Большасьць дыскусіяў пра «Белсат» нагадваюць размовы пра лятаючыя талеркі. Усе пра іх чулі, многія кажуць, што бачылі, але амаль ніхто не назірае за гэтай зьявай зблізу і рэгулярна. 10 траўня споўнілася ўжо пяць месяцаў з таго дня, калі «Белсат» упершыню зьявіўся ў этэры, але колькасьць разнастайных чутак пра тэлеканал толькі большае. Ці варта ўсталёўваць спадарожнікавую талерку? Для тых, хто не жадае набываць ката ў мяху, Алесь Кудрыцкі падрыхтаваў агляд перадачаў «Белсату» з — зь іх плюсамі і мінусамі.

Аб’ектыў‑экспрэс

Нарэшце мы маем магчымасьць глядзець сапраўдныя беларускамоўныя тэленавіны, а не франтавыя зводкі з палёў бітвы за ўраджай. Штодзённыя інфармацыйныя выпускі на «Белсаце» звычайна складаюцца з трох—чатырох сюжэтаў зь Беларусі працягласьцю ў сярэднім паўтары хвіліны, і дзьвюх—трох міжнародных навінаў. Часьцяком зьяўляюца таксама паведамленьні з Польшчы, найперш зьвязаныя з жыцьцём беларускай меншасьці.

Фармат падачы навінаў падобны да таго, якім карыстаецца тэлеканал «Эўраньюз» — шэраг відэасюжэтаў з голасам дыктара «за кадрам».

У адрозьненьне ад дзяржаўных тэлеканалаў, навіны на «Белсаце» ў першую чаргу прысьвечаныя праблемам, а не дасягненьням народнай гаспадаркі. Але, да гонару стваральнікаў «Аб’ектыў‑экспрэсу», ім удаецца ня скатвацца ў банальную хроніку апазыцыйнага жыцьця.

Заўвага гледача: Хацелася б пры канцы выпускаў бачыць яшчэ і навіны спорту ды прагноз надвор’я.

Кішэня

Агляд эканамічных тэмаў. Пачынаецца з выпуску беларускіх навінаў гаспадаркі, спалучаных з камэнтарамі экспэртаў‑эканамістаў. Ядро выпуску складае «тэма тыдня» — разгорнуты сюжэт‑дасьледаваньне актуальнай эканамічнай праблемы. Ёсьць таксама рубрыка «свой бізнэс», дзе паказваюць тэлесюжэты пра беларускіх прадпрымальнікаў. Напрыклад, у адным выпуску перадачы можна пабачыць гаспадыню невялічкай майстэрні па рамонце абутку, мастака, які займаецца вырабам мэталёвых сувэнірных гербаў на замову мясцовых гарадзкіх уладаў ці суўладальніка адзінага прыватнага футбольнага клюбу ў Беларусі.

Заўвага гледача: Прыемна, што перадача робіць акцэнт на «маленькім чалавеку» ў бізнэсе, а не на якіх‑небудзь малацікавых большасьці беларусаў біржавых курсах.

Рэпартэр

У гэтай штотыднёвай паўгадзіннай перадачы можна пабачыць 4—5 разгорнутых рэпартажаў на самыя розныя тэмы. Адны матэрыялы праграмы набліжаюцца па форме да журналісцкіх расьсьледаваньняў, іншыя — да тэленарысаў. Напрыклад, рэпартэры «Белсату» праводзяць дзень з распаўсюджвальнікамі незалежнай прэсы, распавядаюць пра жабрацкае жыцьцё пэнсіянэркі, сочаць за працай работнікаў, якія кіруюць шлюзамі Аўгустоўскага каналу, ці спрабуюць разабрацца, хто зладзіў нелегальны могільнік быдла ў лесе.

«Рэпартэр» будзе найперш карысны тым беларусам, якія слаба арыентуюцца ў палітычнай сытуацыі. Адна справа — пабачыць караценькую зацемку ў навінах пра мітынг прадпрымальнікаў, і зусім іншая — даведацца пра жыцьцё жанчыны са Слуцку, якая калісьці была спартоўкай, потым пачала гандляваць на рынку абуткам і цяпер, калі можа згубіць апошнюю крыніцу існаваньня, мусіць выходзіць на Кастрычніцкую плошчу.

