Настасся Азарка з Нясвіжа.

Настасся Азарка з Нясвіжа.

Што тады насамрэч адбывалася — ніхто ўжо ня скажа. Чыёй віны было болей — таксама.

Тады ў нас вёсак не было, а былі хутары. Калі пачалася вайна, Сашы было 15, Мані — 13. Была ў Сашы стрыечная сястра Наташа. І была яна замужам за камуністам. У памяці людзей засталося гэтае прозьвішча, якое доўгі час наводзіла на ўсіх партыйных актывістаў ды простых людзей самы натуральны жах і якое па гэты дзень узгадваюць шэптам. Дэмух Мікалай. І пайшоў ён на фронт. Кажуць, што да жанчыны пачаў заляцацца нейкі ўпаўнаважаны. Жонка напісала пра гэта мужу, той вярнуўся дадому. Забіў упаўнаважанага. А далей…

Назад — расстраляюць за дэзэртэрства. Тут заставацца — ці то ўжо ўзяў страх, ці то сумленьне, ці то што яшчэ. Сышоў у лес. Да партызанаў.

Гэта ў падручніках пра партызанаў пішуць, што яны героі. А насамрэч не разьбярэш, хто лепшы — чужак з цукеркаю ці свой партызан з аўтаматам…

Знайшоў групоўку людзей, якая хавалася таксама, з розных прычынаў. У прынцыпе, гэта стандартны варыянт. І пачалося. Можа, і не хацеў забіваць, але ў вайну ўсё сьпісвалася на вайну. Падумаць і пакаяцца можна было потым… калі пасьпееш.

Кіраваў бандаю з шаснаццаці чалавек (а можа, іх было болей ды ня ўсіх схапілі ці зь цягам часу засталося столькі) Раманчук з Баяраў.

Былі грошы. Былі магчымасьці трымаць каля сябе людзей. І па-добраму, і з пагрозамі. Гэта таксама пляма ў нашай гісторыі, ня ведаю, ці чорная, ці белая… Ніякай ідэалёгіі яны ня мелі. Гэта пасьля пачнуць усё валіць на нацыяналістаў. Таксама фальшыва.

Банда брала на сябе залішне рызыкі. Рабавалі, забівалі, зьдзекаваліся. Расстралялі камуністычных дзеячаў…

Дэмух клікаў у сваю банду й майго дзеда, якому тады было каля дваццаці. Але той з вайны вярнуўся з мэдалямі й на мыліцах, з падстрэленай нагою. У 1946 г. ажаніўся. Маладая жонка, маленькае дзіця. Якая банда?! Але злачынцы зрабілі налёт на мясцовую краму, а потым тое, што скралі, знайшлося закапаным на дзедавым гародзе… Помста? Падстава? Зноў-такі, безвыходнасьць?

І ці не ад безвыходнасьці Дэмух з галаварэзамі наважыўся пры канцы свае шалёнае эпапэі (1949 год) «прыйсьці» ў Квачоўскі сельсавет падчас сходу актывістаў пад кіраўніцтвам намесьніка старшыні райвыканкаму Бірукова… Была жорсткая разьня, падчас якой Дэмуха падстрэлілі.

Уначы ён і некалькі ацалелых бандзюкоў, узброеныя, уваліліся да дзеда ў хату.

Гэта цяпер лёгка казаць, што маглі б не пусьціць і справы не было б. Гэта цяпер лёгка ўсіх вінаваціць. А тады што б зрабіў малады хлапец, якому толькі споўнілася 23 гады, якому балюча было стаяць на цяжка параненай назе, калі побач была яшчэ зусім маладзенькая жонка й паўтарагадовы сын? А хтосьці знайшоўся добразычлівы, хто гэта бачыў.

Якое ў той час сьледзтва? На гары схаваўся забойца, да таго ж сваяк, а на гародзе пакрадзеныя з крамы рэчы… вінаваты. У сваяцтве са злачынцам. Кампаньнік. У тым, што своечасова не паведаміў, куды патрэбна. А калі ты вінаваты, то й жонка твая, вядома, таксама. А пра маці з бацькам і гаварыць няма чаго. Усіх, пад корань, на Калыму. У Салаўкі. У Джэзказган. Паўвёскі тады вымелі. Больш як сто чалавек.

Справу вёў падпалкоўнік М.А.Аршынаў. Цікава было б даведацца, што зь ім сталася… Спачатку забралі маіх прадзеда Фёдара й прабабку Соф’ю. Потым дзеда Сашу. Потым і па бабу Маню прыйшлі.

І вось тут ужо пачатак новае гісторыі. Баба Маня хацела ўзяць з сабою дзіця. Майго дзядзьку. Міліцыянт, які яе арыштоўваў, пачаў упрошваць, каб яна пакінула сына, ня брала з сабою. Таму што іх усё роўна разлучылі б. Забралі б хлопчыка ў дзіцячы дом, а там — іншае прозьвішча, іншае імя, іншая біяграфія… Згубіліся б назаўсёды.

