Неяк адначасова старшынём барысаўскай суполкі партыі БНФ Сяргеем Салашам зацікавіўся КДБ і падатковыя службы.

Гэта здарылася літаральна на наступны дзень пасьля таго, як Лукашэнка даў загад Зянону Ломацю праверыць даходы «прафэсійных апазыцыянэраў». Нядаўна ж палітык даведаўся, што ягоная і бацькоўская кватэры знаходзяцца пад арыштам яшчэ з 2006 году — гэта адзіны такі выпадак у краіне. Менавіта з такіх апошніх навінаў і пачалася наша размова.

«Наша Ніва»: Што за гісторыя ў цябе склалася? Адкуль такая цікавасьць да тваёй асобы?

Сяргей Салаш: Нашая мясцовая ўлада вельмі доўга да мяне падбіраецца, аж з 2003 году, калі ў мяне была пасьпяховая выбарчая кампанія на мясцовых выбарах. Да такой ступені пасьпяховая, што вэртыкальшчыкі былі вымушаныя даваць паказаньні ў Менскім аблсудзе, правесьці там цэлы дзень. Напэўна, з таго часу яны шукалі, як мяне дыскрэдытаваць. Летась, падчас мясцовых выбараў, мяне проста закрылі на пяць сутак арышту. Спрабавалі нават завесьці крымінальную справу, нібыта я некаму тэлефанаваў і пагражаў з прадстаўнікоў вэртыкалі.

У тым БНФ, які ён цяпер, кар’еру мне рабіць ня хочацца. Лёзунгаманія не падабаецца.

Цяпер прыдуманы новы вычварны спосаб уціску — ударыць па маіх даходах, сям’і і ўласнасьці. Мая кватэра і бацькоўская цяпер фактычна знаходзіцца пад арыштам. У такім стане яны ад канца 2006 году, але ніхто нам пра гэта не паведамляў, не было нават нашэптваньняў на вуха. Я пра гэта даведаўся толькі пасьля сьмерці бацькі, калі быў вымушаны займацца маёмаснымі справамі. У барысаўскім БТІ адна супрацоўніца з усьмешкай мне сказала: «Вы, напэўна, прэтэндавалі на нейкія пасады». Адказалі, што гэта ініцыятыва Маскоўскага РУУС Менску, але там мне паведамілі, што ніякі арышт яны не накладалі. Спрабую высьветліць дакладную інфармацыю, адкуль растуць ногі ў гэтай справы. Думаю, з КДБ. Бо гэтая ўстанова апошнім часам пачынае цікавіцца абсалютна ўсім, чым я жыву, дыхаю, займаюся. Ім справа нават да месца маёй юначай працы, калі я працаваў на чыгунцы. Ведаю, што мяне праслухоўваюць, бо ў 2003 годзе падчас аднаго з затрыманьняў паказвалі раздрукоўкі маіх тэлефонных размоваў і смс‑ак. Летась была спроба ўсталяваць апаратуру для праслухоўваньня на маёй кватэры. У 2006 г. адзін чэкіст абышоў усе кватэры майго пад’езду. Цікавіўся ўсім: у колькі я сыходжу і прыходжу дадому, што пра мяне думаюць, як у мяне справы ў сям’і і г.д.

«НН»: Салаш такі небясьпечны для барысаўскіх уладаў?

СС: Абсалютна небясьпечны. Я не займаюся рэгістрацыяй нейкіх фантомных рухаў у Літве ці Ўкраіне. Я заўсёды ў Барысаве, і страшна непрадказальны. Я б’ю па самых балючых кропках. У мяне клясная маладая каманда.

«НН»: Дык па якіх кропках б’еш ты і твая каманда?

СС: Я не зьбіраўся кіравацца катэгорыямі: «Вось каб пажылі добра мае дзеці і ўнукі». Я сам хачу добра пажыць. Я хачу бачыць свой горад утульным для жыцьця — хачу, каб былі добрыя дарогі, каб ня білася падвеска ў машыне, хачу, каб мая жонка хадзіла па ходніках і не зьбівала абцасы, хачу, каб мая дачка магла гуляць на нармальных дзіцячых пляцоўках, хачу сам некалі выйсьці ў двор і пагуляць у футбол. І вось дабіваемся гэтага. У кожную такую кампанію зьбіраем па тысячы подпісаў, і ўлада вымушаная рэагаваць. Цяпер дамагаемся падземнага пераходу на вуліцы Гагарына, адной з самых небясьпечных у краіне. Усе кампаніі робяцца прынцыпова па‑беларуску.

