У нядзелю ўвечары гамяльчанка Святлана палівала каля дома на вуліцы Нагорная кветкі, побач гуляў 10-гадовы сын Уладзік, у калысцы спала двухгадовая Жэня. Нядзельную ідылію парушыў раптоўны грукат за суседскім плотам — і праз хвіліну перад здзіўленай жанчынай стаяў велізарны лось.

— У яго ногі — метры два, таму ён не скакаў, проста пераступіў суседскі двухметровы плот з металапрофіляў і пайшоў на Свету і дзяцей. Сястра дачку з калыскі схапіла, і яны выбеглі за брамку, — распавядае Наталля, сястра Святланы. Яна з сям'ёй прыбегла на Нагорную адразу пасля здарэння.

Спалоханы лось то заміраў, то пачынаў кідацца па двары. Суседзі, якія сабраліся на крык жанчыны, пачалі тэлефанаваць у розныя службы. Але ўсюды атрымлівалі адмову.

— У МНС нам сказалі, што ў іх няма дроцікаў, у «Спецкамунтрансе» — што не маюць права адстрэльваць жывёл у прыватным сектары, ноччу прыехалі паляўніцтвазнаўцы, пахадзілі-паглядзелі, прапанавалі пачакаць да раніцы і з'ехалі, — кажа Наталля.

Тым не менш, лось нікуды сыходзіць не збіраўся: працягваў граміць двор, таптаў грады, залез у куратнік, біўся галавой у акно аднаго з пакояў.

— Мы ў гэты час ужо змаглі забегчы ў дом. І было вельмі страшна бачыць яго морду ў акне, — успамінае жанчына. — Рогі ў яго былі абламаныя, з іх увесь час адвальваліся нейкія крывавыя шматкі, з рота ішла пена. Можа, ад таго, што хацеў піць, а можа і ад таго, што шалёны. У вачах чыталася: «Пакажыце, дзе выхад, і я пайду». А як яму пакажаш? Муж выйшаў, каб яму хлеба прапанаваць, дык у яго шэрсць дыбам, капытом б'е, муж нават дадому не паспеў вярнуцца, у хляве зачыніўся. Потым сяк-так у дом перабег.

У страху і без сну абедзве сям'і правялі ўсю ноч. Каля пяці раніцы лось сышоў. Куды — ніхто не ведае.

— Дзіўна, што ні адна служба не адрэагавала. Ніколі яшчэ мы не адчувалі сябе такімі безабароннымі. Добра, што ўсё скончылася шчасна, але магло ж быць усё па-іншаму, — рэзюмуе Наталля.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?