Заўвага гледача: «Рэпартэр» — адна з самых цікавых перадачаў «Белсату». Бадай, хацелася б, каб часьцей здымаліся глыбокія журналісцкія расьсьледаваньні — наколькі гэта магчыма ў беларускіх умовах.

Прэс‑экспрэс

На экране мільгаюць беларускія газэты з фатаздымкамі, якія на вачах «ажываюць». На старонцы «Нашай Нівы» адбываецца мітынг пад нацыянальнымі сьцягамі, па першай паласе «Голасу Радзімы» едзе трактар. Камэра «залятае» ў студыю, дзе вядоўцы раскладаюць стос прэсы на стале. Вядуць праграму два чалавекі — Сяргей Скулавец ды Кацярына Цыбульская. Па чарзе яны знаёмяць гледача са зьместам найбольш цікавых публікацыяў недзяржаўнай ды афіцыйнай прэсы. Не забываюцца і на рэгіянальныя газэты ды інфармацыйныя сайты. Раз‑пораз у размову ўстаўляюцца запісаныя з тэлефона аўдыёкамэнтары беларускіх экспэртаў . Асобныя артыкулы вядоўцы разглядаюць настолькі падрабязна, што перадачу можна сьмела назваць тэлегазэтай.

Заўвага гледача: У звычайнага беларуса, які выпадкова патрапіць на «Прэс‑экспрэс», немінуча ўзьнікне пытаньне: а дзе можна набыць гэтую «Народную волю» ці «Нашу Ніву»? Варта раз‑пораз нагадваць неабазнаным гледачам, што незалежную прэсу ў звычайным кіёску не адшукаеш.

Госьць «Белсату»

«Госьць «Белсату» — гэта ключавая гутарка тыдня. Вядоўца Павал Мажэйка запрашае на размову ў студыю людзей, якія могуць зьмястоўна пагутарыць на надзённую тэму, найперш — пра палітыку. Гутарка адбываецца на тле блакітна‑белых разводаў, у якіх угадваюцца абрысы стэлы на плошчы Перамогі ў Менску.

Павал Мажэйка ўжо добра асвойтаўся са сваёй роляй. Пэўная скаванасьць у рухах, якая была заўважная ў першых выпусках перадачы, пакрысе зьнікла. Вядоўца выступае бяз гальштука, расшпілены каўнерык кашулі падкрэсьлівае разьняволенасьць гутаркі. Павал Мажэйка не назаляе субяседніку доўгімі пытаньнямі, але і не застаецца пасіўным слухачом, спрабуе скіраваць дыскусію ў канструктыўнае рэчышча для таго, каб атрымаць канкрэтныя адказы. Хаця, канечне, яму яшчэ ёсьць куды расьці. Варта, напрыклад, авалодваць мастацтвам «раскрываць» суразмоўцу, выяўляць схаваныя сэнсы адказаў з дапамогай кароткіх пытаньняў, а то і проста маўклівага позірку — так, як гэта ўмее рабіць, скажам, Лары Кінг, славуты вядоўца падобнага тэлешоў на CNN (для тых, хто ня ведаў: бацька Лары Кінга нарадзіўся ў Менску, а маці — у Пінску).

Заўвага гледача: з гэтай праграмай усё проста — чым больш яскравыя суразмоўцы, тым цікавейшая і сама перадача. Пакуль што асноўныя «госьці на «Белсаце» — гэта прадстаўнікі незалежнага грамадзтва, а не афіцыёзу. А цікава было б паглядзець на гутарку Паўла Мажэйкі, скажам, з Праляскоўскім ці Сухарэнкам. Мо спытацца — раптам пагодзяцца?

Форум

У апошнія гады масаваму беларускаму тэлеглядачу былі даступныя, збольшага, два фарматы тэлевізійных ток‑шоў: расейскі, дзе абрыдлыя поп‑зоркі ды лайдакаватыя дэпутаты Дзярждумы вядуць бясконцыя спрэчкі па такіх «гарачых» пытаньнях, як перамена полу ці сужэнская здрада, а таксама афіцыёзна‑беларускі, у якім вядоўцы ўпарта ставяць перад публікай пытаньні кшталту «як жывецца ў Беларусі — добра ці вельмі добра?» На гэтым фоне ток‑шоў «Форум» на «Белсаце» глядзіцца як прыхадзень зь іншай плянэты, бо на абмеркаваньне ставяцца надзённыя пытаньні — стан мэдыяў у краіне, праблемы Чарнобыльскай катастрофы, супрацоўніцтва з Расеяй і інш.