«НН»: Я так слухаю і разумею, што ўсе твае кампаніі праходзяць з сацыяльнымі і эканамічнымі лёзунгамі.

СС: Высоўваюцца і палітычныя. Цяпер распрацаваная такая праграма, зь якой кожны жыхар гораду можа даведацца, што канкрэтна Барысаў можа атрымаць ад уваходу Беларусі ў Эўрасаюз. Вельмі важная празрыстасьць улады і магчымасьць уплываць на гэтую ўладу. Мы пастаянна пра гэта гаворым. Нашым каньком у Барысаве зьяўляецца нечаканасьць. Уладам цяжка нас спрагназаваць. Я адмыслова сёлета адпрацоўваю некалькі варыянтаў выбарчай кампаніі. Ад 2003 году ў нас ніводная кампанія не была падобная на іншую, сёлета яна таксама будзе адрознай.

Зразумейце сытуацыю, цяпер няма дакладных правілаў палітычнай гульні.

«НН»: Некалі сябар тваёй каманды эканаміст Зьміцер Бабіцкі казаў, што мо ня варта ўдзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах, бо ў людзей можа скласьціся ўражаньне, што ў выбарах удзельнічаюць тыя ж самыя людзі, але перамагчы яны ня могуць.

СС: Цяпер няма дакладных правілаў палітычнай гульні. Для мяне ў такой сытуацыі вельмі важны эфэкт нечаканасьці. Байкот таксама можа мець сэнс. Я не разумею аргумэнтаў: «Улада загоніць усіх людзей і нічога ня ўдасца». Для нас важна, каб людзі потым некуды выйшлі, пасьля таго, як будуць загнаныя на ўчасткі. Падчас байкоту можна выдатна зрабіць, каб у людзей зьявілася нейкае грамадзянскае пачуцьцё. У 2003 годзе, калі мяне не зарэгістравалі кандыдатам, шмат людзей прагаласавала супраць усіх, у тым ліку жаўнеры вайсковых частак Пячэй (40—45% паводле афіцыйных дадзеных). Летась мы таксама праводзілі нешта падобнае. Тады ж супраць мяне зноў спрабавалі завесьці крымінальную справу за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі «За чысты Барысаў». У пракуратуру выклікалі 14 чалавек. Пыталіся пра мяне, пра выданьне бюлетэню «Печы сёньня». У выніку я атрымаў пісьмовае папярэджаньне.

«НН»: Пад тваім кіраўніцтвам распрацаваная першая ў краіне стратэгія разьвіцьця рэгіёну.

СС: Мы разумеем, што тая стратэгія не дасканалая, але ад закла¬дзеных у ёй кірункаў дзейнасьці, што там заклалі, мы не адмаўляемся — рэфармаваньне прамысловасьці, сельскай гаспадаркі, адукацыі і г.д. Мы задаволеныя, што нешта з заплянаванага намі пачынаюць выконваць улады. Гэты дакумэнт на руках маюць барысаўскія вэртыкальшчыкі.

«НН»: У Пячах, дзе ты збольшага праводзіш свае кампаніі, досыць спэцыфічная публіка. Як удаецца зь імі працаваць?

СС: Гэтыя вайскоўцы, што жылі ў ГДР ці Чэхаславаччыне, бачылі больш‑менш якаснае жыцьцё. Гэтыя людзі памятаюць, якія Печы былі раней, у іх страшэнная незадаволенасьць тым, што адбываецца. Я ж патрапляю ў іх чаканьні. Зразумела, што працэнтаў 20 мяне ненавідзяць: БНФавец, беларуская мова, а лезе ў гэтыя справы. Але збольшага рэакцыя пазытыўная.

«НН»: Ты сябе адчуваеш агульнанацыянальным палітыкам ці ўсё ж лякальным лідэрам?

СС: Сёньня ў Барысаве ўсе сябе адчулі нацыянальнымі лідэрамі. Ламануліся з гораду, нібыта там ужо ўсе справы вырашылі. Цікава, напэўна, быць нацыянальным палітыкам, хаця і ня ведаю, бо ня быў. Усё ж я лякальны лідэр. Думаю, што ўсё яшчэ наперадзе. Я закладаю цяпер у родным горадзе моцны фундамэнт, і я яшчэ стартану.

