16.05.2008 / 14:44

Тактыка кроплі 14

Аляксандар Мілінкевіч упарта працягвае езьдзіць па краіне. У Салігорск разам зь Мілінкевічам накіраваўся карэспандэнт «НН».

Аляксандар Мілінкевіч упарта працягвае езьдзіць па краіне.

Прыкладна а 11 гадзіне мікрааўтобус Мілінкевіча, той самы на якім рабіліся ўсе перадвыбарныя паездкі ў 2006‑м, выехаў зь Менску ў бок Салігорску і Слуцку. Кіроўца бусіка Міша замацаваў на заднім шкле вялікі бел‑чырвона‑белы сьцяг, штандар меншы паставіў сьпераду. Міша кажа, што зрабіў гэта хутчэй не для сябе. «Вось сёньня мой мікрык убачыла некалькі соцень чалавек. Нехта ўбачыць такое і таксама асьмеліцца езьдзіць з такім сьцяжком», — кажа кіроўца.

Разам зь Мілінкевічам у паездку накіраваліся ягоныя нязьменныя папутчыкі Людміла Гразнова і Аляксей Кавалец. У вялікай ступені менавіта дзякуючы стараньням Кавальца і Юрася Губарэвіча і адбываюцца падобныя сустрэчы ў рэгіёнах. Асноўны цяжар арганізацыі кладзецца на іхныя плечы.

Па дарозе Мілінкевіч расказвае пра ўчорашнія сустрэчы ў Смалявічах і Лагойску. Напрыклад, у Смалявічах падчас размовы зь людзьмі на мясцовым рынку міліцыянты вялі сябе вельмі карэктна. Пасьля сустрэчы яны нават атрымалі падзяку за тое, што не перашкаджалі. Адзін з байцоў паціснуў на гэта плячыма: «Ну, вы ж не парушалі грамадзкі парадак». Затое арыштаванай машына палітыка аказалася ўжо па дарозе ў Лагойск. Мілінкевічу давялося дабірацца да гораду на выпадковых машынах, якія атрымлівалася лавіць на трансе. «Нічога, бывала і горай, — усьміхаецца лідэр руху «За свабоду». — У Кобрыне аднойчы нават давялося пешшу ўвайсьці ў горад».

Аляксей Кавалец расказвае, што да апошняга будзе дамагацца рэгістрацыі Руху «За свабоду». На гэты раз Мін’юст нават указаў на ўсе недакладнасьці, якія трэба выправіць у статутных дакумэнтах. «Адмовяць і на гэты раз, зноў будзем падаваць», — кажа А.Кавалец. Мілінкевіч, паказваючы на свайго паплечніка, зноў усьміхаецца: «З палешуком у камандзе дакладна не прападзеш».

Салігорск сёлета рыхтуецца да 50‑годзьдзя гораду. Палова вуліц перарытая бульдозэрамі і экскаватарамі. Кладуць новую плітку, фарбуюць дамы. Па словах мясцовага актывіста Паўла Батуева, горад перажывае цяпер сытыя часы. На калійным камбінаце істотна павысіліся заробкі, бо сусьветныя цэны на калійныя ўгнаеньні дасягнулі занябёсных узроўняў. Салігорск па праве лічыцца адным з найбагацейшых гарадоў краіны.

Першая сустрэча ў Салігорску была заплянаваная на рынку. Людзі адразу пачалі падыходзіць, вітацца зь Мілінкевічам. Расказваць пра свае праблемы. Нейкая жанчына ў сэрцах аж выгукнула: «А я думала, што пасьля выбараў Вы даўно за мяжу зьехалі».

Большасьць прадпрымальнікаў у размовах зь Мілінкевічам наракае, што працаваць ім у гэтай сфэры засталося зусім няшмат, ці не апошні год. Зьвяртае ўвагу, што ўжо цяпер на рынку не працуе каля 10 % крамак. «І гэта ня толькі ў Салігорску, так па ўсёй краіне», — уздыхаюць гандляры. Некаторыя зь іх былі на вулічных пратэстах у Менску ў пачатку зімы.

Неяк пакрысе вакол Мілінкевіча сабраліся чалавек шэсьцьдзесят. Рэакцыя людзей абсалютна пазытыўная. Толькі адзін здаравенны дзяцюк, запытаўшыся, што тут адбываецца, сказаў: «І чым вам дапаможа той Мілінкевіч»?

Прадпрымальнікі наракаюць на адсутнасьць незалежнай прэсы ў горадзе. На тое, што далёка ня кожны пакуль можа карыстацца інтэрнэтам. «Аляксандар Уладзімеравіч, а ў нас увогуле пэрспэктыва ёсьць?» — пытаецца адна гандлярка. «Безумоўна», — кажа Мілінкевіч.

Бачачы, што натоўп вакол экс‑кандыдата працягвае няспынна расьці, падышлі чацьвёра міліцыянтаў. Адзін зь іх, старшы лейтэнант (у той час калі маёр і падпалкоўнік ціхенька стаялі за ягонай сьпінай), просіць людзей разысьціся, бо акцыя не санкцыянаваная. Мілінкевіч спрабуе растлумачыць, што свабода сходаў запісаная ў Канстытуцыі.

Ці ня ў гэты самы момант Аляксей Кавалец хапае мяне за руку са словамі: «Пабеглі хутчэй, у машыне спрабуюць прабіць колы».

Сапраўды, як толькі кіроўца адышоў за кавай, ля машыны зьявіліся два адкормленыя хлопцы, у чорных строях і з кароткімі фрызурамі. На шчасьце, Міша пасьпеў заўважыць, што адзін зь іх пачаў круціцца ля машыны. Дагнаў яго, нават злавіў, але хлопец працягваў вырывацца. «Ну ня буду ж я пачынаць біцца», — казаў Міша. Ніпэль у коле сапраўды быў скручаны. «Са Слонімам усё адно не параўнаць, калі нам у міліцэйскім дворыку прабілі тры колы», — кажа Мілінкевіч. Міліцыя абяцае разабрацца з гэтым.

Як толькі Мілінкевіч зьявіўся на праспэкце Юбілейным, у гэтым самым месцы ўзьніклі некалькі міліцэйскіх машын. У суправаджэньні міліцыянта палітык хадзіў нават у краму папіць соку. Усё старанна здымалася на відэакамэру.

Мілінкевіч яшчэ пасьпеў прайсьціся разам зь мясцовым актывам па гандлёвых радах, раздаўшы ўлёткі да Дня салідарнасьці. На гэты візыт у горад гарнякоў лічыўся скончаным.

На самым выезьдзе з гораду машыну Мілінкевіча спыніла ДАІ. Сталі высьвятляць, ці не знаходзіцца гэты мікрааўтобус у вышуку. Была спроба зноў паспрабаваць дабрацца да Слуцку на папутках, але ўжо праз пару хвілін пад’ехалі міліцыянты на «Самандзе». Той самы старшы лейтэнант, які сачыў за Мілінкевічам падчас усёй паездкі, прапанаваў палітыку праехаць у пастарунак: «Усё ніяк мы з Вамі не разьвітаемся».

Міліцыянты казалі, маўляў, паступіла скарга ад людзей, што «ходіт какой‑то человек по рынку і за что‑та агіцірует». Міліцыянтаў большала, пагражалі ужыць фізычную сілу. Мілінкевіч стаяў на сваім: «Альбо прадстаўляйце афіцыйнае абвінавачваньне, або бярыце сілай».

Яшчэ празь пяць хвілін пад’ехаў асабіста начальнік салігорскай міліцыі Захарчук, які сказаў, што Мілінкевіч абвінавачваецца ў падрыхтоўцы масавай акцыі. Толькі пасьля гэтага лідэр Руху «За свабоду» сеў у міліцэйскую машыну.

Некалькі гадзін чаканьня ля пастарунку, на якім вісіць яшчэ савецкі герб, а ў дворыку стаіць бюст Фэлікса Дзяржынскага. Урэшце, а шостай вечара экс‑кандыдата ў прэзыдэнты вязуць у суд. Мілінкевіч сам захацеў, каб яго судзілі ў гэты самы дзень. Убачыўшы, што працэс палітыка будзе весьці судзьдзя Бураўцоў, мясцовыя апазыцыянэры пачалі прагназаваць суткі. Мілінкевіч ня стаў аспрэчваць, што сапраўды распаўсюджваў улёткі да Дня салідарнасьці. Віны ён не прызнаў, спаслаўшыся на тое, што выконваў сваё канстытуцыйнае права.

Сьведкамі выступілі два гандляры з шапікаў. Пасьля суду яны хавалі вочы. Пры канцы працэсу судзьдзя Бураўцоў папрасіў Мілінкевіча… крыху расказаць пра сябе. Нічога падобнага на судах прысутныя яшчэ ня бачылі. Судзьдзя, нават не выходзячы з залі, адразу вынес прысуд — 20 базавых велічынь (700 тысяч рублёў). Расхваляваная Людміла Гразнова пасьля суду ледзь змагла стрымаць сьлёзы.

Прыезд у Слуцак сарваўся. Шкада: там, паводле словаў арганізатара сустрэчы Віталя Амяльковіча, сабралася нямала людзей. Прыйшлі нават ідэалягічныя работнікі з гарвыканкаму.

На наступным тыдні Мілінкевіч зьбіраецца на Віцебшчыну.

Зьміцер Панкавец, Салігорск — Менск

Фота Арцёма Лявы

0
Віталь з Менску / Адказаць
16.05.2008 / 15:55
Такі падрабязны рэпартаж куды цікавейшы за караценькую цыдульку кшталту: паехаў-сустрэўся-забаранілі-штраф-прыехаў. Хоць бычна як людзі рэагуюць, што там увогуле адбываецца. Такіх бы рэпартажаў паболей.
0
Кірыл* / Адказаць
16.05.2008 / 16:57
Мілік малайчына! Бачна, што чалавек працуе! + файны рэпартаж))
0
гор / Адказаць
17.05.2008 / 00:05
Мілік малайчына! Бачна, што чалавек працуе! + файны рэпартаж)) =========== милик працуе?табе 16 гадоу, хлопец? Усе старэйшыя дауно даумелися, на каго ён працуе и кольки мае
Паказаць усе каментары/ 14 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру