У якім стане сёньня беларуска-расейскія дачыненьні? Ці можа афіцыйны Менск пазьбегнуць васальнай залежнасьці ад Расеі? Якія адносіны прыходзяць на замену старой схемы «нафта ў абмен на пацалункі»? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказалі палітолягі Андрэй Ягораў і Андрэй Паратнікаў. Вёў перадачу Віталь Цыганкоў.

Reuters

Reuters

Цыганкоў: Як можна ацаніць галоўныя вынікі сустрэчы ў Менску прэзыдэнтаў Беларусі і Расеі? Ці сустрэча зрушыла што-небудзь істотнае ў цяперашнім стане беларуска-расейскіх дачыненьняў? І як увогуле можна акрэсьліць цяперашні стан гэтых дачыненьняў ў стратэгічным сэнсе?

«Парадак дня гэтых інтэграцыйных праектаў даўно вычарпаны, новых ідэяў няма»

Паратнікаў: Вядома, гэтая сустрэча ніякіх стратэгічных пытаньняў ня вырашыла. Я ня ўпэўнены, што перад арганізатарамі гэтых мерапрыемстваў увогуле была пастаўленая такая задача.

Сёньняшні стан цяперашніх беларуска-расейскіх адносінаў я б назваў «паўзай» — яны нібыта «завісьлі». Бакі вырашаюць бягучыя пытаньні, якія зьвязаныя перш за ўсё з гандлёва-эканамічнай дзейнасьцю, узаемадзеяньню ў межах постсавецкіх інтэграцыйных структураў. Але казаць пра нейкія новыя прарыўныя ідэі, праекты ці напрамкі супрацоўніцтва не выпадае. І мне здаецца, што гэтая паўза працягнецца яшчэ даволі доўгі пэрыяд, і цераз увесь гэты пэрыяд казаць пра нейкія стратэгічныя сустрэчы не давядзецца.

Цыганкоў: А чым вы тлумачыце гэта? Ці прарывы немагчымыя, бо яны могуць парушыць нейкую раўнавагу, і непатрэбныя сёньня абодвум бакам? Ці кардынальныя зьмены тут немагчымыя паводле вызначэньня?

Паратнікаў: Парадак дня гэтых інтэграцыйных праектаў даўно вычарпаны, новых ідэяў няма. Тое, што мы бачым — гэта кругаварот старых ідэяў. Другі момант — з улікам эканамічнага крызісу на міжнародных адносінах пачынае адбівацца разнавагавасьць бакоў. Усё ж Расея — вялікая краіна, якая мае свой інтарэс, глябальны. Гэты інтарэс у першую чаргу зьвязаны з палітыкай і іміджам. А Беларусь, як сярэдняя краіна, у першую чаргу цікавіцца прыземленымі, утылітарнымі рэчамі — эканамічным супрацоўніцтвам, адзіным рынкам для краінаў эўразійскай эканамічнай прасторы.

У выніку — кіраўніцтва двух краінаў пачынае разважаць аб розных тэмах, і гэтыя тэмы не супадаюць. Таму мы і назіраем гэтую паўзу, а мне здаецца, што яна працягнецца даволі доўга.

«Каб выжываць асобна і незалежна ад Расеі, трэба ісьці на іншую мадэль разьвіцьця — будаваць эфэктыўную рынкавую мадэль»

Цыганкоў: Андрэй Ягораў, можа гэтая «паўза» — проста зацішша перад навальніцай, і можа разьвязацца ў той ці іншы бок?

Ягораў: Ёсьць пэўнае стратэгічнае супярэчаньне паміж усімі інтэграцыйнымі праектамі на постсавецкай прасторы і рэальнымі інтарэсамі краінаў. Інтэграцыйныя працэсы, што зацягваюць краіны ў прастору, якая ідзе ў іншы бок ад усяго цывілізаванага сьвету — супярэчаць рэальным і прагматычным інтарэсам незалежных краінаў. Мы хочам жыць нармальна і незалежна, але эксплюатаваць інтэграцыйны пасыл, каб атрымліваць дадатковыя рэсурсы на падтрыманьне незалежнага эканамічнага і палітычнага жыцьця. Таму ўзьнікае натуральны парадокс, які паралізуе ўсе інтэграцыйныя захады на постсавецкай прасторы.

Тое, што адбылося ў Менску — гэта чарговае мерапрыемства, якое рытуальна абслугоўвае дыскурс інтэграцыі, але пры гэтым маскіруе адсутнасьць рэальных працэсаў збліжэньня.