Вядоўца Эдуард Мельнікаў мае талент мадэратара — ён ненавязьліва, але ўпэўнена трымае аўдыторыю пад кантролем. «Форум» здымаецца ў Вільні, але ў залі заўжды можна пабачыць шмат беларускамоўнай публікі. Сымбалем праграмы зьяўляецца адмысловы бел‑чырвона‑белы кубік Рубіка. Удзельнікам перадачы не заўжды ўдаецца адшукаць ключы для рашэньня набалелых беларускіх галаваломак, аднак дыскусія зазвычай атрымліваецца цікавая.

Заўвага гледача: «Форуму» часам бракуе дынамічнасьці ды вострых спрэчак. Можа, вядоўцу варта раз‑пораз правакаваць канфлікты паміж суразмоўцамі, каб высечы іскру праўды? Зрэшты, да перакідваньня шклянкамі з вадой ды кулачнага бою апанэнтаў лепей усё‑такі не даводзіць.

Маю права

Прававы лікбез для беларусаў. У перадачы можна пабачыць: відэасюжэты пра суайчыньнікаў, якія сутыкаюцца з пэўнымі праблемамі прававога характару; караценькія чорна‑белыя анімацыі са зьедлівымі камэнтарамі пра тое, якой «прававой» насамрэч зьяўляецца нашая дзяржава; канкрэтныя рэцэпты вырашэньня юрыдычных праблемаў ад правазнаўцы Андрэя Бастунца. Прыемна, што перадача не зацыкленая на вузкіх праблемах палітычных актывістаў кшталту «што рабіць, калі цябе арыштавалі за расклейваньне налепак». Гэтак, «Маю права» дапаможа зразумець, як жывецца бацькам дзяцей з асаблівасьцямі псыхафізычнага разьвіцьця, ці параіць, што рабіць у выпадку, калі чыноўнікі пагражаюць адсяліць вас за няўплату камунальных паслугаў.

Заўвага гледача: стваральнікі перадачы знайшлі ўдалы падыход, ілюструючы тлумачэньне юрыдычных нюансаў канкрэтнымі жыцьцёвымі гісторыямі.

Хто ёсьць кім

«Хто ёсьць кім» — гэта цыкль дакумэнтальных фільмаў‑партрэтаў, якія знаёмяць гледача з выбітнымі беларусамі. Аўтары праграмы шпацыруюць па Менскіх вуліцах разам з знакамітай тэледыктаркай Зінаідай Бандарэнкай, гутараць з акадэмікам Аляксандрам Вайтовічам ды нават шукаюць славутую скрыню цьвікоў на лецішчы Станіслава Шушкевіча.

Заўвага гледача: Ня ўсе фільмы роўныя па сваёй якасьці. Калі блукаць па лябірынтах Залесься з архітэктарам‑рэстаўратарам Сяргеем Верамейчыкам дужа цікава, дык слухаць расповеды Зьмітра Дашкевіча ды Артура Фінькевіча ўжо ня так захапляльна, бо хлопцаў пасадзілі перад тэлекамэрай, як на тым допыце.

Беларусы ў Польшчы

Сэрыя дакумэнтальных фільмаў пра беларусаў, якія жывуць за «шэнгенскім плотам». Як выяўляецца, за Бугам стаяць такія ж хаты, дый людзі размаўляюць падобна… Аднак розьніцу зь Беларусьсю адчуваеш адразу, калі паказваюць, як хор дзяўчатаў з Гайнаўскага беларускага ліцэю сьпявае ў актавай залі пад бел‑чырвона‑белым сьцягам ды блакітным эўрапейскім штандарам. Думаецца, што для многіх нашых суайчыньнікаў гэтыя перадачы могуць зрабіцца сапраўдным адкрыцьцём невядомага кантынэнту, населенага беларусамі.

Заўвага гледача: Хацелася б меней афіцыйных інтэрвію і болей душэўных гутарак з польскімі беларусамі — ня толькі на вуліцы, але і ўдома. Побыт суайчыньнікаў нам ня менш цікавы за праблемы разбудовы інфраструктуры «беларускіх» ваяводзтваў.

