Напярэдадні прэзентацыі свайго рамана «Варашылаўград» вядомы ўкраінскі пісьменнік Сяргей Жадан разам з беларускімі калегамі Андрэем Хадановічам, Ігарам Бабковым і Паўлам Касцюкевічам абмеркавалі літаратуру і грамадства ў кнігарні «Логвінаў».

Бабкоў пачаў сустрэчу з жарта: «Гэта будзе такая інтымная размова з элементамі порнагламуру…».

Ігар Бабкоў

Ігар Бабкоў

Хадановіч падтрымаў, паведаміўшы, што ён з Касцюкевічам адказвае за порна, адпаведна Жадану з Бабковым застаецца гламур.

Пра Алексіевіч і Парашэнку

Ігар Бабкоў удакладніў, што, калі без жартаў, то гаворка пойдзе пра падабенства і адрозненні беларускай і ўкраінскай літаратуры. Ён адразу агучыў думку, што гэтыя дзве літаратуры ідуць у розных кірунках. Ён падкрэсліў, што іх цікавасць і хаваецца менавіта ў адрозненнях, а не ў штучным падабенстве.

«Такая ідэя паўстала пасля паўгода нашых дыскусій і спробаў зразумець Украіну», — сказаў Бабкоў.

У сваю чаргу, Сяргей Жадан адказаў, што каля паўгода абмяркоўваў Беларусь – пасля атрымання Святланай Алексіевіч Нобелеўскай прэміі:

«У мяне склалася вельмі суб’ектыўнае ўражанне, што ва Украіне гэтаму радаваліся больш, чым у Беларусі. І гэта сведчыць пра тое, што сапраўды ёсць вялікая сімпатыя да Беларусі і беларусаў. Так, было шмат нюансаў, і радасць была рознай, і было шмат заўваг і да Алексіевіч, і да статусу, і да мовы… Але мяне ўсцешыла, што рэакцыя была вельмі пазітыўнай».

Хадановіч адзначыў, што Парашэнка парадаваўся беларускаму Нобелю раней за беларускую ўладу.

«Наш прэзідэнт вельмі добра дае рады і з сацсеткамі, і з рознымі інфармацыйнымі нагодамі. Увогуле, ён быў бы нашмат лепшым спічрайтэрам нашага прэзідэнта, чым нашым прэзідэнтам», — адгукнуўся Жадан.

Андрэй Хадановіч

Андрэй Хадановіч

Пра падабенствы і адрозненні

Украінскі пісьменнік адзначыў, што і ў беларускай, і ва ўкраінскай літаратурах нярэдка прысутнічае «посткаланіяльны сіндром, які мы самі сабе навязваем». А ўвогуле, на думку Жадана, паміж нашымі літаратурамі шмат падабенстваў, хаця б неабходнасць у пашырэнні ўплыву нацыянальнай мовы.

«У вас – 10 мільёнаў патэнцыйных чытачоў, у нас — каля 50. І ты сабе ставіш такую спартовую мэту да кожнага з іх неяк дайсці», — патлумачыў Сяргей Жадан.

Хадановіч адзначыў, што, акрамя падабенстваў, ёсць і розніца, і розныя не толькі літаратуры, але і іх спажыўцы.

«Украінцы [на чытаннях] там, дзе стаяць смайлікі – усміхнуцца, там дзе можна шмыгнуць носам ці заплакаць – пачнуць плакаць. Пару разоў нават падалі з крэслаў ад смеху. А беларусы стрымліваюцца, сур’ёзна і даверліва — а часам і скептычна — глядзяць табе ў вочы, а потым падыходзяць і дзякуюць: як было смешна, як хацелася рагатаць», — сказаў ён.

Пра сіндромы і стэрэатыпы

Хадановіч падзяліўся думкай, што часам Украіна і Беларусь гралі ролю своеасаблівых «сярэдняга і малодшага братоў», якія недалюбліваюць брата старэйшага. Жадан падкрэсліў, што ў любым выпадку, гэта і ёсць «комплекс старэйшага брата», да якога, можа, у рознай ступені, але схільныя абедзве нацыі. І гэта і ёсць наступствы таго самага посткаланіяльнага сіндрому, калі ты ўсе намаганні скіроўваеш на супрацьдзеянне камусьці ці чамусьці. Калі «сябруеш супраць», а не «за».

Ігар Бабкоў адзначыў, што нярэдка і беларусы, і украінцы прыдумваюць сабе навакольны свет, у тым ліку і бліжэйшых суседзяў. Жадан пагадзіўся, адзначыўшы, што і ва Украіне існуе шмат стэрэатыпаў, звязаных з Беларуссю.

«Частка ўкраінцаў свята перакананая, што ў Беларусі проста суперпрагрэсіўная сельская гаспадарка, а беларускі трактарыст жыве лепш за ўкраінскага айцішніка», — патлумачыў Жадан.

І таму, на яго думку, суседнюю краіну трэба не дадумваць ці прыдумваць, а прачытваць, пазнаваць, у тым ліку і праз літаратуру.

Пра расійскую культуру

Сяргей Жадан падкрэсліў, што, кажучы пра культуру ўкраінскую і беларускую, нельга абмінуць і культуру расійскую. Па яго словах, сёння культурнае жыццё Беларусі і Украіны рухаецца ўсё ж у адным кірунку, а расійская культура – у іншым.

Сяргей Жадан.

Сяргей Жадан.

«І гэтая адкрытасць свету, цікавасць да таго, што адбываецца па-за межамі свайго «гета» — характэрная прыкмета і вашай, і нашай культуры», — сказаў Жадан.

Па яго словах, раней (у дарэвалюцыйны, камуністычны перыяды) ніколі не было раўнапраўнага дыялогу паміж літаратурай расійскай і ўкраінскай, ён стаў магчымы толькі ў дзевяностых-нулявых, калі пісьменнікі дзвюх незалежных краін перакладаліся, сустракаліся, цікавілі адзін аднаго.

«Праўда, час ад часу у расіян вылазіць іх «унутраны Джугашвілі», які намагаецца выступіць такім «айцом народаў». І калі яму кажаш, што ў цябе іншы бацька, а «айцец народаў» табе не патрэбен, то ён страшэнна здзіўляецца. Але, негледзячы на гэта, за апошнія 15 гадоў завязаліся нармальныя адносіны, — распавёў Жадан. — Вось толькі ўсё змянілася пасля акупацыі Крыма і Данбаса».

Але ж, падкрэсліў ён, з тых, хто цікавіўся Украінай да вайны, большасць сваіх пазіцый не змяніла і пасля яе. Гэтыя людзі імкнуцца і па сёння прыязжаць ва Украіну і падтрымліваць яе.

«Таксама я лічу, што Расія сёння, у плане культуры і літаратуры, губляе сваю такую імперскасць. І прычына гэтаму — вайна ва Украіне, — дадаў Сяргей Жадан. — Бо Расія ўпершыню ў сваёй гісторыі страціла манаполію на рускую мову. Бо на Данбасе сёння рускамоўныя ваююць супраць рускамоўных. Раней такога ніколі не было. Да таго ж, напаўшы на Украіну, забраўшы Крым, Расія адрэзала сабе шмат рычагоў уплыву на Украіну і яе культуру. Так, як было раней, ніколі больш не будзе. Напрыклад, у нас заўсёды было шмат рускамоўных аўтараў, якія заўсёды ўспрымаліся як частка культуры расійскай. Але з пачаткам акупацыі шмат з іх пазначылі свае праўкраінскія пазіцыі, незалежна ад мовы, стаўшы часткай украінскага культурнага поля».

Пра абарону сваёй культуры

«У нас сёння актыўна абмяркоўваецца, ці варта ўводзіць пэўныя квоты на колькасць расійскіх кніг, музыкі. І я разумею, што калі б такая размова адбывалася ў Польшчы, то гучала б смешна, — расказаў Сяргей Жадан. – Але ж вось, на 25-м годзе незалежнасці мы павінны абмяркоўваць квоты для нацыянальнага культурнага прадукту. Гэта зневажальна, але ж сітуацыя такая. І да таго ж, калі з’явіліся санкцыйныя спісы тых расіян, хто падтрымлівае акупацыю Крыма, зніклі афішы Стаса Міхайлава, Лепса, Ваенгі. Сёння ў Кіеў едуць «Red Hot Chilli Peppers», «Muse», Ян Гілан. І я лічу, што варта было забараніць уезд Стасу Міхайлаву, каб прыехаў Ян Гілан. Я разумею, што для кагосьці гэта было часткай жыцця, і могуць на месца забароненых прыйсці нашы ваенгі і міхайлавы. Але свой нацыянальны рынак, ці то кніжны, ці то музычны, трэба падтрымліваць. Так робяць і ў ЗША, і ў Францыі, так робяць усе, хто разумее, што інфармацыйны рынак – таксама рынак, які прыносіць грошы. І важна, каб гэтыя грошы заставаліся ў тваёй краіне. І там, дзе ёсць да гэтага пытання рацыянальны і канструктыўны падыход, там ніхто не крычыць пра цэнзуру ці забарону».

***

Украінскі паэт і пісьменнік Сяргей Жадан у межах «Года ўкраінскай літаратуры» прэзентуе раман «Варашылаўград» і зборнік выбраных вершаў «Украінскія авіялініі», перакладзеных на беларускую. Адбудзецца прэзентацыя 15 чэрвеня а 19-й у галерэі «Ў». Акрамя аўтара, у імпрэзе бяруць удзел яго беларускія сябры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?