Трое дзяцей у Лепельскім раёне заблукалі і правялі ноч у лесе, паведаміла прэс-афіцэр аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязей УУС Віцебскага аблвыканкама Вольга Шкуратава.

Хлопчыкі 5, 9 і 10 гадоў з розных сем'яў у вёсцы Заслонава гулялі разам у двары. Апошні раз іх бачылі каля 20.00, потым дзеці некуды зніклі. Дарослыя шукалі іх да цемры ўласнымі сіламі, затым звярнуліся ў міліцыю.

Па трывозе быў падняты ўвесь тэрытарыяльны аддзел унутраных спраў, падключыліся работнікі МНС, нават задзейнічалі службова-вышуковага сабаку. Толькі зранку, каля 6.20, на крыкі ўчастковых інспектараў з лесу выйшаў адзін з хлопчыкаў і адвёў да астатніх.

Як распавялі самі дзеці, яны пабеглі гуляць у лес, дзе знаходзіцца вайсковы палігон. Яны даганялі адзін аднаго і не заўважылі, што заблукалі.

Спрабуючы выбрацца, хлопчыкі так шмат пятлялі, што гэта збіла са следу пошукавага сабаку.

Дзеці блукалі па лесе да раніцы, нават паспелі крыху паспаць пад кустом. Калі хлопчыкаў знайшлі, ім аказалі псіхалагічную дапамогу, адагрэлі.

У шпіталізацыі дзеці патрэбы не мелі. І нават былі не надта напалоханыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?