Былы дэпутат Магілёўскага гарсавета Дзмітрый Бірукоў, які ўзначальваў ЖРЭУ Кастрычніцкага раёна Магілёва, вызвалены ад крымінальнай адказнасці пасля рашэння Аляксандра Лукашэнкі аб памілаванні. Інфармацыю пра гэта БелаПАН пацвердзілі ў абласной пракуратуры.

Нагадаем, у лістападзе 2014 года стала вядома аб заключэнні пад варту падазраванага ў карупцыі дэпутата Магілёўскага гарадскога савета — дырэктара ЖРЭУ Кастрычніцкага раёна горада. Следства выявіла, што народны абраннік з 2011 па 2012 год сістэматычна злоўжываў сваімі службовымі паўнамоцтвамі, нанёсшы шкоду камунальнаму прадпрыемству больш чым на 11 млн. рублёў.

Як паведаміла БелаПАН старшы памочнік пракурора Магілёўскай вобласці Алена Шумейка, у дачыненні да Бірукова была расследавана крымінальная справа па ч. 1 арт. 210 (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі) і ч. 2 арт. 424 (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі) Крымінальнага кодэкса. Паводле яе слоў, у 2015 годзе абвінавачваны звярнуўся да прэзідэнта з просьбай аб памілаванні і яна была задаволена ў канцы зімы гэтага года.

«Ён не аспрэчваў фактаў учынення злачынстваў і цалкам кампенсаваў нанесеную камунальнаму прадпрыемству шкоду», — расказала Шумейка.

Адзначым, што Дзмітрый Бірукоў, беспартыйны, быў абраны дэпутатам Магілёўскага гарадскога савета 27-га склікання ў 2014 годзе. Ён у той жа час таксама балатаваўся ў Магілёўскі абласны савет, але не быў туды абраны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0