«НН»: А герархічную кар’еру ўнутры БНФ рабіць ня хочаш?

Сяргей Салаш нарадзіўся 28 чэрвеня 1974 у Слоніме. Скончыў Жодзінскі палітэхнікум (1996) і гістфак БДУ (2002). У Партыі БНФ ад 1995 году. Жанаты, гадуе дачку Дамініку.

СС: Скажу адназначна і груба. У той партыі, якая яна цяпер, палітычную кар’еру мне рабіць ня хочацца. Шмат што расчаравала і надакучыла. Гэта не азначае, што я зьбіраюся рваць партбілет. Мне не падабаецца, што ўнутры нашай партыі перайшлі да лёзунгаманіі. Выстрэльваюць лёзунгамі, якія гаснуць у паветры, не даходзяць да грамадзтва, не ўспрымаюцца ім. Часта лёзунгі заўчасныя, як пра НАТО. Я ня супраць уваходу Беларусі ў гэты вайковы альянс, але пра гэта рана казаць. Я не хачу быць увесь час на маргінэсе.

«НН»: А калі прыйшло жаданьне займацца палітыкай?

СС:У 1987 годзе ў ГДР спрабавалі з хлопцамі слухаць замежныя радыёстанцыі. Я сачыў за рэвалюцыяй у Румыніі, калі скідвалі Чаўшэску. Вярнуўся ў Беларусь, а тут былі выбары. Шмат хто з гэтага пачынаў, з пачуцьця нацыянальнай ганьбы. Яшчэ большым змрокам быў рэфэрэндум 1995 году. Мяне ўжо тады спрабавалі высоўваць кандыдатам на мясцовыя выбары. Я абсалютна нічога не разумеў. Проста партыя сказала на Ўправе, што трэба больш кандыдатаў, мяне таксама запісалі ў гэты сьпіс. Надрукавалі праграму з расейскімі літарамі «і», а таксама з кучай граматычных памылак. Урэшце, праграмы гэтыя спалілі ў печцы.

«НН»: Як сын вайскоўца, які значную частку дзяцінства правёў па‑за Радзімай, прыйшоў да беларушчыны?

СС: У Беларусі я жыў да 1984 году. Беларускую мову вывучаў толькі год. Дзеці вайскоўцаў вызваляліся ад пісьмовай беларускай мовы. Некалі я ўзяў у рукі кніжку беларускіх казак «Людзей слухай, а свой розум май». Было страшэнна цікава. Нейкія словы не разумеў, але кніжку прачытаў. Жывучы пяць гадоў у Нямеччыне, я пастаянна згадваў пра гэтую кнігу. Штолета мы прыяжджалі да сваякоў на Гарадзеншчыну, дык аднойчы я знайшоў тыя казкі. Тады я ўжо быў страшэнна русіфікаваным, але зноў прачытаў кнігу да канца. Канчаткова ў Беларусі я апынуўся восеньню 1992 году. Пазнаёміўся з адным хлопцам, які пражывае ля Пячэй. Ён мне даказваў, што ў Беларусі ёсьць свая гісторыя і нацыянальныя героі. У шапіку набыў «Беларускую мінуўшчыну», якую чытаў па складах. Тады ўсё і пачалося. У выніку ў 1994 годзе галасаваў за Зянона Пазьняка. Літаральна за год адбылася такая моцная трансфармацыя. Вельмі моцна на мяне паўплываў гурт Depeche Mode. Дзякуючы ім я сьвядомасна і мэнтальна далучыўся да Эўропы. Асабліва важна гэта для мяне было ў Ашхабадзе.

«НН»: Доўгае жыцьцё за мяжой неяк адбілася на табе?

СС: Натуральна. Я часта апынаўся ў нейкіх пагранічных сытуацыях. Вось уяві, ГДР — сацыялістычная, але Заходняя Эўропа, і мне зь Нямеччыны давялося аказацца ў Ашхабадзе. Гэта як у Сярэднявеччы. У Туркмэністане бы¬лі вельмі цяжкімі стасункамі між людзьмі, можна ўдарыць дзяўчыну. У мяне там было шмат сутычак зь мясцовымі. Нават цуды баявога майстэрства паказваў, калі біўся адначасова з чатырма. Рознае было.

Гутарыў Зьміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0