Набліжаецца стагоддзе Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года. Гэтай расійскай рэвалюцыі была прысвечанная ІІІ гадавая канферэнцыя Школы па вывучэнні Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропы. Яна адбылася 2—4 чэрвеня ў Мюнхене.

Гэтая школа (Graduiertenschule) — інавацыйная навукова-даследчая ўстанова, пакліканая інтэнсіфікаваць навуковы кірунак Ost- und Südosteuropastudien (даследаванняў Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропы) у межах паўсталай у 2012 годзе ініцыятывы ўрада ФРГ для ўдасканальвання вышэйшай адукацыі (Exzellenzinitiative).

Тэма канферэнцыі гучыць наступным чынам: «The Culture of the Russian Revolution And Its Global Impact. Semantics — Performances — Functions» (Культура рускай рэвалюцыі і яе глабальныя імплікацыі. Семантыка — перформансы — функцыі). Такі знадворны позірк на добра вядомую падзею цікавы як для Расіі, так і для Беларусі, бо ў нашай краіне сістэма каардынат грамадскіх дыскусій і масавага светаўспрымання ўсё яшчэ ўтрымлівае вялікую колькасць прамых ці ўскосных адсылак да гэтай падзеі.

Няма сэнсу дэталёва пераказваць змест усіх дакладаў — рэфераты выступленняў даступныя на сайце школы, пазней з’явяцца таксама відэазапісы цікавых лекцый Барыса Каланіцкага, Юрыя Слёзкіна і Аляксея Юрчака. Я б хацеў звярнуць увагу на некаторыя найбольш істотныя высновы, якія можна зрабіць «па выніках» канферэнцыі, з асаблівым націскам на рэчаіснасць беларускай культуры. На маю думку, зусім ясна, што беларуская інтэлектуальная прастора таксама мае патрэбу ў рэфлексіі рэвалюцыі 1917-га. Важна пры гэтым мець магчымасць абаперціся на іншую мову, іншыя запытанні, наогул, на досвед іншага погляду, чым традыцыйна-беларускі (у самых розных сэнсах гэтага слова). Толькі такім парадкам можа быць пераадоленая галеча беларускага інтэлектуальнага здабытку перыяду постсавецкай эмансіпацыі.

Даклады, прачытаныя на канферэнцыі, выражаныя ў іх бягучы стан вывучэння Кастрычніцкай рэвалюцыі ў заходніх краінах, дазваляюць істотна стымуляваць беларускую рэфлексію аб Кастрычніцкай рэвалюцыі. Наогул, само пытанне, якое стала лейтматывам гэтай канферэнцыі і большасці паведамленняў («What is meaning of the 1917 Russian revolution one hundred years later?»), — праблематычна гучыць з беларускага гледзішча, з прычыны разнастайных эфектаў сацыяльнага атачэння. Пэўны нацыянальна-ліберальны гістарыяграфічны мэйнстрым, калі яго можна папярэдне вылучыць, выпрацаваў даволі спецыфічнае стаўленне да рэвалюцыі. Яе значэнне трэба было абавязкова рэтушаваць, хаця б у нацыянальным кантэксце. Напрыклад, у 1990-х беларускія гісторыкі стала пісалі пра тое, што гэта быў пераварот, а не рэвалюцыя. Для часткі інтэлектуалаў гэтая праблема, трэба адзначыць, застаецца «гарачай» да сёння.

Гэта важны момант. У дадзеным выпадку больш стрыманы падыход вонкавага назіральніка дазваляе зменшыць наструненасць ідэалагічнай ангажаванасці, успрыняць гэты гістарычны эпізод з пазіцый «класічнага рацыа», паспрабаваць выясніць, які быў змест гэтых падзей. У такім выпадку можна ўбачыць некаторыя рэчы, якія, здаецца, павінны працаваць і ў беларускім кантэксце.

У першую чаргу, гаворка ідзе аб незвычайным насычэнні кантэкстаў — як сучасных дэбатаў аб рэвалюцыі, так і падзеі як такой. Я пачну з апошняга.