Дэмакратыя наштодзень

Вядучы Міхась Андрасюк каштуе з кілішка гарэлку, вырабленую ў чэскай вінакурні з польскіх грушаў ды яблыкаў. «Уф, моцна!» — крэкае ён. Увесь цыкль дакумэнтальных фільмаў «Дэмакратыя наштодзень» — гэта дэгустацыя эўрапейскага дабрабыту. Вось журналіст на старасьвецкай фурманцы едзе наўпрост праз былую мяжу паміж Польшчай і Літвой. Ці — іншы сюжэт: вядоўца пераходзіць (без пашпарту ды візы) мост, які калісьці быў памежным пераходам, што падзяляў горад Цешын на чэскую ды польскую часткі. Журналіст апытвае людзей на вуліцах, якія ў адзін голас кажуць: «Жыцьцё зрабілася лепшым, вальнейшым!» «Дэмакратыя наштодзень», якую здымае беластоцкі аддзел Польскага тэлебачаньня на замову «Белсату», — гэта антыдот для тых, хто наглытаўся антыэўрапейскай прапаганды. Гледзячы праграму, сам сябе шкадуеш: чаму мы мусім так зайздросьціць нармальнаму жыцьцю?

Заўвага гледача: Нашто так дэталёва тлумачыць усе юрыдычныя асаблівасьці рэгістрацыі недзяржаўных арганізацыяў у Польшчы, уключна зь нюансамі напісаньня статуту ды працэдурай правядзеньня ўстаноўчага сходу? У такія моманты цягне пазяхнуць ды пераключыць канал. І яшчэ — дэмакратыя, безумоўна, рэч добрая. Але пэўная беспраблемнасьць тэматыкі месцамі робіць перадачу падобнай да агітатарскіх сюжэтаў пра вясёлае жыцьцё ў якім‑небудзь калгасе‑перадавіку. Няўжо ўсё так хораша ў тым «краі шэнгенскім»?

Эўрасаюз без сакрэтаў

Перадача заснаваная на падборцы дакумэнтальных фільмаў, кожны зь якіх распавядае пра жыцьцё ў якім‑небудзь заштатным куточку Эўрасаюзу, які, дзякуючы шчодрым датацыям «з цэнтру» на разьвіцьцё інфраструктуры, ператвараецца калі ня ў рай зямны, дык, прынамсі, у месца, дзе хочацца жыць ды радавацца. Стваральнікі фільмаў часьцяком бяруць інтэрвію ва ўладальнікаў маленькіх сямейных бізнэсаў. Нехта мае ганчарную майстэрню, пабудаваную на «брусэльскія» грошы, іншая сям’я з дапамогай Эўрасаюзу перарабіла сваю фэрму ў агратурыстычны гатэльчык, а іх суседзі працягваюць старажытныя традыцыі гарбарскага майстэрства ў сваім рэгіёне… «Эўрасаюз без сакрэтаў» мае хутчэй інфармацыйна‑рэклямны, чым журналісцкі характар — інакш праграма паказвала б ня толькі ўдалыя прыклады эўраінвэстыцыяў, але і выпадкі фіяска, спрабавала дакапацца да схаваных праблемаў. А так выглядае, што ў Эўрасаюзе ўсё блішчыць, нібы ў тым аграгарадку. Фільмы ўдала замаскаваныя пад тэлепадарожжы па прыгожых мясьцінах, таму глядзяцца зь цікавасьцю. Глядач і сам не заўважае, як прыходзіць да высновы, што Эўрасаюз — гэта добра і карысна.

Заўвага гледача: Замест таго, каб замаўляць фільмы заходнім журналістам, было б цікава даць заданьне, прыкладам, таму ж Алесю Залеўскаму самому зьняць сюжэт пра сакрэты Эўрасаюзу. Мо беларускае вока ўгледзіць у эўрапейскіх рэаліях схаваныя паралелі з нашай рэчаіснасьцю?

