Адзін з заснавальнікаў Google Лары Пэйдж прафінансаваў два праекты, якія распрацоўваюць персанальныя лятальныя апараты. Пра гэта расказала выданне Bloomberg Businessweek са спасылкай на 10 ананімных крыніц, блізка знаёмых з сітуацыяй.

Кадр з фільма «Назад у будучыню»

Кампаніі называюцца Zee.Aero і Kitty Hawk, яны працуюць цалкам незалежна адна ад адной, спаборнічаючы ў дасягненнях. Вядома, што Пэйдж уклаў у Zee.Aero больш за 100 мільёнаў даляраў, пачынаючы з моманту яе заснавання. Kitty Hawk Пэйдж пачаў фінансаваць ў 2015 годзе, сума інвестыцый не называецца.

Zee.Aero працуе над лятальным апаратам, які нагадвае паменшаны самалёт. Kitty Hawk, наадварот, стварае квадракоптар, досыць вялікі, каб везці пасажыра. Абодва офісы знаходзяцца ў Крамянёвай даліне, акружаныя зямлёй, якая належыць Google.

У абодвух праектах працуюць вядомыя спецыялісты па тэхналогіях і авіяцыі. Кіраўнік Kitty Hawk — былы заснавальнік лабараторыі Google X, які таксама займаўся распрацоўкай беспілотнага аўтамабіля. У Zee.Aero працуюць інжынеры з праекта AeroVelo, якія раней стварылі верталёт на мускульнай цязе.

Пэйдж не хоча афішаваць свой удзел у праектах лятучай машыны. Яго цікавасць у гэтай сферы — «асабістыя амбіцыі» і жаданне выканаць дзіцячую мару. У адным з іх яго нават прадставілі супрацоўнікам пад псеўданімам GUS — the guy upstairs («хлопец наверсе»).

Мясцовыя жыхары некалькі разоў заўважалі незвычайныя лятальныя апараты. У апошнія месяцы супрацоўнікі аэрапорта Холістэр бачылі два прататыпы аўтамабіляў Zee.Aero з вузкім корпусам, кабінай для аднаго чалавека і прапелерамі ў задняй частцы Работнікі не называюць імя Пэйджа ў сувязі з выпрабаваннямі, аднак чулі, што ўладальнік праекта вельмі багаты.

Няма ніякай гарантыі, што машыны хаця б аднаго з праектаў калі-небудзь узляцяць. Па словах крыніц, ёсць мноства праблем прававога і тэхналагічнага плана. Аднойчы Пэйдж заявіў, што калі яго ўдзел у праектах стане здабыткам грамадскасці, ён спыніць фінансаванне праектаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?