Ці можа гэта быць радыкальна разьвязанае ў той ці іншы бок? Відаць, пэўна, што Расея можа рабіць захады, як у дачыненьні да Ўкраіны. Але ці будзе гэта зроблена ў адносінах да Беларусі? У найбліжэйшы час, хутчэй за ўсе, — не.

Цыганкоў: Чаму працягваюць існаваць усе гэтыя інтэграцыйныя структуры? Чаму Лукашэнка зноў гаворыць пра «малодшага брата»?

Ягораў: Ён гэта робіць для працягу эксплюатацыі расейскіх рэсурсаў на сваю карысьць. Каб выжываць асобна і незалежна ад Расеі, трэба ісьці на іншую мадэль разьвіцьця — будаваць эфэктыўную рынкавую мадэль. Гэта пагражае, падрывае ягоныя асновы легітымнасьці, бо эканамічная лібэралізацыя можа пацягнуць і палітычную, і гэтак далей. Лукашэнка гэта разумее, таму інтэграцыйны дыскурс ды магчымасьць атрыманьня субсыдыяў на падтрыманьне цяперашняй сыстэмы (каб абыходзіцца без рэформаў) яму неабходны.

Але рэальныя інтарэсы краіны патрабуюць іншага. Таму Лукашэнка бегае паміж дзвюма гэтымі ініцыятывамі, адначасова падтрымліваючы і незалежнасьць, і імкнучыся атрымаць ад Расеі субсыдыі на неэфэктыўную палітыка-эканамічную мадэль.

Цыганкоў: Гэта схема «нафта ў абмен на пацалункі», але ў апошнія гады загаварылі пра яе зварочваньне. Эканамічны крызіс, а на дадатак на фоне ўкраінскіх падзеяў — Расея пачала па-іншаму цаніць гэтыя абдымкі. Дык ці будзе Масква і далей плаціць у ранейшых аб’ёмах? Расея становіцца больш сквапнай ці проста ўсе больш патрабуе за свае грошы?

«Гэта ўжо расейскія эліты, у значнай ступені шавіністычныя»

Паратнікаў: Сыстэма «грошы ў абмен на пацалункі» нарадзілася яшчэ ў 90-я, калі ў Расеі рэй вялі людзі савецкія — былая партыйная і савецкая намэнклятура. І для іх было вельмі псыхалягічна важна захаваць гэтую «еднасьць», «братэрства». Для іх гэта былі не пустыя словы, і за гэта яны былі гатовыя плаціць.

Цяпер жа ў Расеі канчаткова адбыўся пераход да іншай сыстэмы элітаў. Гэта ўжо расейскія эліты, у значнай ступені шавіністычныя. У іх падыход зусім іншы: «Мы не браты. Альбо вы нашы васалы, альбо далучайцеся да нас».

Цыганкоў: Няўжо для Расеі няважная мантра «Беларусь як апошні саюзьнік»? А трыадзінства славянскіх народаў? Калі адзін брат адшчапенец (Украіна), гэта яшчэ можна назваць памылкай, а калі абодва — гэта ўжо разлом схемы «трох братоў».

Паратнікаў: Я думаю, гэта ўжо ня надта важна. Калі паводле расейскіх шавіністаў украінскую мову стварылі ў «Аўстра-Вугорскім Генштабе», то і беларускую мову «польская дэфэнзыва стварыла». Хто ведае, якія дзівосы мы праз год пачуем з расейскага тэлебачаньня. Размова пра славянскае братэрства сябе ўжо вычарпала. Яна калі і працуе, дык толькі на ўзроўні агітацыі і прапаганды для публікі. Але і там збольшага па інэрцыі.

Усё ж цяпер у Крамлі пераважна цынічныя людзі, якія ўмеюць карыстацца калькулятарам. І праблема ў тым, што гэтыя людзі арыентаваныя на працяглае супрацьстаяньне з Захадам. Нават у жорсткіх формах. Таму, мне здаецца, што эксплюатаваць далей гэтую старую схему будзе немагчыма.

Але тут яшчэ ёсьць чыньнік Эўразійскай эканамічнай прасторы. Беларуская эканамічная і палітычная сыстэма можа існаваць толькі пры ўмове расейскай дапамогі. Зь іншага боку, цалкам відавочна, што краіны, якія аб’ядналіся ў Эўразійскі саюз, маюць мэту даіць Расею. А не таму, што там ёсьць нейкая база каштоўнасьцяў. Таму тут ёсьць такая пастка: калі ў Беларусі сытуацыя пасыплецца — як гэта будзе выглядаць з гледзішча іншых партнэраў Крамля па эўразійскай інтэграцыі? Ці ня будзе гэта дыскрэдытаваць саму ідэю саюзу з Расеяй?