East Front

East Front — гэта палявая пошта з цэнтральна‑ ды ўсходнеэўрапейскага музычнага фронту. Вядоўца праграмы Андрэй Карповіч (па сумяшчальніцтве — саліст гурту «Парасон») запрашае ў студыю прадстаўнікоў альтэрнатыўнага музычнага авангарду. Задума вартая — сапраўды, што мы ведаем пра сучасную музыку, скажам, Славаччыны ці Эстоніі? Праўда, стылістыка перадачы выклікае неадназначную рэакцыю. Андрэй Карповіч займае фатэль за вялізным чынавенскім сталом, пазіраючы на гледачоў то з‑за зарасьцяў эўрасаюзаўскіх сьцягоў, то праз шкло агромністай электрычнай лямпачкі, а ягоны госьць мусіць у гэты час туліцца на сьціплым зэдліку, нібы прынёс на подпіс важны дакумант.

Андрэй Карповіч знаёміць гледача зь якаснай музыкай, ды і кліпы дэманструюцца шыкоўныя. Але ў тым і праблема: гэта не папса, і масавага гледача такі музычны асартымэнт можа пакінуць абыякавым. Аднак якая мэта для «Белсату» мусіць быць больш важнай — завабліваць масы ці выхоўваць добры густ? Відаць, тут трэба знайсьці балянс. У любым выпадку, Андрэй Карповіч зь яго музычным досьведам ды кіпучай творчай энэргіяй для тэлеканалу, безумоўна, каштоўны набытак.

Заўвага гледача: Зь першага погляду зразумела, што Андрэю Карповічу цяжка ўседзець у тым клятым скураным фатэлі. І так ён павернецца, і гэтак крутанецца… Пасадзілі хлопца, нібы на той цьвік! Хай бы вядоўца сустракаўся з музыкамі не ў здымачным павільёне, а ў варшаўскіх клюбах, барах ці проста на вуліцы. Яму патрэбны рух, прастора, а ня гэтая пародыя на чынавенскі кабінэт.

Запальнічка

«Запальнічка» — гэта адмысловы тэлевізійны рынг, на якім сыходзяцца ў двубоі альтэрнатыўныя беларускія музычныя выканаўцы, каб пазмагацца за месца ў рэйтынгу (галасаваць можна праз сайт праграмы). Акрамя гэтага, у перадачы можна пабачыць інтэрвію з музыкамі, даведацца пра навіны альтэрнатыўнай музычнай сцэны, а часам і выйграць у віктарыне неблагі прыз накшталт новага мабільніка. Пабачыўшы вядоўцу гэтай перадачы, многія калегі‑журналісты не маглі даць веры сваім вачам: Вольга Данішэвіч, чые артыкулы можна было раней пабачыць у «Студэнцкай думцы», а пераклады ў «Нашай Ніве», раптоўна ператварылася ў сапраўдную тэледзіву. Нездарма «Белсат» рэклямуе яе як «самую прывабную вядоўцу на канале». У параўнаньні з самазакаханымі тэлезоркамі айчынных музканалаў, Воля ўражвае сваёй непасрэднасьцю ды адсутнасьцю фанабэрыі. Весьці праграму ёй дапамагае ды‑джэй, які падтрымлівае гаворку ды забясьпечвае гукавы фон у студыі.

Заўвага гледача: варта больш абачліва выбіраць ды‑джэя для тандэму зь вядоўцай. Нейкі час з Воляй працаваў DJ Блажэй, які адказваў на яе пытаньні няўцямнымі фразамі па‑польску з такім выглядам, нібыта вядоўца замінае яму працаваць. Радыкальна іншае ўражаньне пакідае ды‑джэй Sup (Павал Супаненка), які працуе ў «Запальнічцы» ад нядаўняга часу. Ён і па‑беларуску ўмее, і размову падтрымае, і ўсьміхнецца без прымусу.

Музычныя кліпы

Можа, «Белсат» яшчэ і не ператварыўся ў «фабрыку зорак», але як фабрыка кліпаў ён працуе спраўна. На сёньня ў архіве — больш за паўсотні музычных відэа, створаных «Белсатам», і іх колькасьць працягвае стабільна расьці.