Натуральна, што Кастрычніцкую рэвалюцыю можна ўтоўпіць у вельмі куртаты расказ, абмежаваўшыся адным днём (25 кастрычніка) і адным горадам (Петраградам). Матэрыялы канферэнцыі паказваюць, што больш прадукцыйны іншы падыход. Па-першае, «руская рэвалюцыя» не пачалася 25 кастрычніка і не скончылася тады. «Глабальныя імплікацыі» рэвалюцыі, вынесеныя ў загаловак, — гэта не толькі пра зямную кулю. Гэта таксама пра глыбіню і далячынь уплываў дыскурсу рэвалюцыі і дыскурсу аб рэвалюцыі, на ўсё грамадства, на розныя сферы жыццядзейнасці людзей. Даклады канферэнцыі, якія тэматызуюць дадзеную праблему, канцэнтруюцца пераважна на культуры — напрыклад, на мовах (сістэмах знакавай рэпрэзентацыі). Некаторыя тэмы засталіся па-за ўвагай удзельнікаў. Напрыклад, дынаміка традыцыйных інстытутаў (адукацыя, сям’я), новы вопыт палітычнага ўдзелу, увогуле, элементы савецкага праекта мадэрнізацыі, які добра апісаў Стывен Коткін.

Разам з тым, нават разгледжаныя на канферэнцыі сюжэты з гісторыі рэвалюцыйнага грамадства паказваюць, якія магутныя наступствы мела рэвалюцыя для культуры колішняй царскай імперыі. Гаворка можа весціся пра тэатр, ягоныя спробы ўзяць удзел у рэвалюцыйных пераўтварэннях (даклад Ады Раеў, Бамберг), пра авангард і ягоныя дачыненні з рэвалюцыяй і савецкай уладай (даклад Лоўрэнса Сэнэліка, Мэдфард). Можна ставіць пытанні, застаючыся выключна ў межах тэксту, як, напрыклад, у вельмі цікавым дакладзе Георга Віта (Берлін), прысвечаным паняццю рытму як сродку апісання і рэфлексіі рэвалюцыі і паслярэвалюцыйнай дынамікі. Гэта вельмі цікавы даследчы сюжэт, даволі нечаканы, які адлюстроўвае, вядома, і «якасць» гістарычнага матэрыялу.

Даклады другога дня канферэнцыі пераконваюць у важнасці Кастрычніцкай рэвалюцыі ў глабальным кантэксце. У цэлым добра відаць, што дакладчыкі (ці, хутчэй, арганізатары, якія рассылалі запрашэнні) імкнуліся ўнікнуць еўропацэнтрычнасці — «глабальныя імплікацыі» рэвалюцыі абмяркоўваліся толькі на прыкладзе азіяцкіх дзяржаў. Тут, праўда, увага канцэнтруецца прадказальным чынам на Кітаі і Японіі.

Вельмі важны момант для беларускай рэфлексіі — неаднойчы прагучалае патрабаванне змяніць оптыку, адмовіцца ад канцэнтрацыі гістарычнага апісання, паглыбіць яго дадатковым зваротам да іншага матэрыялу і сюжэтаў. Рэалізацыю гэтага патрабавання можна прасачыць на некалькіх прыкладах.

У дакладзе Віталія Фастоўскага (Мюнхен) абмяркоўваецца «маральная рамка» рэвалюцыянераў перыяду 1881—1910 гадоў як яна адлюстраваная ў разнастайных прыватных дакументах (развітальныя запіскі самагубцаў, лісты з камер смяротнікаў, Сібіру і інш.). Натуральна, што ўяўленні рэвалюцыянераў аб «добрым жыцці» і «добрай смерці» сталі важным чыннікам пасля 1917 г.

Другі момант, звязаны з удакладненнем і ўдасканальваннем перспектывы, тычыцца геаграфіі. Традыцыйна вывучэнне Кастрычніцкай рэвалюцыі канцэнтруецца на імперскім цэнтральным рэгіёне ці нават толькі на дзвюх сталіцах. У дакладзе Францыскі Дэвіс (Мюнхен) паказваецца, якім чынам адбывалася палітызацыя мусульман волга-ўральскага рэгіёна. Яна выяўляе некалькі пакаленняў інтэлектуалаў у руху за эмансіпацыю мусульман, паказвае адрозненні іх парадку дня. Акрамя таго, важна звярнуць увагу на тэзіс аб тым, што галоўную ролю ў трансферы ў рэгіён рэвалюцыйнай культуры ўзору 1917 года адыгралі вайскоўцы — менавіта яны, за час службы, зблізіліся з бальшавікамі, засвоілі ўласцівыя радыкальна-леваму парадку дня мову і аргументацыю, і прынеслі яе з сабой на радзіму. Цікава таксама звярнуць увагу на галоўны вывад даследчыцы — слаі мусульманскага грамадства, найбольш залучаныя ў палітычную барацьбу, трэба трактаваць як вынік «спецыфічных досведаў перыяду позняй імперыі»: інтэлектуалы, зацікаўленыя ў палітычнай і сацыяльнай эмансіпацыі суайчыннікаў, былі прадуктам трансфармацыі канца ХІХ ст., а радыкалізаваныя ў левым кірунку жаўнеры знаходзіліся пад магутным уплывам перабывання на фронце і ўдзелу ў ваенных дзеяннях.

