Сярод сённяшніх лукашэнкаўскіх прызначэнняў два датычацца абароннай галіны.
Так, новым дырэктарам кіруючай кампаніі холдынга «Геаінфармацыйныя сістэмы кіравання» ААТ «АГАТ» стаў Міхаіл Дземчанка, а ў дзяржаўным ваенна-прамысловым камітэце новы намеснік старшыні – Генадзь Смольскі, які дагэтуль узначальваў аддзел экспартнага кантролю і ліцэнзавання, у задачах якога значыцца «арганізацыя і вядзенне работы з краінамі СНД і іншымі міжнароднымі арганізацыямі».
Што значаць новыя прызначэнні для айчыннай «абаронкі»?
Сваю думку ў каментарыі «Нашай Ніве» выказаў ваенны эксперт Аляксандр Алесін.
Аляксандр Алесін. Фота Радыё Свабода
«Абодва кадравыя рашэнні датычацца абароннай сферы і нашага ваенна-прамысловага комплексу, усё гэта высокатэхналагічныя сферы. Таму можна падумаць, што гэтыя рашэнні мусяць паскорыць экспансію нашага ВПК на вонкавыя рынкі, падштурхнуць нашыя прадпрыемствы, каб яны больш агрэсіўна прасоўвалі свае інавацыйныя распрацоўкі», – мяркуе Алесін.
Тым больш, маўляў, сёння на рынку ўдалая кан'юнктура – паводле дадзеных агенцтва «Блумберг», аб'ёмы сусветнага гандлю зброяй у 2015 годзе склалі 65 мільярдаў даляраў.
«Нельга ўпускаць такую магчымасць зарабіць. Да таго ж, нашыя грамадзянскія галіны прабуксоўваюць, а рост назіраецца толькі ў ВПК. Таму, мне здаецца, новыя прызначэнні пакліканыя падхапіць гэтыя тэндэнцыі росту і развіць іх. Абвастрэнні сітуацыі вакол Кітая і яго суседзяў, вайна на Блізкім Усходзе, зацікаўленасць усходніх манархій у нарошчванні войскаў – усё гэта адкрывае магчымасці для паставак нашай прадукцыі, абяцае попыт і грошы», – сказаў Алесін і падкрэсліў, што папярэднікі новых прызначэнцаў наўрад ці ў чымсьці вінаватыя, проста справа ў энергічнасці.
«Калі чалавек доўгі час знаходзіцца на сваёй пасадзе, то відавочна, што ён не здольны быць такім агрэсіўным і дынамічным, як толькі што прызначаны. І ўсё тлумачыцца менавіта жаданнем паскорыць развіццё ВПК і АГАТа – цэлага кансорцыума высокатэхналагічных прадпрыемстваў у сферы электронікі і праграмнага забеспячэння», – падсумаваў Алесін.