Колькасьць колькасьцю, але што можна сказаць пра якасьць кліпаў? Просьценька, але з густам. За кожным кліпам стаіць нескладаная, але арыгінальная рэжысэрская задума. Вось, напрыклад, кліп на песьню «Крылы» гурту B:N. Музыкі граюць у чыстым полі, па якім бяжыць хлопчык і запускае ў паветра цацачны самалёцік. Нечакана камэра ўздымаецца ў неба, і мы ўжо бачым музыкаў з вышыні птушынага палёту. Ці вось, напрыклад, Віктар Шалкевіч, які едзе на ровары па невядомым горадзе і выконвае свой «Смутны беларускі блюз» перад пустой заляй, якая нечакана выбухае воплескамі. А ў іншым кліпе музыкі «Крамбамбулі» смакуюць кактэйлі на імправізаваным марскім курорце… Магчыма, белсатаўскія кліпы пакуль ня могуць спаборнічаць па «наварочанасьці» ды спэцэфэктах зь відэа, што круцяць па MTV. Але ў сваёй масе яны ствараюць музычна‑тэлевізійны кантэкст, на які ў будучыні змогуць абапірацца новыя беларускія кліпмэйкеры.

Заўвага гледача: здымайце далей! І актыўней экспэрымэнтуйце з кампутарнай графікай, безь яе ў сучасных кліпах аніяк.

YoLife!

Назву праграмы «YoLife!» можна перакласьці як «ТваЁжыцьцё». Яе вядоўца — беларускі рэпэр Кроў, які праславіўся сваімі палітычна завостранымі рэчытатывамі. Ідэя праграмы ў тым, каб разварушыць беларускую моладзь, заахвоціць яе на творчыя экспэрымэнты.

Кроў абяцае навучыць гледачоў, як зьняць музычны кліп, заснаваць інтэрнэт‑радыё ці распачаць кар’еру дызайнэра‑мадэльера.

Перадача зусім новая, таму меркаваць пра яе можна хіба што па першым выпуску, у якім Кроў дасьледуе розныя спосабы заснаваць незалежны начны клюб ці хаця б зладзіць удалы кватэрнік, для чаго бярэ інтэрвію ва ўладальнікаў польскіх клюбаў. Паслухаць цікава, аднак многімі з тых парадаў, на жаль, у нашых умовах скарыстацца нерэальна. Каб не адрывацца ад беларускай рэчаіснасьці, Кроў гутарыць зь дзяўчынай Галяй, завадатаркай кватэрнікаў у Менску, а таксама з Аняй Чыстасердавай, арт‑дырэктарам культавай менскай галерэі «Падземка».

Напэўна, ня варта чакаць ад «YoLife!» канкрэтных рэцэптаў посьпеху, а вось як крыніца натхненьня для творчай моладзі перадача будзе дарэчы.

Заўвага гледача: рэжуць вуха палянізмы, якія раз‑пораз вылятаюць з вуснаў вядоўцы. Калі фраза «Вы глядаеце першую сэрыю праграмы «YoLife!» яшчэ нішто сабе, дык выраз «у гэтым прыпадку», згадзіцеся, па‑беларуску гучыць дзіўнавата.

Кухня

Легендарны музычны журналіст Зьміцер Падбярэскі стварыў праграму «для аматараў смачнай і здаровай музыкі». Апрануты ў кухарскі каўпак ды хвартух, Зьміцер сядзіць за сталом у кухні, ведучы са сваімі шматлікімі гасьцямі задушэўныя гутаркі як пра сучасную музыку, так і пра добрыя старыя часы, калі ўзмацняльнікі для гітараў майстравалі зь лямпавых радыёпрыймачоў. Акрамя гутарак, у мэню рэпартажы з музычных імпрэзаў ды відэаінтэрвію з музыкамі.

Заўвага гледача: спадару Падбярэскі, вы так смачна распавядаеце пра музычныя пахі ды смакі, а самі седзіце за пустым сталом, пакуль гледачы глытаюць сьлінкі. Калі вы падоўгу гутарыце з чарговым госьцем, а перад вамі на прасьціне не ляжыць нічога, акрамя вялізнага кухоннага нажа ды пары лыжак, робіцца крыху вусьцішна — ці не зьбіраецца вядоўца ў фінале падсілкавацца сваім уласным суразмоўцам?

Бульбаны

Сатырычныя мультсэрыялы кшталту «Сымпсанаў» ці «Паўднёвага Парку» год за годам б’юць рэкорды рэйтынгаў за мяжой. «Белсат» таксама мае падобны праект — шматсэрыйны мультфільм «Бульбаны», які стварае Алег Мініч. У свой час гэты аніматар падпаў пад крымінальны перасьлед за свае скандальныя інтэрнэт‑мульцікі і мусіў эміграваць зь Беларусі.

