КУП «Мінсктранс» у сувязі з закрыцьцём станцыі Менскага мэтрапалітэну «Кастрычніцкая» на рэканструкцыю перасадачнага вузла арганізуе наземны варыянт перамяшчэньня ад станцыі мэтро «Плошча Леніна» да «Плошчы Перамогі». Пра гэта паведаміў начальнік КУП «Дырэкцыя па будаўніцтве Менскага мэтрапалітэну» Васіль Жыбуль сёньня на паседжаньні Менгарвыканкаму.

Паводле ягоных слоў, на час рэканструкцыі перасадачнага вузла будзе арганізваны кампэнсацыйны маршрут гарадзкога аўтобуса, які будзе хадзіць ад станцыі мэтро «Плошча Леніна» далей цераз Кастрычніцкую плошчу і да плошчы Перамогі. Пры гэтым праезд для пасажыраў будзе бясплатным.

Рэканструкцыя перасадачнага вузла сталічнага мэтро «Кастрычніцкая —Купалаўская» пачнецца сёлета ў чэрвені. Старыя тры стужкі эскалятара заменяць на новыя чатыры, што дазволіць у гадзіны «пік» павялічыць прапускную здольнасьць вузла на 8 тысяч чалавек, а таксама гарантуе бясьпеку руху й камфорт для пасажыраў.

Для гэтага станцыя «Кастрычніцкая» будзе зачыненая для пасадкі й высадкі пасажыраў. Зачыняць таксама й перасадку між «Купалаўскай» і «Кастрычніцкай». Працаваць будзе толькі станцыя «Купалаўская».

На паседжаньні гарвыканкаму старшыня сталічнага гарвыканаму Міхаіл Паўлаў даручыў завершыць усе працы сёлета да 1 верасьня.

Паводле БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0