты беларускі тэкстыль. У яго былі з ног да галавы апрануты і манекены, і жывыя дзяўчыны ў павільёне, і адрозніць іх адну ад адной не ўяўлялася магчымым. Асабліва іх раднілі ўсмешкі.

— У Расеі ўсё гэта мігам ляціць! — паведаміла раптам Аляксандру Лукашэнку і Уладзіміру Пуціну Валянціна Мацвіенка, якая маўчала да гэтага часу.

— Але ўсё роўна дзяўчыны ў Беларусі прыгажэйшыя, чым у Расіі! — не пагадзіўся з ёй Аляксандр Лукашэнка.

Двум прэзідэнтам зладзілі вокамгненны паказ беларускай моды. Гэта значыць, тыя самыя дзяўчаты і юнакі, пра якіх Аляксандр Лукашэнка прамаўчаў, мабыць, проста таму, што не ведае гэтага прадмета так глыбока, як папярэднага, насоўваліся на прэзідэнтаў з глыбіні невялікага павільёна і, замёршы проста перад імі, глядзелі на іх з прафесійнай шчырасцю: ці то з трывогай, ці то пагрозліва, але заўсёды спадылба, а потым паварочваліся спінай і дэманстратыўна (бо гэта ўсё ж такі была дэманстрацыя) сыходзілі туды, адкуль прыйшлі.

У рэшце рэшт і Уладзімір Пуцін паляцеў туды, адкуль прыляцеў.

0
ром / Адказаць
09.06.2016 / 11:03
горачка нейкае..
0
Генэрал Голад / Адказаць
09.06.2016 / 11:55
"Уладзімір Пуцін зрабіў моцнае прызнанне: у панядзелак спаў чатыры гадзіны, у аўторак — пяць. Лёг у тры, устаў у восем." Мо' малыя дзеці спаць не давалі?
0
Летавік / Адказаць
09.06.2016 / 12:53
Класна напісана. Толькі так, у жанры фельетона, і магчыма асвяшчаць гэтую савецка-саюзную падзею.
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру