Колькасць работнікаў дзяржсектара з 2012 года ў Беларусі скарацілася амаль на 200 тысяч чалавек — пра гэта сведчаць даныя афіцыйнай статыстыкі.

Так, за першы квартал 2016 года сярэдняспісачная колькасць работнікаў у сектары камерцыйных арганізацый з доляй дзяржавы ў статутным фондзе склала 1 млн. 518,5 тыс. чалавек. Паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, больш за 70% работнікаў дзяржсектара ў студзені—сакавіку бягучага года былі занятыя ў трох відах эканамічнай дзейнасці — прамысловасці (705,4 тыс. чалавек), сельскай гаспадарцы (228,4 тыс.) і будаўніцтве (168,5 тыс. чалавек).

У 2012 годзе сярэдняспісачная колькасць работнікаў камерцыйных арганізацыяй з доляй дзяржавы складала 1 млн. 716 тыс. чалавек. Такім чынам, у параўнанні з перыядам чатырохгадовай даўнасці гэты паказчык скараціўся амаль на 200 тыс. чалавек.

Колькасць работнікаў дзяржсектара ў прамысловасці за апошнія чатыры гады зменшылася на 105,1 тыс. чалавек, у будаўніцтве — на 24 тыс., рознічным гандлі — на 16,7 тыс. чалавек. Пры гэтым сітуацыя ў сельскай гаспадарцы практычна не змянілася.

Змяніліся за апошнія чатыры гады і фінансавыя паказчыкі дзейнасці дзяржсектара. Так, калі ў 2012 годзе толькі 4,8% камерцыйных арганізацый з доляй дзяржавы ў статутным фондзе з'яўляліся стратнымі, то ў першым квартале 2016-га — 26,3%.

На думку беларускіх эканамістаў, значны рост стратных арганізацый у дзяржсектары з'яўляецца следствам неэфектыўнасці мадэрнізацыі дзяржпрадпрыемстваў, якая праводзілася апошнімі гадамі.

«Крэдыты пад мадэрнізацыйныя праекты часта прыцягваліся ў замежнай валюце, адпаведна, абавязацельствы прадпрыемстваў пасля дэвальвацыі істотна павялічыліся. У той жа час да чаканага росту эфектыўнасці мадэрнізацыя не прывяла, таму сёння многія прампрадпрыемствы ў стратах», — адзначае навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Дзмітрый Крук.

Эксперт прагназуе істотныя змены ў сектары дзяржпрадпрыемстваў. «Неэфектыўныя прадпрыемствы, як бы іх ні хацелася падтрымліваць, будуць адміраць. У сектары камерцыйных дзяржпрадпрыемстваў у найбліжэйшыя 5—10 гадоў будуць адбывацца істотныя змены. Бачыцца тры шляхі: або дзяржава будзе гэтымі прадпрыемствамі больш эфектыўна кіраваць, або іх прыйдзецца прадаваць, або неэфектыўныя арганізацыі будуць натуральным шляхам сыходзіць з рынку», — мяркуе Дзмітрый Крук.

Аналагічнага меркавання прытрымліваецца вядучы даследчык BEROC Кацярына Барнукова. «Маса прадпрыемстваў з дзярждоляй з'яўляюцца стратнымі, у сувязі з гэтым можна чакаць банкруцтва, прыватызацыі невялікіх дзяржпрадпрыемстваў. З улікам гэтых фактараў занятасць у дзяржсектары, мабыць, будзе працягваць скарачацца», — прагназуе эканаміст.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?