Таму можна чакаць, што расейская падтрымка ў крызіснай для Беларусі сытуацыі прыйдзе. Але вось на якіх умовах яна прыйдзе — гэта ўжо іншае пытаньне. Але проста даць грошы і забыць пра іх, як некалі, — гэтак ужо ня будзе.

Цыганкоў: Наколькі мы ведаем Аляксандра Лукашэнку, такая схема, дзе Беларусь васал і падначалены, яму яўна не спадабаецца. Калі ж Масква ўсё больш будзе націскаць на такі тып адносінаў — якія козыры мае Менск, каб адстойваць сваё бачаньне?

Ягораў: Галоўнае — ня тое, што гэта не спадабаецца Лукашэнку. Галоўнае — гэта не ў інтарэсах краіны. У тым ліку для любых элітаў, нават прарасейскіх. Яны б хацелі працягвалася мадэль «роўных» адносінаў.

Актуальная сыстэма атрымлівае жыўленьне зь вельмі моцнай сымбалічнай базы. Таму ж расейскаму рэжыму патрэбныя нейкія прапагандысцкія посьпехі, стварэньне «прасторы расейскага сьвету», дзе Расея дамінуе і гэтак далей. Ім важна не рэальная сытуацыя, а менавіта тыя пацалункі, стварэньне гэтых ідыёцкіх графіці, якія можна паказаць па тэлебачаньні.

Таму, гэтая схема можа яшчэ доўга эксплюатавацца, калі яна прыносіць свае вынікі, дае Пуціну і Лукашэнку рэйтынг ды перавагі ў вачах электарату. Мне падаецца, што гэта яшчэ можна доўга эксплюатаваць, а той расейскі цынізм і прагматызм, пра які казаў Андрэй Паратнікаў, — немагчымы без гэтай сымбалічнай падтрымкі.

Цыганкоў: Некаторыя аналітыкі сьцьвярджаюць, што Лукашэнка падыгрывае Крамлю ў ягоных фобіях і жаданьнях, але адначасова робіць крокі ўбок ад Расеі. Ці сапраўды Беларусь дэ-факта паціху адыходзіць ад Расеі, але проста ня кажа пра гэта публічна?

«Вядома, для нас было б больш карысна, каб гэты дрэйф на Захад адбываўся разам з Расеяй»

Паратнікаў: Гэта адбываецца, і гэта відавочна. Але я сумняюся, што аддаленьне ад Расеі — гэта мэтанакіраваная і асэнсаваная палітыка беларускіх уладаў.

Ёсьць некалькі простых рэчаў, чаму гэта незваротна. Па-першае, у кіраўніцтве Беларусі на зьмену савецкім людзям прыходзяць тыя, якія большую частку жыцьця пражылі ў незалежнай Беларусі. Па-другое, Расея фактычна не зьяўляецца канкурэнтаздольнай краінай. Яна не дэманструе ані эканамічную эфэктыўнасьць, ані прывабнасьць палітычнай мадэлі. Яна ня ў стане генэрыраваць неабходныя тэхнічныя інавацыі, культурныя, ідэалягічныя мадэлі. Аб’ектыўна гэтая нізкая канкурэнтаздольнасьць Расеі не пакідае Беларусі іншага выхаду, як дрэйф у бок больш моцнага цэнтру прыцягненьня — Захаду.

Гэта непазьбежныя рэчы. Вядома, для нас было б больш карысна, каб гэты дрэйф на Захад адбываўся разам з Расеяй, каб яны эўрапеізаваліся разам з намі. Але, на жаль, адбылося тое, што адбылося — Расея замыкаецца ў сабе.

Ягораў: Я б не сказаў, што гэта мае нейкі кіраваны характар. Ідуць натуральныя працэсы існаваньня незалежнай краіны, ідзе эўрапеізацыя Беларусі інфраструктурнага парадку — ад транспартнай да культурнай, гандлёвай сфэры. Гэта адбываецца незалежна ад волі беларускага кіраўніцтва, і гэта натуральны працэс, які будзе працягвацца, калі яму моцна не замінаць.

Апошнія дзеяньні Беларусі вынікаюць з натуральных інтарэсаў незалежнай краіны. Але ў гэтым няма адыходу ад папярэдняй палітыкі мяккай інтэграцыі з Расеяй. Нават тое, што робіцца ў дачыненьнях з Эўразьвязам — гэта аднаўленьне больш-менш нармальных стасункаў з Эўропай. Яны пакуль нават не дайшлі да таго ўзроўню, які мае Расея ў адносінах з Эўразьвязам. Таму, Беларусі ёсьць куды ісьці — нават без усялякіх крокаў «убок ад Расеі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?