Паводле задумы, мультсэрыял мусіць распавядаць пра штодзённае жыцьцё тыповай беларускай сям’і Бульбаноў. Найбольш харызматычны з герояў — цельпукаваты дзяціна Віця Бульбан, адданы фанат беларускага рэжыму.

Сакрэт посьпеху падобных мультсэрыялаў у тым, што гледачы бачаць у героях адлюстраваньне ўласнага жыцьця, аблягчаюць цяжар сваіх праблемаў, пасьмяяўшыся зь іх. Аднак «Бульбаны» здольныя ня толькі расьсмяшыць, але і ўвагнаць у дэпрэсію. Большасьць мультфільмаў круцяцца вакол стэрэатыпных сюжэтаў, завязаных на ідэі пра «дрэннага прэзыдэнта». Адпаведнае і кола пэрсанажаў: тупаватыя трасянкамоўныя беларусы, цьвердалобыя ідэолягі, бязглуздыя амапаўцы. Ну і для кантрасту — безназоўны апазыцыянэр у бел‑чырвона‑белым швэдрыку са сваімі расейскамоўнымі камэнтарамі.

Здаецца, Алег Мініч ужо сам стаміўся ад зацяганых жартаў пра самага галоўнага ў краіне хакеіста. Ён спрабуе знаходзіць новыя тэмы — і выходзіць някепска. Вось, напрыклад, у адной з апошніх сэрыяў Віця Бульбан з бацькам выпраўляюцца на рыбалку, дзе іх штрафуюць за выкарыстаньне чарвячкоў бяз флікераў. Тут ужо хочаш ня хочаш, а засьмяесься.

Заўвага гледача: Надта раздражняе аднастайнае ўсхліпваньне гармоніка ў якасьці музычнага афармленьня — сапраўдная пакута для вушэй!

Калыханка

Стаміўшыся быць тэлезоркамі ва Ўкраіне, дуэт Сашы і Сірожы атабарыўся на «Белсаце» са сваёй «Калыханкай». Візуальна ды канцэптуальна перадача нічым не адрозьніваецца ад таго, што мы некалі бачылі на Першым музычным канале. Два блазнаватыя хлопцы вядуць несур’ёзныя гутаркі на розныя сур’ёзныя тэмы. Зрэшты, зь пераходам на «Белсат», Саша і Сірожа, здаецца, пачалі часьцей разважаць пра палітыку, напрыклад, пра падзел уладаў (у інтэрпрэтацыі вядоўцаў — на «паліціку, цілявідзеніе ды лігархаў»).

Заўвага гледача: калі Саша і Сірожа маюць такі невычэрпны запас гумару, які дазваляе ім некалькі год запар ствараць сваю «Калыханку», то, можа, у дуэта хопіць энэргіі прыдумаць і новую перадачу?

Фільмы на тэлеканале

Які ж тэлеканал бязь фільмаў? Ёсьць яны і на «Белсаце». Па‑першае, гэта дакумэнтальныя фільмы, зьнятыя беларускімі рэжысэрамі. Напрыклад, «Пішчалаўскі замак» — альтэрнатыўны афіцыйнаму погляд на людзей, якія прынесьлі савецкую ўладу ў Беларусь, ці «Тайны мірнага атаму» — тэледасьледаваньне пра пляны пабудовы першай беларускай АЭС.

Што да забаўляльных фільмаў, дык яны на «Белсаце» спрэс замежныя, пераважна — польскія. Ёсьць і сэрыялы: «Мент» (польскі дэтэктыўны сэрыял пра паліцыянтаў з аддзелу забойстваў), «Папялушка» (польская рамантычная драма пра дзяўчыну, якая ўцякла ад прыёмных бацькоў), а таксама тыповы амэрыканскі сэрыял «Элі Макбіл» — любоўныя прыгоды жанчыны ў сьвеце мужчынаў‑адвакатаў.

Заўвага гледача: у сваіх камэнтарах многія гледачы наракаюць на засільле польскага кінэматографу на «Белсаце». Можа, варта, калі гэта магчыма, разнастаіць кінаасартымэнт, набываючы фільмы іншых цэнтральнаэўрапейскіх краінаў?