Натуральна, для Беларусі з гэтых і іншых дакладаў, якія я тут не абмяркоўваю, але якія цікавыя не ў меншай ступені, можна зрабіць шмат высноў. Кажучы зусім радыкальна, беларускую дыскусію аб гэтых падзеях можна пабудаваць як люстраное адлюстраванне гэтай канферэнцыі і ключавых пытанняў. Напрыклад, калі мы звяртаемся да досведу беларускай культуры 1920-х, вельмі складанага гістарычнага эпізоду, наскрозь прасякнутага граматыкай рэвалюцыі 1917 г., часта ўзнікае ідэя (ці, можа, проста праяўляецца пэўны рэфлекс) аб тым, што пралетарскія і сацыялістычныя дыскурсіўныя элементы можна і трэба з гэтай спадчыны вымаць, пакідаючы толькі «няўчасную беларушчыну». Гэта вядзе да трагічнага збяднення матэрыялу, ягонага спрашчэння і выпустошвання. Скажам, верш Янкі Купалы «…О так! Я — пралетар!…» немагчыма растлумачыць па-за тагачасным дыскурсам, па-за складанымі дачыненнямі Купалы і «кнорынаўскай» літаратурнай крытыкай пачатку 1920-х. Гэта важныя рэчы, шматабяцальныя сюжэты, іх вялізная колькасць.

Гэтая частка гістарычнай спадчыны, паўната гэтага культурнага архіву, павінна ўвайсці ў парадак дня, рэфлексавацца і вывучацца. Прыклад гэтай канферэнцыі здаецца вельмі карысным у гэтай сувязі. Уваход гэтых матэрыялаў у беларускі культурны абыходак мог бы паспрыяць росту ўзроўню беларускіх дэбатаў аб рэвалюцыі, задаць новыя, больш высокія стандарты прафесійнасці. Менавіта гэтыя адзнакі павінны вырозніваць рэфлексію ад актыўнасці КПБ (з яе жвавай маладой генерацыяй á la Лазуткін) ці «Номаса», якія, відавочна, таксама спрабавацьмуць прыўласціць наратыў аб рэвалюцыі для сваіх ідэалагічных мэтаў.

Апошні момант, можа, больш маргінальны, але яго таксама канечне хочацца адзначыць. Гаворка ідзе пра расейскую культуру як аб’ект знешняй зацікаўленасці. Хаця расейская культура, з пункту гледжання выканання ёй сацыяльных функцый, займае празмернае месца ў Беларусі (на жаль), думаю, можна сцвярджаць, што беларусы ўсё адно чытаюць яе «звонку». Беларускі досвед апрапрыяцыі расейскай культуры даволі вялікі — з відавочных прычын моўнай і геаграфічнай блізкасці. Можна назваць некаторыя прыклады — напрыклад, у пачатку 2000-х гадоў Валер Булгакаў крытыкаваў Сяргея Дубаўца за тое, што той абапіраўся на рускае разуменне паняцця нацыя; уступныя раздзелы кніг Святланы Алексіевіч — гэта выражэнне яе вопыту сацыялізацыі, чытання, культурнага далягляду, ён амаль цалкам расейскі. І гэтак далей. Матэрыялы канферэнцыі дазваляюць супаставіць гэты беларускі досвед з досведам нашых заходніх калег — і зірнуць, наколькі апошні цікавей пабудаваны, якія аблогі спадчыны і ўзроўні тэксту ён асягае. Там зусім іншыя, паўтаруся, пытанні, іншы далягляд, які мала ці зусім не прадстаўлены ў Беларусі (скажам, універсітэцкі падручнік па філасофіі абавязкова раскажа ў раздзеле гісторыі расейскай філасофіі пра Бярдзяева, але не пра расейскі фармалізм ці тэарэтычныя пошукі авангарду). Знаёмства з іншай перспектывай, здаецца, можа ўзбагаціць ці нават разняволіць беларускі вобраз расейскай культуры, пераўтварыць яе, нарэшце, у дадатны чыннік развіцця ўласна беларускай культуры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?