Буйны крадзеж валюты раскрылі аператыўнікі крымінальнага вышуку Ленінскага райаддзелу міліцыі Горадні.

Як паведамілі ва УУС Гродзенскага аблвыканкама, па дапамогу ў органы ўнутраных спраў звярнуліся сужыцелі-пенсіянеры. Яны распавялі, што невядомы скраў у іх парадку дзевяці з паловай тысяч даляраў ЗША і амаль дзве тысячы еўра.

У ходзе праведзеных аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў удалося высветліць усе акалічнасці, пры якіх гэтак буйная сума грашовых сродкаў знікла з кватэры пенсіянераў. Як аказалася, разам з імі пражывае нявестка, якую цяпер і падазраюць у крадзяжы. 31-гадовая жанчына ведала, дзе сваякі захоўваюць свае зберажэнні, і час ад часу без папытання брала адтуль валюту. Каб ніхто нічога не западозрыў, яна клала замест сапраўдных даляраў і еўра то сувенірныя банкноты, то ўласнаручна надрукаваныя фальшыўкі.

На працягу чатырох гадоў ніхто не здагадваўся, што робіцца няладнае, пакуль пенсіянер не пазычыў грошай свайму сыну. Мужчына аднёс банкноты на абмен у банк, дзе высветлілася, што яны несапраўдныя.

Падазраваная не толькі выдаткоўвала грошы на сябе, але і купляла дарагія падарункі сыну, мужу, свякрусе і свёкру, у якіх крала валюту. Сваякі даравалі нявестцы і не маюць намеру прыцягваць яе да крымінальнай адказнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?