Валянціна Губарэвіч, настаўніца рускай мовы і літаратуры сталічнай гімназіі №74, якая пацярпела ад нажа школьніка, дала інтэрв'ю «Народнай Волі».

— Я ўжо іду на папраўку, швы зажываюць. Хоць аперацыя была сур’ёзная. Дзве з паловай гадзіны зашывалі раны, хірургі працавалі ў чатыры рукі. Тры дні знаходзілася ў рэанімацыі.

— Надоўга вы затрымаецеся ў бальніцы?

— Ужо сама прашуся на выпіску, але ў мяне дзве раны, якія не зажылі. А далей — магчыма, рэабілітацыйны перыяд. І, ведаеце, я не збіраюся на гэтай гісторыі рабіць, як кажуць, «бізнэс», станавіцца суперзоркай… Вось вы лепш напішыце пра доктара, які мяне выратаваў у машыне «хуткай дапамогі». Яго ўмелыя дзеянні і дзеянні ўсёй брыгады, можна сказаць, падарылі мне новае жыццё.

Пазней ён наведаў мяне ў бальніцы і расказаў, што калі заляцеў у клас і ўбачыў мяне, то ў літаральным сэнсе жахнуўся. Дарэчы, доктара клічуць Жан, і, калі я сказала яму, што адгэтуль ён мой анёл-ахоўнік, ён папрасіў: «Толькі не называйце Жанам свайго ўнука».

— Колькі прайшло часу з моманту трагедыі да прыезду «хуткай»?

— Я не памятаю, хоць і была ўвесь час у прытомнасці. Але час для мяне спыніўся. Я хутка слабела. Таму пазваніла не ў «хуткую», дзе давялося б яшчэ тлумачыць, а дачцэ Дашы. Тым больш яе нумар быў першым у спісе выклікаў. Даша ў складаныя хвіліны хутка думае, што трэба рабіць. Яна тэрмінова звязалася з сацыяльным педагогам гімназіі, прыбеглі калегі… Памятаю толькі што я ўвесь час паўтарала адну і тую ж фразу: «У мяне тата, мне нельга паміраць… Мне нельга паміраць… Мне нельга паміраць…» Чула, што дырэктар гімназіі, выклікаючы «хуткую», нешта гучна крычала ў тэлефонную слухаўку…

— Пакуль дактары не прыехалі, вам медыцынскую дапамогу аказвалі?

— А што калегі маглі зрабіць? Але мне нельга было паміраць. У мяне брат трагічна загінуў у 12-гадовым узросце (мне тады было 14). Балаваўся – узрываў карбід у бутэльцы, і аскепкам шкла перарэзала сонную артэрыю. Смерць брата змяніла ўсё наша жыццё. Змяніла маё ўспрыманне свету, бо я бачыла, як пакутавалі бацькі. Гэта цяжка перадаць словамі…

Год таму памерла мама. І калі б са мной нешта здарылася, тата гэтага не перажыў бы.

— Валянціна Уладзіміраўна, раскажыце, як вы сталі педагогам?

— Скончыла філфак БДУ. Я сама абрала спецыяльнасць, мне, дарэчы, вельмі падабалася правяраць сшыткі. Ды і ўвогуле – ішла на педагагічную працу па прызванні.

— Цяжка даводзілася першы час?

— Калі малады, усе праблемы пераадольныя. Па-першае, таму што яшчэ толкам не разабралася ў спецыфіцы працы. Па-другое, у маладосці ў людзей вецер у галаве, і ўсё ўспрымаецца без дадатковых цяжкасцяў. Памятаю, першы час не магла разабрацца, дзе дзеепрыслоўе, а дзе прыслоўе. Ні я не магла разабрацца, ні дзеці. Гэта было самае смешнае ў маёй практыцы, але вопыт прыходзіў з гадамі. І мне заўсёды падабалася мая праца.

— Вы знаходзілі ўзаемапаразуменне з дзецьмі?

— У нас былі нармальныя роўныя адносіны. З некаторымі і цяпер сустракаемся, размаўляем… Калі некаму больш за ўсё і даставалася ад мяне, дык гэта маім вучням, якіх я рыхтавала да ўдзелу ў алімпіядах.

— Вы – патрабавальны педагог?

— Патрабавальны, але толькі таму, што хачу даць вучням веды. І да «алімпіяднікаў», як ужо казала, прад'яўляла асаблівыя патрабаванні. Паверце, гэта тыя людзі, якім не пазайдросціш. Таму што яны павінны былі ведаць усё, пра што б я ні пыталася.

— Цяперашняе пакаленне адрозніваецца ад папярэдняга?

— Пакаленні заўсёды адрозніваюцца. Але хачу сказаць, што зараз яны менш чытаюць. І вядома ж, калі ты прымушаеш вучняў чытаць кнігі Анатолія Рыбакова, Талстога, Марка Твэна, Лермантава, то многія пачынаюць абурацца: маўляў, навошта нам гэта трэба?! Хоць я не бачу нічога дрэннага ў тым, каб прымусіць дзіця пачытаць кнігу, якую варта пачытаць. Так што, безумоўна, адрозніваюцца і дзеці, і класы. Напрыклад, возьмеш дзяцей 5-га класа і паступова прывучваеш іх да сваіх методык. У старэйшых класах табе ўжо лёгка працаваць з гэтымі школьнікамі. Але ёсць і складаныя класы.

— А «любімчыкі-нелюбімчыкі»… Гэта было?

— Усё ацэньвалася па ведах. Хоць цяпер пра мяне розныя небыліцы пішуць у прэсе…

— І нават апублікавалі фота школьніка, якога вы пасадзілі падчас урока ў пакаранне на крэсла каля дзвярэй. Што гэта за гісторыя?

— Калі ў класе дзіця перашкаджае на ўроку астатнім вучням і яго немагчыма было супакоіць, адпраўляла яго на гэту «лаўку». Школьнік знаходзіўся каля дзвярэй, але бачыў усё, што адбываецца каля дошкі. То бок ён не быў выключаны з навучальнага працэсу, але ў той жа час не перашкаджаў іншым дзецям. Я лічу, гэта лепш, чым адправіць вучня ўвогуле з класа. Невядома, чым ён будзе ў гэты час займацца, і што з ім адбудзецца. Да таго ж гэта было не правіла, а выключэнне, калі вучня ўжо нельга было супакоіць іншымі метадамі.

— Бацькі, напэўна, былі супраць такіх метадаў? Некаторыя не так даўно паведамілі ў СМІ, што пісалі на вас скаргі дырэктару гімназіі…

— Я вам шчыра скажу: нічога пра гэта не ведала. Таму што былі бацькоўскія сходы, і мяне туды ніхто туды не запрашаў. І потым – я з той катэгорыі настаўнікаў, якія, калі ў іх праблемы з вучнямі, запрашаюць бацькоў на размову…

— Калі паправіце здароўе, вернецеся працаваць у гімназію?

— Летась мой клас быў выпускны, і я ўжо тады збіралася сысці разам з імі. Але потым вырашыла яшчэ на год застацца.

Але мне зараз псіхалагічна нястрашна вярнуцца ў гімназію, бо няма сэнсу даказваць камусьці, якая я. І сябры, і мае вучні ведаюць – якая. А тое, што не можаш быць добрым для ўсіх, дык гэта натуральна. Але я не думала пакуль, ці вярнуся. Дачка прапануе ў гэтым плане самой зрабіць выбар, муж за тое, каб я сышла. Але шчыра кажучы, і самой не хочацца выходзіць на працу, пакуль у гэтай справе не будзе пастаўленая кропка. Непрыемна працаваць, адначасова чытаючы пра сябе чарговую порцыю брыдкасцяў.

— Калі ацэньваць тое, што адбылося… Хто, на ваш погляд, у такіх трагедыях вінаваты ў першую чаргу: сям’я, бацькі, школа?

— Я лічу, што бацькі не павінны ў настаўніках шукаць ворагаў. Педагогі прыходзяць на ўрокі, каб працаваць са школьнікамі, даваць ім веды. Бацькі павінны бачыць у настаўніках паплечнікаў, і тады ўсе канфліктыя сітуацыі можна будзе вырашаць спакойна.

— Валянціна Уладзіміраўна, зараз вы часта ўзгадваеце той трагічны выпадак?

Я хачу сказаць адно: у мяне няма злосці на таго, хто гэта зрабіў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?