Найбольшую грамадскую небяспеку ўяўляюць так званыя зладзеі ў законе, а таксама «лідары» і «аўтарытэты» крымінальнага асяроддзя, якія кантралююць злачыннасць і адначасова імкнуцца ўплываць на працэсы, што адбываюцца ў нашых дзяржавах, заявіў кіраўнік МУС Беларусі Ігар Шуневіч 14 чэрвеня ў Гомелі на пасяджэнні аб'яднанай калегіі міністэрстваў унутраных спраў Саюзнай дзяржавы.

«У сувязі з гэтым неабходна працягнуць наступальную пазіцыю ў пытаннях недапушчэння кансалідацыі крымінальнага элемента, больш актыўна выкарыстоўваць увесь патэнцыял нашых ведамстваў», — прыводзіць словы Шуневіча аддзел інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Гомельскага аблвыканкама.

Міліцэйскі чыноўнік звярнуў увагу на тое, што тэма ўзаемадзеяння міністэрстваў унутраных спраў у сферы аховы грамадскага парадку і процідзеяння злачыннасці на транспарце таксама з'яўляецца не менш актуальнай у кантэксце геапалітычнага становішча, што складваецца ў краінах Еўрасаюза і на Блізкім Усходзе. «Гэта ў значнай ступені павышае рызыкі надзвычайных здарэнняў на аб'ектах транспарту Саюзнай дзяржавы, што мае вялікі транзітны патэнцыял, і патрабуе цеснага супрацоўніцтва ў вырашэнні задач, мэтай якіх з'яўляецца гарантаваная арганізацыя асабістай і маёмаснай бяспекі пасажыраў, недапушчэнне парушэнняў рэжыму функцыянавання чыгуначнага і паветранага транспарту», — заявіў міністр.

На калегіі абмяркоўваюцца пытанні ўдасканалення ўзаемадзеяння ў сферы барацьбы з арганізаванай злачыннасцю агульнакрымінальнай скіраванасці, а таксама аховы грамадскага парадку і процідзеяння злачыннасці на транспарце.

З дакладамі па першым пытанні выступілі начальнік галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Беларусі Мікалай Карпянкоў і начальнік галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку МУС Расіі Віктар Галаванаў.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?