Спытаеце, адкуль знайшоўся такі, сардэчны? Але ж знайшоўся! Мар’ян Ёсіфавіч Янчэўскі. Самому тады было 25. Ці ж дзядзька не разумеў, што ў гэтай дурной справе ну хай сабе хлапец вінаваты, што своечасова не сказаў, ня здаў, а можа, і дапамагаў насамрэч, бо баяўся за жонку зь дзіцем. А можа, і у вайну зь імі ведаўся, раз сваякі… Але якая сувязь са страшнаю бандаю ў гэтае дзяўчыны, што й сама яшчэ дзіця, а ўжо на руках малое? У бабы бабскі клопат…

Яму быў дадзены загад. І ён мусіў яго выконваць. Гэта цяпер лёгка казаць — а мог і не, мог сысьці з органаў, мог перайсьці ўвогуле ў штаб, каб ня бачыць і ня чуць, каго… Ня мог! Сам бы пайшоў па этапах, і гэта ў мяккім варыянце. Каб не панесьлі. Жыць хацелася ўсім. А тое, што даводзілася вось такіх вось дзяцей кідаць у турмы, лягеры, ссылкі, дык час быў такі. Магчыма, дзяўчына спадабалася Мар’яну, магчыма, ён ужо й сам разумеў, што яна ні ў чым не вінаватая, і таму стараўся як мага дапамагаць ёй ды іншым дзяўчатам у этапе.

Бабуля пакінула сына ў роднай вёсцы, а сама паехала па лягерах. Аўгуста потым забрала да сябе бабуліна сястра Эфця. Гадавала, пакуль Маня вярнулася.

Шмат давялося прайсьці дзядулю й бабулі, перш як лёс зусім выпадкова ізноў зьвёў іх разам. Дзед быў ва Ўладзіміры — сядзеў у зачыненай турме. Трымаў галадоўку. У Куйбышаве сядзеў, Іркуцкай вобласьці, у Тайшэце і Брацку, і, нарэшце, Казахстан — горад Джэзказган. Назва якая — нібы пясок на зубах. Мужчынскі й жаночы лягеры. Яны сустрэліся там. Маладосьць брала сваё. Ухітраліся ладкаваць таемныя спатканьні. Дамаўляліся з ахоўнікамі, таварышамі, сядзелі ў карцэрах, але ўжо болей не выпускалі адно аднаго з поля зроку.

Потым быў 1953 год. Сьмерць Сталіна перакуліла сьвет з ног на галаву. Пераглядаліся справы. Пераглядаліся вінаватасьці. Амністыя прыйшла да бабулі ў 1954 годзе, да дзядулі — у 1956 годзе.

Вярнуліся дадому. Да сына. Да сям’і. Пачалі адбудоўваць наноў двойчы пакалечанае жыцьцё. Але

таго маладзенькага міліцыянта бабуля й дагэтуль узгадвае зь вялікаю ўдзячнасьцю і добрымі словамі. Міліцыянт аказаўся больш чалавечным, чым стрыечны дзядзька. Разумею, што пра гэта было б лепей таксама прамаўчаць, таму што гаворка ідзе пра Якуб Коласа.

Падчас перасьледу мы зьвярталіся да яго з просьбаю дапамагчы. Уратаваць. Паслабіць прысуд. Ён збаяўся. Вядома, і тут трэба казаць пра тое, што час быў такі. Нават калі й паспрабаваў бы Якуб Колас зрабіць хоць што-небудзь, то ўсё адно не дапамог бы, а, мала таго, і сам бы заграз у той багне. Можна цяпер казаць, што час чумы прабачае ўсё. І страх, і адступніцтва. Але хіба можна зразумець дарослага сталага чалавека, якому бліжэйшы быў статус Народнага пісьменьніка, чым лёс нікому не вядомае няшчаснае дзяўчыны, аднае зь мільёнаў…

Дэмух адсядзеў усе дадзеныя яму 25 гадоў. Хворы й разьбіты недзе яшчэ доўга бадзяўся, перш як аднойчы ноччу вярнуўся ў родную вёску. Ноччу ж і памёр. І ноччу яго пахавалі. Баяліся.

Ягоная ўнучка, Ілона Мікалаеўна, была маёй першай настаўніцаю. Выйшла замуж. Цяпер яна матушка ў царкве ў Нясьвіскім раёне. Грэх дзеда быў занадта вялікім, і жанчына адмольвае яму пакаяньне.

Дзядуля й бабуля пасьля 1990 году падавалі ці не штогод на рэабілітацыю. І заўсёды прыходзіў адказ — яны былі асуджаныя правільна. Крыўдна. Дзед дажыў да васьмідзесяці. Памёр летась. Хворы. Ляжаў каля году.

Калі на мяне ў 2006 годзе была распачатая крымінальная справа за ўдзел у Маладым Фронце і міліцыянты ці не штодзень хадзілі па хаце, той страх, які яны здолелі ўтаймаваць за доўгае спакойнае жыцьцё, вярнуўся. Старым было цяжка й страшна. За мяне. За ўсіх нас. Разумелі, што тых павальных рэпрэсіяў ужо ня можа быць, што больш нікога ў турму не пацягнуць сьледам за мною, калі справа дайшла б да суду. Але было вельмі цяжка. Міліцыянты гэта бачылі, таму стараліся як мага супакойваць старых, казалі, што нічога страшнага ня будзе, што хутка ўсё скончыцца й скончыцца добра. Так яно й сталася.

Дзядуля моцна перажываў за ўсіх нас, маладых. Пасьля нашае маладафронтаўскае галадоўкі ён негалосна пераняў эстафэту й давёў яе да фіналу. Свайго фіналу. Ціха й спакойна.

Мой дзядзька Аўгуст, той самы хлопчык, пасьля таго, як мяне судзілі ў 2007 годзе і быў вынесены прысуд з абвінавачаньнем, фактычна адмовіўся ад сваяцтва са мною. Ня ведаю, ці то гэта таксама перажыты страх, ці то яны ставяць сябе вышэй за сваяцтва з крымінальнічкай (там у сям’і верхаводзіць жонка — магчыма, гэта яна ўвяла ідэю дзядзьку ў вушы)…

І нечаканы працяг гэтае гісторыі. Была для школьнікаў сустрэча з вэтэранам міліцыі ў нашым аддзеле МУС. Мар’янам Ёсіфавічам Янчэўскім. Пра гэта было напісана ў раённай газэце, адкуль я і даведалася, што чалавек, які некалі арыштоўваў бабулю, жывы і жыве ў нашым горадзе.

Вырашыла схадзіць да Мар'яна Янчэўскага ў госьці.

Дый нагода была — бабуля ўвесь час яго ўзгадвала, чаму б не зрабіць так, каб гэты чалавек ведаў, што на яго ніхто зла не трымае… Дзядок, які адчыніў мне дзьверы, выглядаў даволі бадзёра. Калі ж я растлумачыла мэту свайго візыту, твар ягоны дык і зусім прасьвятлеў. Ён памятае кожны эпізод з тых часоў ліхалецьця, памятае й маю бабулю, і маці майго дзядулі. Нават сам узгадаў іх імёны, ледзь толькі я нагадала пра год зьняволеньня.

Ён узгадаў і Дэмуха. Са спачуваньнем. Выказаўся, што няшчасны злачынец быў проста заблытаным чалавекам, якому насамрэч не было ўжо ніякага выйсьця, як толькі забіваць, забіваць, забіваць… Калі б знайшоўся хтосьці, хто мог яго своечасова спыніць, магчыма, пакараньне за страшныя ўчынкі панёс бы толькі адзін Дэмух альбо нашмат менш людзей, чым тады…

У гады ягонай маладосьці загады не аспрэчваліся. Забаранялася нават думаць над іхным сэнсам. Усе разважаньні пакідаліся на пасьля, калі ён заставаўся сам-насам з сабою, ды і то таемна нават ад самога сябе, таму што асэнсаваньне падзеяў прыводзіла да яшчэ больш страшэнных вынікаў. Мар’ян Ёсіфавіч вельмі хацеў спадзявацца, што з гэтых дзяўчатаў, якіх ён вымушаны быў арыштоўваць, хоць хто-небудзь выжыве, хоць хто-небудзь здолее вярнуцца. Ён прыехаў на нашу нясьвіскую зямлю ў 1942 г. ды так тут і застаўся. Усё сваё жыцьцё сп.Янчэўскі прысьвяціў адданаму служэньню народу і ніколі не забываўся пра тых, хто не безь ягонага ўдзелу быў вырваны з жыцьця, кінуты ў пустэчы Казахстану, на каго назаўсёды было пастаўлена кляйно ворага.

Я прыйшла да яго не з абвінавачваньнем, але з падзякаю. Падзякаю за тое, што ён застаўся чалавекам у нечалавечых абставінах.

Гэта й ёсьць адзін з хрысьціянскіх прынцыпаў: прабачыць сёньня ўчорашнім нашым ворагам. Мы ня маем права іх вінаваціць. За свае ўчынкі яны адкажуць перад Богам. А нам патрэбна маліцца пра іх пакаяньне й уратаваньне. І самае лепшае, што мы можам зрабіць для тых, хто насамрэч гэтага заслугоўвае, — падзякаваць за нястрачаную чалавечнасьць.

Таму што гэта і наш крыж таксама.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?