«Тутэйшыя»

Пра экранізацыю «Тутэйшых» варта распавесьці асобна, бо гэта — першы прадукт белсатаўскай вытворчасьці падобнага кшталту. Той, хто чакаў, што паводле хрэстаматыйнае п’есы Купалы будзе зьняты блякбастэр, бадай, расчаруецца. Гэта нават не тэлефільм, а тэлеспэктакль. Але ж блякбастэру, здаецца, ніхто і не абяцаў. Як для тэлеспэктаклю, дык «Тутэйшыя» зьнятыя на годным узроўні, а зорны склад актораў (Анатоль Кот, Алег Гарбуз) дадае фільму балаў. Уважлівы глядач ацэніць тое, што Валер Мазынскі ў сваім тэлерэжысэрскім дэбюце здолеў па‑арыгінальнаму «прачытаць» Янку Купалу. У вэрсіі Мазынскага Зносак, якога грае Павал Харланчук — гэта агрэсіўны, цынічны і небясьпечны папуліст. Сваёй жэстыкуляцыяй ды гістэрычна‑сталёвымі ноткамі ў голасе ён нагадвае маладога фюрэра. Чаго вартая сцэна, дзе Зносак прымярае ля люстэрка фрэнч з фуражкай! Тым часам Янка Здольнік (Анатоль Кот) займаецца разважаньнямі, настаўніцтвам ды любошчамі, з грэблівасьцю назіраючы збоку за нараджэньнем пачвары…

Маэстра Сьпічыні (Алег Гарбуз) муштруе Зносака, нібы піяр‑кансультант, але неўзабаве робіцца зразумелым, што ніякія дарадцы Зносаку не патрэбныя. Мікіту і без дапамогі настаўніка нясе так, што сам Сьпічыні ня можа яго перапыніць. Зносак нават загадна крычыць на чырвонаармейцаў, якія вядуць яго на расстрэл. І — брутальная сцэна ў фінале як сымбаль таго, куды можа завесьці цэлы народ тое «асэсарства».

Заўвага гледача: Шкада, што не атрымалася зьняць «Тутэйшых» на менскіх вуліцах — якімі б фарбамі зайграў тады фільм! Дарэчы, чаму б «Белсату» не зрабіць у будучыні тэлем’юзыкал паводле «Народнага альбому»?

Высновы

На «Белсаце» ёсьць што паглядзець — засталося данесьці тэлевізійны прадукт да людзей. Зрэшты, гэты папрок трэба скіроўваць у бок бюракратаў, а не журналістаў.

Афіцыйны тэрмін пераходу «Белсату» зь непапулярнага ў Беларусі спадарожніка «Астра» на больш вядомы ў краіне «Сырыюс» — восень 2008 году. Але, паводле сьвежай інфармацыі, атрыманай «НН» ад кіраўніцтва «Белсату», ёсьць усе шанцы, што пераход на «Сырыюс‑4» адбудзецца раней — дамова з уладальнікамі спадарожніка на трансьляцыю «Белсату» ўжо ўзгодненая, і цяпер праходзіць праз унутраную сыстэму дакумэнтазвароту «Тэлевізіі Польскай».

Крытыкуючы перадачы «Белсату», заўжды трэба мець на ўвазе, што ствараўся ён не для апазыцыйнай тусоўкі, а для ўсёй краіны. Тэлеперадача, якая можа паказацца банальнай сталаму чытачу «Нашай Нівы» ці слухачу радыё «Свабода», будзе адкрыцьцём для дзядзькі з Брагіна, які натрапіць на «Белсат» праз сваю спадарожнікавую талерку. Дарэчы, стваральнікам «Белсату» таксама варта памятаць пра тое, што тэлеканал могуць глядзець самыя звычайныя апалітычныя беларусы. Гэтак, на «Белсаце» ажно тры перадачы пра альтэрнатыўную беларускую музыку, і аніводнай на такія ўнівэрсальныя тэмы, як здароўе, спорт ці аўтамабілі.

У любым выпадку, тэлеканал, які вяшчае ўсяго толькі пяць месяцаў, можна параўнаць зь пяцігадовым дзіцём. Няма вялікай бяды, калі штосьці не атрымліваецца адразу: падрасьце — навучыцца. Параўноўваючы старыя ды сьвежыя выпускі праграмаў «Белсату», нельга не заўважыць прагрэсу. Вядучыя набраліся ўпэўненасьці, журналісты — досьведу. Калі праект будзе доўгатэрміновым, «Белсат» закладзе добрую базу для будучай беларускай тэлевізіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?